У Талачынскім гісторыка-краязнаўчым музеі можна азнаёміцца з новай кнігай пра генацыд беларускага народа
Сёння пракурор Талачынскага раёна Аляксей Карсакоў ва ўрачыстых абставінах перадаў Талачынскаму гісторыка-краязнаўчаму музею выдадзеную сёлета пад рэдакцыяй генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа кнігу «Геноцид белорусского народа». На цырымонію былі запрошаны работнікі сферы ідэалогіі і культуры, прадстаўнікі грамадскасці.
Ужо на працягу года, з красавіка 2021-га, Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь вядзецца расследванне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ў кнізе сабраны даведачна-аналітычныя і дакументальныя матэрыялы на адпаведную тэму. Гаворачы пра гэтае выданне, Аляксей Аляксандравіч між іншым адзначыў, што інфармацыя ў ім пададзена на рускай і англійскай мовах, а таму кніга ў нейкай ступені з’яўляецца і адказам Захаду на яго спробы дыктаваць нашай краіне сваю волю.
— Але патрэбна гэтая кніга ў першую чаргу нам самім — каб мы памяталі, хто мы і адкуль, і заставаліся самімі сабою, ішлі сваім шляхам, а не пагаджаліся на ролю нейкага дадатку ці то да Захаду, ці то да Усходу, — паведаміў Аляксей Карсакоў.
Дырэктар музея Ірына Пікулік пазнаёміла прысутных з работай свайго калектыву па захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну, прадэманстравала на мультымедыяпраектары дзве прэзентацыі на тэму генацыду беларускага народа, адна з якіх падрыхтавана Генеральнай пракуратурай.
Талачынскі раён, паведаміла Ірына Мікалаеўна, знаходзіўся пад акупацыяй з 9 ліпеня 1941 года па 26 чэрвеня 1944-га. За гэты час на Талачыншчыне немцамі і іх памагатымі знішчана больш за 9 з паловаю тысяч мірных жыхароў і вывезена ў рабства 2 з паловаю тысячы. Самае вялікае месца забойстваў насельніцтва знаходзіцца паблізу вёскі Маціёва, там расстраляна больш за 4 з паловаю тысячы чалавек.
— На жаль, экспанатаў з часоў акупацыі ў нас няшмат, але мы як можам развіваем гэтую тэму, — паведаміла Ірына Пікулік. — На нашых экспазіцыях размешчаны лісты, якія дасылалі на акупіраваную тэрыторыю сваім родным прымусова вывезеныя ў Германію людзі (вядома ж, напісаны яны з улікам нямецкай цэнзуры), даведачная інфармацыя пра вынішчэнне фашыстамі нашага народа (паняцце генацыду, звесткі пра колькасць ахвяр і інш.). Распрацаваны ў нас занятак, які датычыцца тэмы генацыду на тэрыторыі Талачынскага раёна (у яго рамках вядзецца гаворка пра акупацыйны рэжым і спаленыя вёскі). А кніга цяпер зойме пачэснае месца, і нашы наведвальнікі змогуць з ёй азнаёміцца.
Сяргей АБРАМОВІЧ.