Аграрыі Талачыншчыны дастойна прадставілі свой раён на абласным фестывалі-кірмашы (+фота)

1 октября 2019 15:15

Гасцінна сустрэла дэлегацыю Талачынскага раёна на чале са старшынёю райвыканкама Ягоравым С. В. і старшынёю раённага Савета дэпутатаў Мурашкам Г. Г. сталіца абласных «Дажынак-2019». Перадавікі і ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці Талачыншчыны з цікаўнасцю прагуляліся па  добраўпарадкаваным і ўпрыгожаным Браславе, сталі відавочцамі разнастайных забаўляльных відовішчаў і гледачамі культурнай праграмы, даведаліся пра вопыт сваіх калег з іншых раёнаў, атрымалі зарад бадзёрасці, энтузіязму, стымул да новых дасягненняў. Дарэчы, гаворачы пра дасягненні і ўзнагароды, нельга не адзначыць, што наш раён выглядаў на свяце дастойна — імёны кіраўнікоў і работнікаў нашых прадпрыемстваў неаднаразова гучалі ў ліку ўзнагароджаных, а значыць, іх прыклад таксама натхняў іншых удзельнікаў фестывалю-кірмашу на чарговыя здзяйсненні.

ФАКТАРЫ ПОСПЕХУ — ТЭХНАЛОГІІ І МЭТАНАКІРАВАНАСЦЬ

Вынікі сёлетняга земляробчага года на Віцебшчыне радуюць: валавы збор зерневых у параўнанні з леташнім вырас на 30 %. Але гэта зусім не мяжа, рэзервы росту яшчэ вялікія. На сённяшні дзень рэкордным па намалоце для Віцебскай вобласці з’яўляецца 1976 год, калі было атрымана 1452000 тон зерня. Пра гэта паведаміў, звяртаючыся з галоўнай сцэны свята з віншавальным словам, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Шарснёў М. М. Прычына недацягвання да патэнцыяльна магчымых паказчыкаў — неспрыяльная для земляробства кліматычная зона. Дажджлівыя і засушлівыя перыяды непрадказальна змяняюць адзін другога і часта ў зусім непажаданы для гэтага момант, стрымліваючы то пасяўную, то ўборачную кампанію, замаруджваючы рост і развіццё культур, аслабляючы іх устойлівасць супраць хвароб.

А клімат, як вядома, апошнім часам імкліва змяняецца ў цэлым на ўсёй планеце, так што чакаць лепшых часоў аграрыям не выпадае, трэба развіваць тэхналогіі і мабілізоўваць сілы дзеля павышэння эфектыўнасці вытворчасці і пераадолення неспрыяльных фактараў. Прыклады паспяховай работы ў гэтым напрамку ёсць, у тым ліку і ў Талачынскім раёне: дзякуючы выкарыстанню сучаснай магутнай тэхнікі і строгаму выкананню тэхналагічных патрабаванняў прадпрыемствы і асобныя іх работнікі па тых ці іншых напрамках выходзяць у лідары і на раённым, і на абласным узроўнях. Не стаў выключэннем і сёлетні год, пацвярджэннем чаму — пачэснае месца прадстаўнікоў Талачыншчыны на «Дажынках-2019».

НАШЫ ЛАЎРЭАТЫ

Аграрная галіна вобласці за апошнія пару гадоў заўважна змянілася ў арганізацыйным плане, і ў адпаведнасці з гэтымі зменамі лідары сярод сельгасарганізацый напярэдадні сёлетніх «Дажынак» былі вызначаны па розных напрамках вытворасці ў дзвюх намінацыях — прадпрыемствы, якія ўваходзяць у інтэграваныя структуры, і якія дзейнічаюць самастойна.

Талачынскі кансервавы завод трапіў у лік пераможцаў па вытворчасці рапсу, заняўшы трэцяе месца сярод прадпрыемстваў, якія не ўваходзяць у інтэграваныя структуры. Узнагароду калектыву дырэктар завода член Савета Рэспублікі Анюхоўскі А. В. атрымаў падчас цырымоніі, якая праходзіла ў актавай зале ўстановы адукацыі «Браслаўская гімназія». Там жа выйшлі на сцэну для атрымання прэмій старшы камбайнер УП «Талачынскі Элеватар-Агра» Спаткай С. С. і камбайнер Белахонаў У. А., якія таксама занялі трэцяе месца (пра дасягненне гэтага экіпажа мы пісалі незадоўга да «Дажынак» у нумары газеты за 25 верасня, а на сайце — тут).

У склад дэлегацыі ўвайшла вядомая і чытачам газет, і гледачам тэлебачання зусім яшчэ нядаўна ліцэістка, а сёння ўжо механізатар ААТ «Камсамольская праўда» Марыя Грушэцкая (на вышэйпрыведзеным здымку — другая злева, з букетам). З мэтаю стымулявання далейшай працы ў сельскагаспадарчай галіне старшыня аблвыканкама Шарснёў М. М. у ходзе цырымоніі ўшаноўвання хлебаробаў на галоўнай святочнай сцэне (у лесапарку «Леснічоўка») уручыў дзяўчыне сертыфікат на персанальны трактар «Беларус-82» (машына будзе замацавана ў гаспадарцы за Марыяй).

За паспяховую падрыхтоўку кадраў узнагароджана і адукацыйная ўстанова, пасля заканчэння якой Марыя Грушэцкая прыйшла на сваю цяперашнюю працу: дырэктару Коханаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя Рэцкаму В. Г. былі ўручаны сертыфікаты на два такія самыя трактары.

ДОМА — ДАБРАБЫТ, СЯРОД СУСЕДЗЯЎ — АЎТАРЫТЭТ

Адсвяткаваць любімае беларусамі свята і парадавацца разам з намі за дабрабыт і ўпэўненасць у заўтрашнім дні прыехалі ў Браслаў госці з-за межаў краіны. Цёплымі пачуццямі, якія выклікаў у яе горад, падзялілася латвійскі консул Сінція Паўра. Задавальненне плённым супрацоўніцтвам з беларускімі калегамі і партнёрамі выказаў дырэктар ААТ «Пецярбургскі трактарны завод» Серабракоў С. А. А яго суайчынніца — заслужаная артыстка Расіі спявачка Варвара (менавіта так гучыць яе сцэнічны псеўданім — толькі імя) пацешыла публіку песнямі ў сваім выкананні і, развітваючыся, пажадала, каб традыцыя «Дажынак» мацнела і развівалася, як «Славянскі базар». Абодва гэтыя фестывалі, на думку творчай госці, з’яўляюцца дзейснымі сродкамі паглыблення супрацоўніцтва і ўмацавання добрасуседскіх адносін паміж нашымі краінамі.

ПРЫРОДА ПАСПРЫЯЛА — І СВЯТА ЎДАЛОСЯ

Як ні банальна гаварыць пра надвор’е, усё ж нельга не адзначыць адно цікавае супадзенне, дзякуючы якому свята прайшло цудоўна. З раніцы было пахмурна і ветрана, але як толькі дэлегацыі раёнаў пастроіліся для шэсця, горад асвятліла і сагрэла сонца. Праз якую гадзіну яно схавалася, але мяккая, спакойная атмасфера панавала да завяршэння ўрачыстасцей на галоўнай сцэне. Літаральна праз пару хвілін пасля таго, як вядучыя аб’явілі пра завяршэнне цырымоніі ўзнагароджвання і канцэртнай праграмы, пачалі прарывацца кроплі дажджу, а яшчэ праз якіх паўгадзіны ён шчодра ліў. Але быў ужо вечар, пятая гадзіна, і ўсе паспелі абысці адметныя мясціны горада, паўдзельнічаць ва ўсіх забавах, пакаштаваць прысмакаў і набыць сувеніры, так што свята ўдалося.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)
Аграрыі Талачыншчыны дастойна прадставілі свой раён на абласным фестывалі-кірмашы (+фота), 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене