Нечаканае, але заканамернае дасягненне камбайнераў талачынскага элеватара
Чарговую знамянальную старонку ўпісалі сёлета ў гісторыю сваіх дасягненняў хлебаробы Талачыншчыны. Экіпаж камбайна «Нью Холанд» УП «Талачынскі Элеватар-Агра» ў складзе старшага камбайнера Сяргея Спаткая і камбайнера Уладзіміра Белахонава (на здымку злева направа) намалаціў тры з паловаю тысячы тон збожжа, а разам з рапсам — больш за чатыры тысячы. Такіх паказчыкаў на адзін камбайн пакуль што не дасягаў ніхто ў раёне.
Сяргей і Уладзімір не з’яўляюцца пастаяннымі работнікамі элеватара, але ўжо другі год запар іх запрашаюць сюды на перыяд уборкі ўраджаю. Летась намалот экіпажа перавысіў дзве тысячы тон, што на той момант таксама было рэдкасцю для раёна. Тады, віншуючы камбайнераў з рэкордам, прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства і раённай улады пажадалі ім праз год стаць трохтысячнікамі. І вось добрае пажаданне спраўдзілася, нават з прыемным лішкам.
— Хоць гэта далёка не першая мая ўборачная і не першы рэкордны намалот, усё ж такога выніку я не чакаў, нават думкі не ўзнікала, што калі-небудзь намалачу аж чатыры тысячы, — прызнаецца Сяргей Спаткай.
Камбайнерскі стаж яго вялікі. Пачынаў юнаком на сваёй малой радзіме — у вёсцы Нізкі Гарадзец — памочнікам на камбайне «Дон». Цяпер ужо і машыны такія сталі гісторыяй, і тагачаснага нізкагарадзецкага сельгаспрадпрыемства «Талачынская Іскра» не існуе (яго землі яшчэ гадоў дзесяць таму ўвайшлі ў склад іншых гаспадарак), але Сяргей, змяніўшы некалькі месцаў працы, застаецца верным хлебаробскай справе. На працягу апошніх пяці гадоў працуе шафёрам у ДП «Коханава-ЖКГ», а калі паспявае хлеб, зноў бярэцца за штурвал камбайна. Так было і яшчэ раней, у перыяд працы ў Талачынскім райаграсэрвісе: увесь год кіраваў аўтамабілем, а як толькі наставала пара ўборкі, прымаў збожжаўборачную машыну. Зарэкамендаваў сябе добра, некалькі разоў уваходзіў у лік тысячнікаў, таму і памятаюць яго, і запрашаюць з году ў год у гарачую пару на дапамогу аграрыям.
Сакрэт сёлетняга поспеху экіпажа старшы камбайнер бачыць ва ўдалым спалучэнні адразу некалькіх фактараў. Па-першае, гэта новая, магутная тэхніка. Па-другое, не падвяла ўраджайнасць, асабліва — гібрыднага жыта. Яшчэ адна істотная спрыяльная акалічнасць — шырокі размах дзейнасці: уборку экіпаж праводзіў літаральна па ўсім раёне, ва ўсіх гаспадарках, якія разам з элеватарам падведамасныя інтэграванай структуры (Аршанскі КХП), так што было дзе разгарнуцца, раскрыць патэнцыял сваёй высокапрадукцыйнай машыны. І, вядома ж, усёй гэтай сукупнасцю спрыяльных абставін і тэхнічных магчымасцей неабходна ўмела, па-майстэрску скарыстацца, што і зрабіў экіпаж у складзе Сяргея Спаткая і Уладзіміра Белахонава. Сваёй дружнай, зладжанай працай, мэтанакіраванасцю і энтузіязмам яны дасягнулі на першы погляд нечаканага, а на самай справе зусім заканамернага высокага выніку.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
Нечаканае, але заканамернае дасягненне камбайнераў талачынскага элеватара,