Любімы прадмет і цудоўны настаўнік — што яшчэ трэба, каб перамагчы?

30 января 2021 23:03

Амаль першае месца, недабраўшы нейкіх 0,4 бала да яго, заняла на абласным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры дзесяцікласніца Коханаўскай СШ імя І. П. Кожара Дар’я Макарэвіч. Рыхтавалася яна да гэтага сур’ёзнага выпрабавання пад кіраўніцтвам настаўніка вышэйшай катэгорыі Жанны Берасняковай.

Нягледзячы на цяперашнюю занятасць вучобай і падрыхтоўкай да рэспубліканскага этапу, Дар’я і Жанна Леанідаўна знайшлі час, каб расказаць пра свае вучэбныя, прафесійныя і творчыя інтарэсы, дасягненні, імкненні, а таксама паспрабаваць зазірнуць у будучыню.

Родная мова акрыляе

– Сціплая, вельмі працавітая і мэтанакіраваная, – так характарызуе сваю вучаніцу настаўніца. – Вылучаецца сярод аднагодкаў арыстакратычнай выхаванасцю, высокім мастацкім густам, філасофскім поглядам і ўменнем рабіць глыбокія высновы.

Кола жыццёвых інтарэсаў Дар’і шырокае. Дзяўчыне добра даецца вучоба па ўсіх прадметах, скончыць школу яна плануе з залатым медалём. Больш за ўсё цікавіцца беларускай мовай і літаратурай, англійскай мовай, інфарматыкай. Скончыла на выдатна Коханаўскую дзіцячую школу мастацтваў па класе харэаграфіі і з’яўляецца пастаяннай удзельні-цай узорнага харэаграфічнага ансамбля «Каханачка».

– Вельмі люблю чытаць, праграмаваць і прымаць удзел у розных творчых конкурсах і алімпіядах, – распавядае яна пра свае захапленні. – Ужо з малодшых класаў удзельнічала ў дыстанцыйных і школьных алімпіядах па розных прадметах. Звычайна займала прызавое трэцяе месца. У мінулым годзе прымала ўдзел у фестывалі замежных моў і прайшла на абласны этап у аратарскай намінацыі.

Калі надыходзіць час алімпіяд, шматбакова адораны і развіты вучань звычайна атрымлівае запрашэнні да ўдзелу ад розных настаўнікаў і робіць выбар. Чаму сёлета Дар’я вырашыла паспрабаваць свае сілы менавіта ў беларускай мове і літаратуры?

– Я разглядала такія варыянты, як беларуская мова, англійская мова, інфарматыка, – распавядае яна. – Гэтыя прадметы вельмі цікавяць мяне, але больш за ўсё душа ляжыць да роднай мовы. Нядоўга падумаўшы, я выбрала яе і не пашкадавала. Інтэнсіўную падрыхтоўку да алімпі-яды мы пачалі яшчэ ў мінулым годзе, я тады ўдзельнічала ў раённым этапе і, на жаль, заняла толькі трэцяе месца. Мне вельмі падабаецца гаварыць па-беларуску і раскрываць таямніцы роднага слова. Яно для мяне як напамін аб тым, што я беларуска, бо штодзень бачу, як рускамоўная моладзь забывае пра гэта. Мова Коласа і Купалы натхняе мяне і дорыць маім думкам здольнасць да палёту.

Настаўніцкае шчасце – поспех вучня

Захоўваць гэты ўзнёслы настрой і вышыню палёту думак лягчэй, калі ў любы момант можаш звярнуцца да чалавека, які з веданнем справы падкажа, дапаможа, падтрымае і заахвоціць. У гэтым сэнсе Дар’і пашанцавала, такога чалавека ёй не трэба далёка шукаць.

У свае школьныя гады Жанна Леанідаўна сама станавілася прызёрам раённых (у родным Докшыцкім раёне) і ўдзельнікам абласных алімпіяд. Цяпер яна ўжо на працягу 26 гадоў працуе ў Коханаўскай школе. З 2010-га ўзначальвае раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. З’яўляецца пастаянным удзельнікам абласнога савета па пытаннях курыравання выкладання беларускай мовы і літаратуры ў школе, членам творчай групы Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі па стварэнні відэа-ўрокаў для дыстанцыйнага навучання. Сваім метадычным вопытам абменьваецца з калегамі праз блог «Педагагічная майстэрня» (http://kalyazhanka. blogspot.com), які стварыла ў 2016 годзе (якраз тады, калі яшчэ адна яе вучаніца, Настасся Лындова, заняла трэцяе месца на абласным этапе алімпіяды). У 2018-м на абласным конкурсе адукацыйных рэсурсаў «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» атрымала дыплом ІІІ ступені. А ў 2019/20 навучальным годзе ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе прафе-сійнага майстэрства «Настаўнік года» (пераможца раённага і ўдзельнік абласнога этапаў). Сёлета ўвайшла ў склад рэспубліканскай творчай групы па стварэнні адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу для навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь.

– У цяперашні час я не з’яўляюся класным кіраўні-ком, таму маю такую настаўніцкую раскошу, як вольны час, і з задавальненнем прысвяціла яго любімай вучаніцы, дапамагаючы ёй падрыхтавацца да алімпіяды, – азіраецца Жанна Леанідаўна на сумесны са сваёй вучаніцай шлях, які прывёў іх да поспеху. – За перамогай Дар’і стаіць тытанічная праца: заняткі пасля ўрокаў, у выхадныя дні, на канікулах, дыстанцыйныя кансультацыі і бясконцыя га-дзіны самападрыхтоўкі. Не многія вучні вытрымалі б такі мазгавы штурм. І, як цяпер мы бачым, напружаная праца не засталася марнаю – Дар’я з лёгкасцю (а самае галоўнае – з цікавасцю!) справілася з шэрагам складаных лінгвістычных і літаратурных заданняў. Бачылі б вы, з якім захапленнем пасля кожнага конкурсу яна расказвала мне пра незвычайныя, але надта цікавыя алімпіядныя заданні! Гэта і ёсць настаўніцкае шчасце, калі вучань знаходзіць асалоду ў тым, што невядома, але так вабіць і захоплівае.

У сваю чаргу вучаніца адзначае вялікі ўклад настаўніцы ў свой поспех:

– Жанна Леанідаўна абудзіла ў мяне глыбокую павагу і любоў да беларускага слова. Яна цярпліва і мэтанакіравана займалася са мной па асобнай праграме, раіла і давала мне розную літаратуру, заданні для самападрыхтоўкі. Растлумачвала ўсё на пальцах, каб я лепш разумела розныя складаныя для мяне тэмы.

Немалаважнаю аказалася і псіхалагічная падтрымка з боку педагога ўжо ў ходзе алімпіяды:

– Найбольш складаным для мяне было стрымліваць хваляванне перад конкурсам. Я не была цвёрда ўпэўненай у сабе, і гэта перашкаджала мне супакоіцца, не давала рассла-біцца і сабрацца з думкамі. Але Жанна Леанідаўна, як маці, супакойвала мяне і настройвала на перамогу. Што ж да конкурсных заданняў, то яны не выклікалі асаблівай цяжкасці: выконваючы іх, я проста рабіла любімую справу і атрымлівала ад гэтага задавальненне. Натуральна, чагосьці я не ведала, бо любая мова — гэта велізарнае і глыбокае мора, поўнае непаўторных адметнасцей і таямніц.

Не проста школьны прадмет, а неад’емная частка жыцця

У Дар’і яшчэ ёсць час на роздумы пра будучую прафесію. Наколькі блізкім ці аддаленым ад беларускай філалогіі акажацца яе выбар, невядома, але ў любым выпадку мова і літаратура, хутчэй за ўсё, застануцца пастаяннымі яе спадарожнікамі на жыццёвым шляху:

– Мне здаецца, я поў-насцю беларусізавала сваё жыццё. З кожным днём усё больш і больш паглыбляюся ў свет беларускай мовы і літаратуры, у свет загадкавай культуры беларусаў, павялічваю свой чытацкі вопыт і… вучу, вучу і яшчэ раз вучу такія родныя, але малавядомыя беларускія словы. Асабліва з гэтага навучальнага года беларуская мова стала неад’емнай часткай майго жыцця. Я слухаю сучасныя беларускія музычныя гурты, чытаю літаратуру (асабліва падабаецца Уладзімір Караткевіч). У мяне ёсць сябры, якія гавораць толькі па-беларуску і тым самым натхняюць і мяне. Можа, калі-небудзь я поўнасцю перайду на беларускамоўны лад жыцця, але пакуль што гэта для мяне не зусім зручна ў рускамоўным асяродку маіх землякоў. Настаўнікі сцвярджаюць, што я гуманітарый, бо цікаўлюся мовамі і літаратурай, але ўнутры мяне жыве і матэматык. Я нават не ведаю, як столькі рознага і супрацьлеглага змяшчаецца ў маёй галаве, але гэта менавіта так. Мне вельмі падабаецца сфера ІТ, хацелася б развівацца і ў гэтым напрамку. І я ўпэўнена, што змагу памірыць (а можа, і парадніць) свае такія розныя інтарэсы.

Выклік прыняты, стымул будзе выкарыстаны

Менш за паўбала не хапіла да першага месца… Якія эмоцыі выклікае гэтая псіхалагічна значная дэталь, гэтая лёсавырашальная дробязь? Можна ганарыцца тым, што ты амаль поў-ны пераможца, а можна засмучацца, што фармальна крыху недацягнуў, можа быць, нават не паводле ўзроўню ведаў, а праз хваляванне і разгубленасць на нейкім этапе.

– Ганаровае другое месца – гэта выклік нам, стымул да далейшага спазнання глыбокіх нетраў нашай роднай мовы, беларускай літаратуры і культуры пра-шчураў, – тлумачаць сваё бачанне сітуацыі вучаніца і настаўніца. – Цяпер мы больш яскрава ўяўляем, у якім напрамку яшчэ трэба развівацца, удасканальвацца.

Гэты выклік Дар’я прыняла ахвотна і з захапленнем. Наперадзе ў яе – заключны, рэспубліканскі, этап алімпіяды:

– Тыдзень адпачыўшы, мы зноў узяліся за няпростую і адказную працу, – падзялілася новымі клопатамі Жанна Леанідаўна. – Зараз Макарэвіч Дар’я – член абласной каманды, таму на зборах у абласным інстытуце развіцця адукацыі на працягу тыдня ў лютым і столькі ж у сакавіку з ёй будуць займацца выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава і лепшыя настаўнікі Віцебшчыны. Поспехаў табе, наш беларускамоўны праменьчык з Талачыншчыны!

Сяргей АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (2 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)
Любімы прадмет і цудоўны настаўнік — што яшчэ трэба, каб перамагчы?, 10.0 out of 10 based on 2 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Январь 2021
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Дек   Фев »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене