Дата ў жыцці. Адданасць прызванню

18 мая 2020 13:51

Колькі ведаю Віктара Мечаслававіча Шыдлоўскага, заўжды па-добраму зайздрошчу яго несупыннай, не праходзячай з гадамі энергіі, настойлівасці ў справах, вытрымцы і адначасова прынцыповасці. Не ў яго характары крывіць душой, выдаваць белае за чорнае і наадварот. Прайсці міма таго, што выклікае абурэнне, перашкаджае нармальнаму чалавечаму жыццю — гэта не па ім.

Памятаецца, як будучы дэпутатам раённага Савета, ён з уласцівым яму тэмпераментам нераўнадушша выходзіў за трыбуну і ўзнімаў вострыя праблемы жыцця сельскай глыбінкі, свайго Жукнева. Не будучы пачутым у першы раз, выходзіў у наступны, і яшчэ, яшчэ. Даводзіў, чым можа абярнуцца адсутнасць звычайнай здавальняючай дарогі ў гэтай частцы раёна. У тым, што сюды ў рэшце рэшт пралегла на значным сваім працягу гэтая артэрыя жыцця, несумненна, і яго заслуга. Прыйшлі ў нашу выбарчую акругу новы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і новы кіраўнік у раён — і жукнеўскі дырэктар школы на прыём да іх завітаў у ліку першых. Што ні вазьмі — на ўсё хапае яго ўвагі і клопату. Варта яму толькі глянуць на свайго вучня, каб адчуць яго настрой — і адразу ж неадкладнае наведванне сям’і, шчырая, даверлівая размова з бацькамі. Мікрараён Жукнеў-скай базавай школы сёння немалы. Працягнуўся ад вёскі Крывая да вёскі Рцішчава, ахоплівае больш за дзясятак населеных пунктаў, але Віктар Мечаслававіч трымае ў полі зроку кожнага пражываючага ў іх свайго выхаванца. Увесь час, усе 34 гады, якія ён нязменна працуе дырэктарам школы.

— Талачын жа, — дзеліцца В. М. Шыдлоўскі, — я ўбачыў упершыню ў 1982 годзе, 15 жніўня, калі пасля інстытута прыехаў у раён уладкоўвацца на працу. Была толькі адна просьба — накіраваць мяне ў школу, бліжэйшую да маёй роднай вёскі Каралі, што на Сенненшчыне. Так аказаўся ў Рыдамльскай сярэдняй школе. У той год яе калектыў абнавіўся больш за палову, і нас, сямёра настаўнікаў, усіх разам прывезлі сюды з Талачына. Размеркавалі мне выкладаць фізіку і быць намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Калектыў падабраўся творчы. Праца прыносіла задавальненне. Неяк выкладчык працоўнага навучання Анатолій Аляксандравіч Санько падышоў да мяне і папрасіў дапамагчы завяршыць будаўніцтва дома, дзе б маглі пражываць маладыя спецыялісты. Хутка і я перабраўся сюды са здымнай кватэры. Педагагічная праца захапіла. З ахвотай наладжвалі з дзецьмі паходы па сваёй мясцовасці і па маёй роднай Сенненшчыне, бралі ўдзел у раённых турыстычных злётах. Калі дырэктара школы Валерыя Георгі-евіча Рэцкага перавялі рабіць у саўгас «Рыдамльскі», паступіла прапанова ўзначаліць школу мне. У тым жа, 1985-1986, навучальным годзе адбылося маё знаёмства з выпускніцай гэтай школы, якая пасля заканчэння медыцынскага вучылішча вярнулася працаваць на мясцовы фельчарска-акушэрскі пункт. З Інай Мікалаеўнай мы стварылі сям’ю. Тут, у Рыдамлі, нарадзілася наша дачка Маша…

Уласна, хлопец з суседняга раёна знайшоў у звычайнай вёсцы на Талачыншчыне свой добры лёс, шчасце ў працы і асабістае ў жыцці. Яны прыйшлі з адчуваннем павагі шчырых, адкрытых вяскоўцаў да настаўніцкай дзейнасці, асобы настаўніка. Віктар Мечаслававіч лічыў гэтае за найвялікшую для сябе каштоўнасць. Зведаўшы раннюю страту маці, ён успрымаў вёску з яе дабрынёй і спагадлівасцю як адзіную дружную сям’ю. Зразумеў, што зрабіў правільны крок, калі не застаўся ў Мазыры, дзе яму прапаноўвалі пайсці ў навуку, а паехаў у вёску. Тым больш, што да разнастайнай вясковай працы ён быў падрыхтаваны. Будучы ў 9 класе, сваімі рукамі зрабіў веранду ў бацькоўскім доме, ва ўсім стаў падтрымкай для бацькі. Шмат дало навучанне на факультэце фізікі і агульнатэхнічных дысцыплін Мазырскага педагагічнага інстытута. З яго сценаў, дзе і прапаноўвалі застацца, выйшаў падрыхтаваным настаўнікам фізікі і ўмельцам для работы на станках, глыбока авалодаў навыкамі сталяра, атрымаў пасведчанні механізатара і вадзіцеля аўтамабіля. Падчас вучобы ў інстытуце ад’язджаўся па накіраванні ў раёны Гомельшчыны, дзе не хапала настаўнікаў, па некалькі месяцаў выкладаў фізіку, вёў урокі працоўнага навучання. Дарэчы, працоўную кніжку Віктару выдалі, калі скончыў 8 класаў і на працягу амаль двух месяцаў працаваў у калгасе на зернесушыльным комплексе. Напэўна, дапытлівыя вяскоўцы і ўбачылі ў хлопцы атожылкі свайго, сялянскага, роду, прынялі аднадушна ў сваю сям’ю. Але ў Рыдамлі надоўга застацца не прыйшлося. З-за нязначнай колькасці вучняў школа першай у раёне сярод сярэдніх зачыніла дзверы, і загадам па аддзеле В. М. Шыдлоўскі 13 жніўня 1986 года быў пераведзены дырэктарам Жукнеў-скай сярэдняй школы. Зачараваны быў месцам яе размяшчэння, падыходзячым пад межы прышкольнага ўчастка лесам, купамі векавых соснаў і елак. Адно бянтэжыла, што за апошнія шэсць год да яго прыходу сюды змяніліся чатыры дырэктары. Як яму, не маючаму вопыту, прымаць такі калектыў. Але праца так закруціла, што думаць пра гэтае не заставалася часу. Сталі за прадукцыю на прышкольным участку і выдзеленым гаспадаркай гектары зямлі зарабляць свае грошы, набылі за іх аднымі з першых у раёне камп’ютары, музычны сінтэзатар, абнавілі спартыўную базу. Займалася ў школе на той час 90 вучняў, і на іх хапала лыжаў, у дастатковай колькасці было спартыўнага інвентару. Пайшлі добрыя дасягненні ў спартыўных спаборніцтвах, турызме. Усё часцей жукнеўскія школьнікі сталі наведваць славутыя мясціны Віцебшчыны, краіны. На працягу ўжо 15 год у летні перыяд арганізоўваецца школай дзевяцісутачны палатачны аздараўленчы лагер на возеры Сялява. На першых парах аргані-зоўвалі вандроўкі з пражываннем у палатках у рацаўскі і шклоўскі лес. Свае адметныя дасягненні вучняў школы ў вучобе, прадметных алімпіядах. Штогод навучэнцы школы здабываюць у скарбонку яе дасягненняў больш за 30 дыпломаў і грамат па выні-ках удзелу ў конкурсах і мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспублікан-скага ўзроўню. І заўжды побач з дзецьмі як ініцыятар розных цікавых і змястоўных спраў калектыву Віктар Мечаслававіч. Без іх, сваіх выхаванцаў і калег, ён не ўяўляе сябе як настаўнік, чалавек, сябар і аднадумца. Ад яго ніколі не пачуеш ні слова пра цяжкасці (а, напэўна ж, яны ёсць у іх школе, у іх жыцці), пра якіясьці перашкоды ці немагчымасці штосьці зрабіць.

Зараз калектыў данай установы — гэта 51 вучань і 13 выхаванцаў дзіцячага сада, 19 настаўнікаў і выхавацеляў. Па сутнасці, УА «Жукнеўская дзіцячы сад — базавая школа» — гэта асобныя два падраздзяленні. Тут навучаюцца, выхоўваюцца дзеці ў асноўным працаўнікоў сельгаспрадпрыемства.

— Мы вырашаем, — адзначыў В. М. Шыдлоўскі, — зразумелую і вельмі важную для ўсіх нас задачу — даць дзіцяці веды па яго здольнасцях і схільнасцях, быць чулым да сваіх бацькоў, з павагай адносіц-ца да людзей, любіць малую радзіму, сваю Айчыну, быць паспяховым у жыцці. Таму для нас гонар і вучні, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ці сярэднеспецыяльную, і тыя, хто авалодаў рабочай спецыяльнасцю. Ёсць сярод выпускнікоў і інжынеры, праграмісты, людзі творчых прафесій. Ды і наогул, кім бы ні стаў учарашні школьнік, важна, каб ён і маральна, і фізічна быў падрыхтаваны да жыццёвых выпрабаванняў, каб перашкоды не прыпынілі яго шлях да мэты. І гэта нашым педагогам удаецца зрабіць. Школа вучыць працаваць на зямлі, забяспечвае сябе практычна на год гароднінай, апрацоўвае з дапамогай ААТ «Жукнева» больш за 15 гектараў зямлі. Дзе б ні працавалі нашы вучні, мы атрымліваем аб іх толькі добрыя водгукі…

Ёсць чым Віктару Меча-слававічу і Іне Мікалаеўне ганарыцца і ў сваіх дзецях. Старшая, Марыя, скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці «фінансы і экономіка», працуе ў Маскве. Дар’я ў Акадэміі музыкі атрымала спецыяльнасць выкладчыка па класе народных інструментаў, іграе на гармоніку і баяне, піша музыку, кіруе ў Віцебскім аблгазе двума музычнымі калектывамі — пастаяннымі ўдзельнікамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Атрымала і другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «эканаміст», працуе ў аблгазе начальні-кам адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела апарата ўпраўлення. Аляксандр скончыў універсітэт па спецыяльнасці «прыкладная матэматыка і праграміраванне». Займаецца ў магістратуры, выкладае інфарматыку ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава. Мае навуковыя працы, публікуецца ў перыядычных выданнях ва ўніверсітэтах Расіі і Кітая. Сёлета ён стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі».

Працяг іх роду — Шыдлоўскіх-Фраловых — унук, трэцякласнік Ягор Усаў. Да слова, Віктар Мечаслававіч з братам Міхаілам давялі свой радавод да 1854 года, маюць звесткі пра больш за сто чалавек з ліку сваіх родных і блізкіх. А невядомае раней Жукнева стала для Віктара Мечаслававіча і іх сям’і такім жа значным для яго душы, як і малая радзіма на Сенненшчыне. Яны — часцінкі аднаго і таго ж вялікага яго шчасця — любові да вёскі, яе працаўнікоў, сельскай школы і яе выхаванцаў, да сваёй працы настаўніка. Ён знайшоў сваё прызванне — і гэтым ганарыцца, ёмістым і невычэрпным паняццем — сельскі настаўнік.

З юбілеем вас, Віктар Мечаслававіч! Самых лепшых здзяйсненняў вам і вашаму калектыву, вашым вучням!

Віктар БІРУКОЎ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (2 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +3 (from 3 votes)
Дата ў жыцці. Адданасць прызванню, 10.0 out of 10 based on 2 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Май 2020
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Апр   Июнь »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене