Адна з ключавых роляў у забеспячэнні дабрабыту Талачынскага кансервавага завода належыць яго машынна-трактарнай базе

11 апреля 2022 11:18

Сумарная плошча сельгасугоддзяў РУП «Талачынскі кансервавы завод», на якіх вырошчваюцца пшаніца, рапс і бульба, перавышае 9 з паловаю тысяч гектараў (да ранейшых 8002 гектараў мінулай восенню дададзена яшчэ 1592). Забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне ўсёй гэтай зямлі (своечасовае і поўнае, у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, выкананне палявых работ і, як вынік, атрыманне максімальна магчымага ўраджаю) было б немагчыма без вялікай колькасці сучаснай земляробчай тэхнікі і спецыялістаў па яе эксплуатацыі і абслугоўванні.

Штогадовыя поспехі кансервавага завода ў вытворчасці прадукцыі раслінаводства (выхад на лідарскія пазіцыі па розных напрамках на раённым, абласным, а часам і рэспубліканскім узроўнях) абумоўлены многімі фактарамі, немалаважны сярод якіх — высокая ступень тэхнічнай аснашчанасці і добрая ўкамплектаванасць кадрамі.

Па сілах любыя задачы

Размешчаная каля талачынскай аб’язной дарогі машынна-трактарная база прадпрыемства, якую ўзначальвае Юрый Краснякоў, налічвае 58 трактароў (з іх 14 энерганасычаныя), 42 адзінкі аўтамабільнага транспарту, 16 зернеўборачных камбайнаў, 4 самаходныя апырсквальнікі.

— Амаль усе віды рамонту ажыццяўляем самастойна, — распавядае Юрый Аляксандравіч. — Паслугамі спецыялізаваных арганізацый карыстаемся толькі ў вельмі складаных выпадках, у прыватнасці, звязаных з камп’ютарнай дыягностыкай імпартных рухавікоў (хаця асобныя віды дыягностыкі праводзім таксама самастойна). На тэрыторыі нашай базы размешчаны дзве майстэрні (адна для рамонту трактароў, другая — аўтамабіляў), і яшчэ адна — у падраздзяленні па рамонце сельгастэхнікі (на тэрыторыі былога калгаса імя Энгельса ў Талачыне). У перыяд палявых работ арганізоўваем мабільную рамонтную брыгаду, у склад якой уваходзяць два слесары, два зваршчыкі, інжынер-механік і вадзіцель.

Адзінства колькасці і якасці

Мець шмат машын і абсталявання — палова справы. Усю тэхніку неабходна падтрымліваць у належным стане і, паспяваючы ў нагу з часам, своечасова абнаўляць. Кансервавы завод гэтую ўмову эфектыўнай гаспадарчай дзейнасці выконвае ў поўнай меры.

Тэхніка дагледжана найлепшым чынам. Так, з 80-ці трактароў (вышэйзгаданыя 58 плюс тыя, што адносяцца да цэха прамысловага садаводства) вясенні тэхнічны агляд 5 красавіка прайшлі 79. Сярод транспартных сродкаў і земляробчага абсталявання ёсць нямала адзінак перадавой, прэстыжнай замежнай тэхнікі: шмат у якіх камбайнах і трактарах стаяць амерыканскія і нямецкія рухавікі марак «Камінс», «Мерседэс», «Катэрпілар», «Дойц», «Дэтройт», па бульбяных палях побач з айчыннымі ходзяць нямецкія бульбасаджалкі і бульбакапалкі «Грымэ» (дарэчы, сёлета кіраўніцтву завода ўдалося наладзіць прамыя, без пасрэднікаў, пастаўкі запчастак для гэтай тэхнікі ад вытворцы, а таксама былі закуплены тры машынакамплекты для кантролю за працэсам пасадкі бульбы ў начны час, дзякуючы чаму можна будзе ажыццяўляць пасадку кругласутачна: у светлы час сутак рух пасадачнага матэрыялу па транспарцёры кантралюе візуальна механізатар, а ноччу гэта будзе рабіць электронны датчык, які ў выпадку ўзнікнення праблемы падасць сігнал у кабіну). У цяперашні час вядзецца рэканструкцыя палівазаправачнай станцыі (ажыццяўляецца замена ёмістасцей і калонак).

Юрый Краснякоў (у цэнтры) з механізатарамі Аляксандрам Ільіным і Аляксандрам Нарчуком.

Ступень адказнасці немагчыма пераацаніць

Узначальваць структуру такога кшталту, як машынна-трактарная база Талачынскага кансервавага завода, — вялікая адказнасць. Не кожны пагодзіцца ўскласці яе на свае плечы, і не кожнаму такія функцыі давераць.

Юрый Краснякоў узбагачаў свой вопыт і павышаў прафесіяналізм стараннай і захопленай вучобай і працай на працягу ледзь не дваццаці гадоў: у 2007-м закончыў Беларуска-расійскі ўніверсітэт (Магілёў) па спецыяльнасці «тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў»; чатыры гады адрабіў інжынерам па забеспячэнні і рамонце сельгастэхнікі на Барысаўскім заво-дзе аўтатрактарнага электраабсталявання; у 2011-м, вярнуўшыся на радзіму, у Талачын, уладкаваўся на кансервавы завод, дзе ўзначаліў аўтакалону, і толькі тры гады таму быў прызначаны на пасаду начальніка машынна-трактарнай базы (аўтакалона ўваходзіць у яе склад).

Маштабы прафесійнай дзейнасці на пачатку працоўнага шляху (у Барысаве) не ідуць ні ў якое параўнанне з цяперашнімі: на БАТЭ Юрый адказваў за тэхніку далучанага да завода сельгаспрадпрыемства, у якім, напрыклад, камбайнаў было толькі чатыры адзінкі супраць цяперашніх (на Талачынскім кансервавым) шаснаццаці.

Сіла калектыву

Паспяховая эксплуатацыя і рамонт тэхнікі, падкрэслівае начальнік машынна-трактарнай базы, ажыццяўляюцца дзякуючы прафесіяналізму ўсяго калектыву гэтай структурнай адзінкі. На сённяшні дзень тут працуюць 54 трактарысты і 26 вадзіцеляў, а арганізацыйныя функцыі разам з Юрыем Красняковым выконваюць начальнік мехатрада Уладзімір Бондараў, інжынеры-механікі Ігар Карашкоў і Юрый Козік, дыспетчар Галіна Віннік.

Запчасткі, паводле слоў Юрыя Аляксандравіча, пастаўляюцца аператыўна, па меры ўзнікнення неабходнасці, і заслуга ў гэтым, вядома ж, належыць кіраўніцтву завода. Зрэшты, усё ўзаемазвязана і ўзаемаабумоўлена: адміністрацыя прымае эфектыўныя кіраўнічыя і гаспадарчыя рашэнні, а работнікі вырабляюць запатрабаваную, жыццёва неабходную ў рэспубліцы і за яе межамі прадукцыю і атрымліваюць за гэта дастойны заробак у адпаведнасці са сваім укладам у агульную справу, а таксама маюць павагу і ўдзячнасць жыхароў краіны за гарантаваную харчовую бяспеку.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Апрель 2022
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Март   Май »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене