Любімая праца як лекі для душы

5 октября 2020 23:37

Жанна Леанідаўна Бераснякова вучыць роднай мове дзетак у Коханаўскай сярэдняй школе.

З таго вераснёўскага дня, як Жанна Леанідаўна пераступіла тут ганак школы, мінула дваццаць сем год. Дзіўна, што так хутка праляцелі гэтыя птушкі-гады, якія прынеслі столькі ёй падзей і незабыўных уражанняў! А першыя ж з іх былі ў сельскай школцы ў сябе на радзіме, у Докшыцкім раёне. Узгадвае іх — і перапаўняе радасць успаміну аб кожным з першых крокаў на педагагічнай ніве. Да яе асабістай радасці дадавалася радасць за малодшую дачушку бацькоў. Шасцёра дзетак у сям’і Калягаў — ужо было за шчасце… Услед за дарослымі прыкладам для аднавяскоўцаў сталі і дзеці. А інакш і быць не магло. З трынаццаці год матуля ў іх Таргунах працавала на ферме. Увесь час у перадавіках была, заахвочвалася ці не кожны год грашовымі прэміямі, мела з узнагародаў падзякі, граматы, дыпломы, ганаровыя знакі, медалі. Бацька рабіў у кузні ў Таргунах кавалём, забяспечваў калгас і людзей неабходным на кожны дзень для вяскоўца інвентаром.

Вёска родная — вялікая. Такой захавалася і па сённяшні дзень. Захавалася і спадчынная, ад дзядоў і прадзедаў, мова, іх песні. А што да настаўнікаў, то сталася шчасцем для Жанны і яе сяброў вучыцца роднай мове ў вядомай на Віцебшчыне збіральніцы і захавальніцы моўнага скарбу ў іх мясцовасці, памочніцы ў гэтай справе пісьменніку і выкладчыку Белдзяржуніверсітэта Нілу Гілевічу Ганны Парфёнаўны Корсак. Трымала яна сувязь і з сям’ёй Максіма Гарэцкага, жонка якога нарадзілася ў Таргунах. Настаўнік ад Бога, Ганна Парфёнаўна навучыла шанаваць і любіць роднае слова не адно пакаленне вучняў. Перадалася яе любоў і адоранай цікавасцю да літаратуры, мовы, гісторыі роднага краю Жанне. Дзяўчынка займалася ў фальклорным гуртку, прачытвала ўсю праграмную літаратуру і літаратурна-мастацкія часопісы, дасылала свае вершы ў «Зорачку» (газета «Зорька»). Была ўдзельніцай алімпіяд па беларускай мове, станавілася пераможцай у вобласці.

Калі здавала экзамены ва ўніверсітэт (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) і члены камісіі пачулі, як яна свабодна валодае нямецкай мовай, спыталі, чаму ж было не паспрабаваць у лінгвістычны. Ды што ж было адкрываць душу гэтым людзям з камісіі, калі яе марай было вывучыцца на настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, быць, як Ганна Парфёнаўна. А ведаць нямецкую ёй сапраўды пашанцавала. Надарыўся выпадак, тры месяцы была ў Германіі, у знаёмых сваёй сястры ў Дзюсельдорфе, і на роўных гаварыла на гэтай мове з сябрамі на Нямеччыне, якія настойліва запрашалі яе застацца ў Германіі, атрымаць адукацыю ва ўніверсітэце і тут працаваць, жыць. А яна лічыла дні, калі вернецца дадому, убачыць свае лес і поле, вясковыя студні, кветкі каля кожнай хаты, пачуе іншую мову.

— Я і сёння, — заўважае Жанна Леанідаўна, — з мамай, сёстрамі і па тэлефоне, і пры сустрэчы размаўляю на роднай мове. Увогуле, Докшыцкі раён — гэта сам па сабе ўнікальны асяродак беларушчыны. Тут і зараз у рускамоўных гарадскіх школах дзеткі размаўляюць паміж сабой на беларускай мове. Праз яе і любоў да працы. Менавіта даны ўнутраны стрыжань, імя якому мова, дапамагае і натхняе. З захапленнем іду да дзяцей, працую, бяруся за новыя справы, распрацоўкі. Штогод праводзім у школе Дзень роднай мовы, моўныя святы, мерапрыемствы. Мэта ж, вядома, зразумелая. Не ва ўсіх ёсць жаданне чытаць, вучыцца. На гэтым небасхіле далёка не ўсё цудоўна. Ёсць праблема з вучэбнымі гадзінамі на мову. І яе вырашэнне ў нашых руках. Каб дзеці адчулі непаўторнасць, адметнасць беларускай мовы сярод іншых моў, пацягнуліся да яе вывучэння і, у рэшце рэшт, ведалі сваю мову, да кожнага ўрока падрыхтавала прэзентацыі з выкарыстаннем візуальных сродкаў, вучэбных фільмаў. Цяжка мова даецца яшчэ таму, што вучні на ёй не размаўляюць, не чуюць яе частае гучанне. Ёсць толькі асобныя прыклады як выключэнне. Наша выпускніца займаецца ў Беларускім эканамічным універсітэце. Дык вось, па яе прызнанні, яна размаўляе толькі на роднай мове, і яе, дадам ад сябе, добрая, прыгожая мова ўспрымаецца не проста натуральна, а з павагай і цікавасцю. Усё заканамерна. Па беларускай мове ў вобласці Насця Лындава, калі займалася ў дзясятым класе, была трэцяй па прадметнай алімпіядзе, займала першыя месцы ў раёне. Іншыя нашыя выпускнікі, зараз студэнты, пішуць, тэлефануюць мне на роднай мове. Значыць, нашы агульныя з імі намаганні былі недарэмныя. Калі бываю ў гарадах, заходжу ў аўтобус, таксама чую беларускую гаворку з вуснаў моладзі. Яна становіцца патрэбнасцю, гучыць, і закладваецца гэтае ў школе, у сям’і. У сваёй сям’і з дзецьмі (сын скончыў лінгвістычны ўніверсітэт, дачка займаецца ў эканамічным універсітэце, робіць беларускамоўныя праекты) карыстаемся ў большасці сваёй беларускай мовай…

На трэцім паверсе Коханаўскай сярэдняй школы вучняў сустракае шматфарбная моўная галерэя. Размешчаныя пад малюнкамі беларускія словы і іх рускамоўныя адпаведнікі ўводзяць дзяцей у свет рэдкіх назваў, робяць больш лёгкім іх запамінанне. Да Дня роднай мовы Жаннай Леанідаўнай разам з Міхаілам Міхайлавічам Татарановічам складзены зборнік творчых работ вучняў і настаўнікаў (вершы, замалёўкі) пад назвай «З-пад крыла школы».

Ж. Л. Бераснякова ўваходзіць у Рэспубліканскую творчую групу ў складзе асобных настаўнікаў, выкладчыкаў беларускай мовы вобласці, па стварэнні відэаролікаў па беларускай мове і літаратуры для арганізацыі дыстанцыйнага навучання школьнікаў. Яна з’яўляецца кіраўніком творчай групы. Першыя іх работы атрымалі высокую ацэнку ў вобласці.

Жанна Леанідаўна ганарыцца абранай педагагічнай прафесіяй, якая стала яе шчаслівым лёсам. І ўжо яе асабіста вучні вучаць роднай мове дзетак у розных кутках краіны, працуюць творча і натхнёна.

Віктар БІРУКОЎ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2020
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене