Талачынская гасцініца: ад чурбаноў замест табурэтак — да тэлевізара ў кожным нумары

13 декабря 2019 13:39

Сёлета споўнілася 55 гадоў талачынскай гасцініцы. Са старонак газеты «Сцяг Ільіча» за 13.02.1964 г. Міжкалгасбуд абвясціў пра ўзятыя на сябе абавязальніцтвы, у тым ліку — «закончыць і здаць гасцініцу ў Талачыне». А ўжо 25 жніўня ў раёнцы змешчаны фотаздымак новага аб’екта, уведзенага ў эксплуатацыю.

Людзей, якія маглі б жыва і падрабязна расказаць пра падзеі тых дзён, сёння мы наўрад ці знойдзем, але аднавіць рэаліі хаця б 20-гадовай даўніны і параўнаць іх з сённяшнім жыццём можна. Дапамагчы ў гэтым пагадзілася майстар лазнева-гасці-нічнай гаспадаркі ДП «Коханава-ЖКГ» Пятрушына Л. І.

РАНЕЙ НЕ ХАПАЛА МЕСЦАЎ, СЁННЯ — КЛІЕНТАЎ

— Яшчэ гадоў дзесяць таму да нас немагчыма было засяліцца, людзі браніравалі нумары задоўга да прыезду, — успамінае Людміла Іванаўна. — У горадзе ішла актыўная будоўля, газіфікацыя, таму прыязджала шмат камандзіровачных. Тагачасны дырэктар камунгаса нават сварыўся на мяне, гаварыў: «Да сябе дадому засяляй!» — гэта ён думаў, што я нумары прытрымліваю і цішком камусьці па блаце даю. Сёння ў нас іншая, супрацьлеглая праблема — недахоп кліентаў. Якая-небудзь брыгада пераначуе, а назаўтра знойдзе катэдж і пераязджае. Людзі хочуць хатняга камфорту, і мы можам яго забяспечыць, але толькі ў двух люксавых нумарах, кожны з якіх умяшчальнасцю на 2 чалавекі. У астатніх нумарах няма індывідуальных душаў і санвузлоў, ёсць толькі агульнага карыстання, на цэлы паверх, таму што гасцініца мае 4-ю, самую нізкую, катэгорыю.

ЦЭНЫ — З РАЗРАДУ САМЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ

Затое гасцініца прапануе ўпаўне даступныя цэны: пражыванне тут каштуе ад 13 рублёў у самым танным нумары да 32 у самым дарагім, вышэйшай катэгорыі. Люксавы нумар — гэта 2 пакоі, мяккая мэбля, халадзільнік, тэлевізар, мікрахвалевая печка, чайнік, набор посуду.

— Неяк мне давялося начаваць у адной з віцебскіх гасцініц, і было крыўдна за нас, бо заплаціла я на старыя грошы больш за 400000 рублёў, а ўмовы там аказаліся зусім не лепшыя, чым у нашым 32-рублёвым люксе, — падзялілася назіраннямі Людміла Іванаўна.

Браніраванне нумароў бясплатнае. А калі засяліцца пасля 12 ночы і выселіцца заўтра да 12 дня, то заплаціць можна палову сутачнага кошту. Гэтым карыстаюцца людзі, якія прыязджаюць на шматлюдныя сямейныя святы накшталт вяселля: начаваць у кватэры ўсім гасцям цесна, таму да ночы гуляеш, а заўтра да паўдня спакойна адсыпаешся ў гасцініцы, нікому не перашкаджаючы і сам не церпячы ніякіх бытавых нязручнасцей. Адзін люксавы нумар нярэдка здымаюць для маладажонаў, новаствораная пара прыходзіць сюды на першую шлюбную ноч.

ПА СУЧАСНЫХ МЕРКАХ — СЦІПЛА, ПА РАНЕЙШЫХ — ШЫКОЎНА

У даўнія часы матэрыяльна-тэхнічная аснашчанасць талачынскай гасцініцы была вельмі аскетычнаю, адсутнічалі нават сметніцы, і пастаяльцы нярэдка выкідвалі смецце за акно. А неяк прыезджая брыгада лесарубаў шакіравала дырэктара камунгаса, калі навезла з лесу калодак, каб выкарыстоўваць іх замест табурэтак:

— Ён рабіў абход гасцініцы, глядзеў, ці ўсё ў парадку, зайшоў да іх у нумар, а яны сядзяць на гэтых чурбанах. «Вы што, з глузду з’ехалі? Чаго вы сюды навалаклі?» А яны адказваюць: «Дык што нам рабіць? На чым сядзець?»

Сёння кожны нумар забяспечаны тэлевізарам, хоць 4-я катэгорыя гэтага не патрабуе. Ёсць нумар для людзей з інваліднасцю (пашыраныя дзверы, вялікая прыхожая і санвузел — каб чалавек мог перамяшчацца на калясцы). Не адстае гасцініца ад прагрэсу ў сферы інфармацыйных тэхналогій і турыстычнага бізнесу — удзельнічае ў рэспубліканскай дысконтнай праграме з выкарыстаннем Карты госця Рэспублікі Беларусь (скідкі і бясплатныя паслугі асобе, якая прад’яўляе спецыяльную пластыкавую карту), а дзякуючы супрацоўніцтву з тураператарам «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму» атрымлівае кліентаў з-за межаў краіны.

— Замежныя госці звычайна тэлефануюць не напрамую нам, а браніруюць нумар праз тураператара, — гаворыць Людміла Іванаўна. — Мы ад гэтага нічога не губляем, дзяліцца з кім-небудзь выручкай не даводзіцца. Затое сёлета з пачатку года ў нас пабывала 350 замежных грамадзян, сярод якіх італьянцы, палякі, французы (нашчадкі Напалеона), амерыканцы (выхадцы з Талачына), немцы, швейцарцы, егіпцяне і грамадзяне некалькіх краін былога СССР (пераважна пакупнікі прадукцыі кансервавага завода).

На фоне гасцініц больш высокіх катэгорый талачынская, паводле ацэнкі Людмілы Іванаўны, выглядае сціпла і не заўсёды задавальняе сучаснага патрабавальнага чалавека. Хаця, напрыклад, расіяне аднойчы, наадварот, выказалі задавальненне тым, што атмасфера тут нагадвае ім савецкія часы і выклікае настальгію. Але як бы там ні было, галоўнае тое, што ў сценах гэтай установы заўсёды можна знайсці надзейны і гарантаваны прытулак: у любы час сутак падарожніку тут прапануюць дагледжаны, чысты і цёплы пакой за ўмераныя грошы.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Декабрь 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Ноя   Янв »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене