Завяршыўшы паспяховую кар’еру ў расійскай арміі, Аляксандр Булыгін плённа працуе на роднай Талачыншчыне

15 января 2020 13:42

Сваё 60-годдзе начальнік цэха па здабычы і вывазцы торфу «Усвіж-Бук» філіяла «Беларуская ДРЭС» РУП «Віцебскэнерга» Аляксандр Васільевіч Булыгін сустракае сёння ў бадзёрым і жыццярадасным настроі. Цяжару гадоў ён зусім не адчувае і гаворыць, што паказчыкам узросту чалавека з’яўляюцца не лічбы, а самаадчуванне, мары і памкненні, адносіны да жыцця.

Адслужыў 34 гады ў арміі, прычым у вельмі спецыфічных мясцінах, дзе год ішоў за паўтара і за тры. На момант звальнення меў выслугу 54 гады (пры тым, што самому тады было 50), але адпачываць не збіраўся: вярнуўшыся ў 2012-м з далёкага свету на сваю малую радзіму, на Талачыншчыну, узяўся шукаць працу, якая адпавядала б яго прафесійным і асабістым якасцям.

— Пра вакансію начальніка цэха даведаўся з аб’явы ў раённай газеце і адразу патэлефанаваў, — успамінае Аляксандр Васільевіч. — Сітуацыя тут на той час склалася вельмі няпростая: прадпрыемства было стратнае, дысцыпліна ў калектыве слабая, на тэрыторыі гразі па калена, якраз узарвалі стары завод і трэба было разграбаць руіны…

ХТОСЬЦІ ПРАБЛЕМ ПАЛОХАЕЦЦА, А ХТОСЬЦІ ПАСПЯХОВА ІХ ВЫРАШАЕ

Іншы чалавек, азнаёміўшыся са становішчам у цэху, схапіўся б за галаву і кінуўся б уцякаць ад такіх «цудоўных» перспектыў, а вось палкоўнік, які на працягу ўсёй сваёй ваеннай кар’еры займаўся матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем і наладжваннем быту воінскіх падраздзяленняў, убачыў тут поле для актыўнай дзейнасці.

— Спецыфіку вытворчасці (здабыча торфу), канечне, давялося асвойваць, а адміністрацыйная работа, па сутнасці, усюды аднолькавая — паставіць задачу і пракантраляваць яе выкананне, так што для мяне вакансія начальніка цэха стала шанцам рэалізаваць сябе ў грамадзянскім жыцці, — тлумачыць юбіляр. — У арміі мне ніколі не было спакою, я заўсёды знаходзіўся ў руху, у дарозе: Ахоцкае мора, Татарскі праліў, залівы, сопкі — праехаў і абляцеў на верталёце ўвесь Далёкі Усход. Апошнія 10 гадоў правёў у гарачай кропцы — служыў у 201-й мотастралковай дывізіі ў Таджыкістане. У маёй асабістай справе стаіць штамп «Прымаў удзел у навядзенні канстытуцыйнага парадку на тэрыторыі Рэспублікі Таджыкістан». Так што можаце ўявіць, як пасля ўсіх гэтых вандровак, пасля такога эмацыянальнага напружання я адчуў сябе ў ціхай, спакойнай Беларусі. Цішыня і спакой сталі для мяне стрэсам, трэба было хутчэй брацца за якую-небудзь справу. Чалавек я сямейны, але дзеці мае, усе трое, ужо дарослыя і самастойныя, а на адно толькі паляванне, якім захапляюся, увесь свой вольны час не патраціш.

Цяпер, праз 8 гадоў, відавочна, што новае поле прафесійнай дзейнасці было выбрана ўдала — энергіі і арганізатарскаму вопыту палкоўніка знайшлося ва Усвіж-Буку дастойнае прымяненне. Сёння цэх прыбытковы, ад парушальнікаў дысцыпліны даўно пазбавіліся, матэрыяльна-тэхнічная база дзякуючы клопату РУП «Віцебскэнерга» па меры неабходнасці своечасова абнаўляецца, заробкі высокія, у дадатак да іх — разнастайныя бонусы накшталт летняга лагера для дзяцей і пуцёвак у санаторый. Іншымі словамі, новы кіраўнік цэха, заступаючы на пасаду, быў упэўнены ў сваіх сілах нездарма. На сённяшні дзень скарбонка ваенных узнагарод Аляксандра Булыгіна, у якой больш за 30 ордэнаў і медалёў, папоўнілася дзясяткам грамадзянскіх заахвочванняў — граматамі і падзякамі, у тым ліку нават ад міністра энергетыкі.

ЗАГАРТАВАНЫ СЯЛЯНСКАЙ ПРАЦАЙ І ВЫХАВАНЫ НА ВЫСОКІХ ІДЭАЛАХ

Аляксандр Васільевіч жыве ў Талачыне, а дзяцінства яго прайшло ў Серкавіцах. Бацька рабіў шафёрам у сельгаспрадпрыемстве, маці — касірам-бухгалтарам (у  працоўных кніжках маюць па два запісы — аб прыёме і аб выхадзе на пенсію). З малых гадоў хлопец дапамагаў бацькам па гаспадарцы, летам уладкоўваўся ў саўгас, у сезон ягад і грыбоў шмат часу праводзіў у лесе. Але прафесію выбраў не сялянскую. Сярод акалічнасцей, якія паўплывалі на такі выбар, называе тры асноўныя:

— Мой дзед Герасім Булыгін загінуў у 1940 годзе на фінскай вайне. Для мяне ён стаў прыкладам мужнасці і вернасці доўгу. Таксама мяне вельмі ўразіў стары фільм «Красная площадь», у прыватнасці, эпізод, дзе афіцэр пад страхам расстрэлу не паддаецца на ўгаворы «отдать честь» ідэйным праціўнікам (маецца на ўвазе жэст рукою — узяць пад казырок) і тлумачыць сваю непахіснасць так: «Честь у меня одна. Отдам, а где другую взять?» І яшчэ маё жаданне звязаць жыццё з арміяй падтрымалі тагачасныя работнікі талачынскага ваенкамата капітан Ставер і прапаршчык Рыжычэнка.

Пра свой выбар Аляксандр Васільевіч ніколі не пашкадаваў:

— У арміі я знайшоў сяброў на ўсё жыццё, з якімі цяпер падтрымліваю сувязь нягледзячы на адлегласці. Прыязджаем і я да іх, і яны да мяне. Сустракаемся ў Дзень Перамогі ў Маскве, 1 чэрвеня адзначаем Дзень дывізіі (нашай, 201-й). За гады службы я неаднойчы зведаў на справе, што такое высокія ідэалы ваеннага братэрства, афіцэрскага гонару, адданасці Радзіме, пра якія ў дзяцінстве ведаў толькі з кіно і літаратуры. І, вядома ж, загартаваны за гады службы характар кожнаму ваеннаму дапамагае спраўляцца з рознымі штодзённымі бытавымі клопатамі і цяжкасцямі, выконваць задачы ў рамках прафесійнай дзейнасці ў грамадзянскім жыцці.

ЗАЎСЁДЫ ВЕДАЎ, ШТО БАДЗЯННІ ПА СВЕЦЕ ЗАКОНЧАЦЦА ДАРОГАЙ ДАДОМУ

Куды б ні клікаў Аляксандра Булыгіна службовы доўг, якія б перспектывы ні адкрываліся перад ім (неаднойчы паступалі прапановы розных высокіх пасад), якія б ні вабілі яго таямніцы дальніх краёў, заўсёды неадольна цягнула да сябе малая радзіма — родныя Серкавіцы, Талачын:

— Нават у юнацтве, калі хочацца бадзяцца па свеце і доўга не сядзіцца на адным месцы, я, курсант Пушкінскага вышэйшага ваеннага інжынерна-будаўнічага вучылішча, прыязджаючы на пабыўку, адчуваў, што тут, дома, нават паветра іншае, дыхаецца лёгка і радасна. А з гадамі ўва мне мацнела перакананне, што родныя людзі павінны трымацца адно аднаго, быць побач. З вялікім жалем канстатую, што не змог апошні раз пабачыцца з жывым бацькам, паспеў прыехаць толькі на пахаванне. Такім чынам, неяк само сабою атрымалася, што пасля завяршэння ваеннай кар’еры я не разглядаў ніякіх іншых варыянтаў — толькі дарога дадому.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: -1 (from 1 vote)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Январь 2020
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Дек   Фев »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене