Вуліца Нарчука: партызаны верылі свайму камандзіру

7 марта 2014 9:42

З вялікай цікавасцю пазнаёміўся з рэдакцыйным праектам любімай у раёне газеты “Наша Талачыншчына” — “Я жыву на вуліцы героя”. Лічу яго з’яўленне напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вельмі своечасовым і патрэбным.

Ідуць гады, змяняецца аблічча нашага горада, вёсак раёна, змяняюцца і пакаленні яго жыхароў, адыходзяць у гістарычную далеч важныя падзеі нашага жыцця. Нават страшныя 1941 — 1945 гады Вялікай Айчыннай вайны і чатырохгадовай акупацыі Беларусі і нашага раёна ўсё меней выклікаюць гераічных эмоцый, асабліва ў моладзі. Тым не менш лічу, што нашы школьнікі, большасць маладых людзей цікавяцца гераічнай спадчынай удзельнікаў і сведкаў  вайны, мужнасцю і трагічнымі падзеямі ваеннага часу  ў родных мясцінах.

На жаль, усё менш застаецца сярод нас ветэранаў вайны, людзей старэйшага пакалення, якія мужна пераносілі цяжкасці, гора і страты таго часу, якія маглі б расказаць аб перажытым. Жыхары раёна ганарацца сваімі гераічнымі землякамі і тымі, хто не шкадуючы жыцця змагаўся з ворагам на франтах жудаснай вайны і ў партызанскіх атрадах, у падполлі. Адным з такіх паважаных і яркіх удзельні-каў партызанскага руху на Талачыншчыне быў Сямён Мікалаевіч Нарчук, імя якога носіць адна з вуліц г. Талачына.

Сямён Мікалаевіч, карэнны жыхар раёна, нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Козкі Плоскаўскага (зараз Талачынскага) сельскага Савета ў сям’і беднага селяніна. Землякі-аднагодкі помнілі Сямёна як кемлівага, жвавага завадатара ўсёй дзетвары ў вёсцы. У 20 — 30-я гады ён стаў адным з актыўных арганізатараў новага жыцця на сяле. У 1932 годзе ўступіў у рады ВКП(б), працаваў старшынёй сельсавета, выбіраўся сакратаром партыйнай  ячэйкі. Вось як успамінаў аб ім яго паплечнік, былы сакратар Талачынскага падпольнага райкама партыі Аляксей Пятровіч Пахамовіч: “Упершыню я сустрэўся з Сямёнам у 1936 годзе ў вёсцы Кувечына Палюдаў-скага сельсавета, калі там у ганаровай абстаноўцы калгаснікам быў уручаны акт на вечнае карыстанне зямлёй. Ён, зусім яшчэ малады, сядзеў за вялікім  сталом сярод пажылых барадатых сялян і вёў шчырую размову аб праблемах і цяжкасцях перажываемага перыяду. І столькі ў ім было энергіі, упэўненасці, аптымізму, што нават самыя асцярожныя адразу пачыналі верыць маладому старшыні…”

У 1937 годзе С. М. Нарчука абралі першым сакратаром Талачынскага райкама камсамола, пазней — як здольнага арганізатара моладзі — сакратаром райкама партыі. Перад Вялікай Айчыннай вайной Сямён Мікалаевіч быў прызваны на ваенныя зборы на вучобу, а затым накіраваны ў дзеючую  армію.

На акупіраванай фашыстамі тэрыторыі Беларусі ўжо з першых месяцаў пачалі стварацца падпольныя і партызанскія групы і атрады з патрыятычна настроеных мясцовых жыхароў і вайскоўцаў, якія не змаглі выйсці за лінію фронту і засталіся ў тыле ворага. Але гэта былі разрозненыя, слаба ўзброеныя, не звязаныя адной мэтай групы. Патрабавалася прыдаць партызанскаму руху арганізаваны парадак. Пасля стварэння па рашэнні Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў дзеючай  Чырвонай Арміі быў аб’яўлены Асобы Беларускі збор для афіцэраў і чырвонаармейцаў, жадаючых змагацца ў тыле ворага на сваёй роднай зямлі. Цэнтр Асобага Беларускага збору па падрыхтоўцы і стварэнні партызанскіх фар-міраванняў быў арганізаваны пад горадам Мурамам Уладзімірскай вобласці Расіі.

Былы начальнік партызанскай брыгады “Гроза” Дзмітрый  Міхайлавіч Катлярчук (ураджэнец Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці) пісаў аб нараджэнні брыгады “Гроза”: “У канцы красавіка 1942 года пад горад Мурам прыбылі з розных вайсковых часцей афіцэры і радавыя Чырвонай Арміі, якія выказалі жаданне змагацца ў тыле ворага… За зусім невялікі час было сфарміравана 14 партызанскіх атрадаў і 92 арганізатарскія групы, якія пасля спецыяльнай падрыхтоўкі накіроўваліся ў варожы тыл. Тут быў створаны і наш партызанскі атрад “Гроза” — ядро будучай партызанскай брыгады, які  адпраўляўся ў Талачынскі раён. Камандаванне будучай брыгады было зацверджана ЦК КП(б)Б і ЦШПР. Камандзірам прызначылі Мікалая Арцёмавіча Рашэтнікава, ураджэнца вёскі Стары Талачын, камісарам — Сямёна Мікалаевіча Нарчука з вёскі Козкі (да вайны абодва працавалі ў Талачынскім раёне), начальнікам штаба брыгады — мяне, намеснікам начальніка штаба — Яўгена Рыгоравіча Мяжэвіча з вёскі Жукнева. Усяго ў атрадзе перад адпраўкай за лінію фронту было 52 чалавекі.

20 чэрвеня  1942 года мы рушылі ў далёкі шлях. І вось, нарэшце, мы на роднай зямлі!  Гэта было 23 ліпеня. Сэрца скаланулася ад болю, калі мы ўбачылі бязлюдныя вёскі. Спыніліся ў Субачэўскім лесе, непадалёку ад вёскі Межыёва…” Брыгада, як і іншыя партызанскія фарміраванні, пачала дзейнічаць, абрастаючы асабовым складам, знішчаючы фашысцкія гарнізоны, жывую сілу і тэхніку ворага, пускаючы пад адхон чыгуначныя эшалоны немцаў, ідучыя з танкамі, снарадамі, гаручым і жывой сілай захопнікаў на фронт.

Цяжка прыходзілася і партызанам. Каб засцерагчы свае тылы, фашысты вымушаны былі адцягваць значныя вайсковыя сілы для барацьбы з партызанамі. Добра ўзброеныя карныя часці фашыстаў з танкамі, мінамётамі, гарматамі не аднойчы спрабавалі блакіраваць і знішчыць партызан, якія, як і брыгады Гудкова, Лявонава, вымушаны былі пакідаць свае асноўныя базы і перамяшчацца, нярэдка са стратамі, па тэрыторыі Талачынскага, Сенненскага, Чашніцкага і іншых раёнаў. Але гэта не перапыняла барацьбы. Да партызан прыходзілі новыя і новыя папаўненні з ліку мясцовых жыхароў.

У чэрвені 1943 года камандзіра брыгады “Гроза” М. А. Рашэтнікава пераводзяць у Беларускі штаб партызанскага руху, а новым камандзірам брыгады  прызначаецца Сямён Мікалаевіч Нарчук — камісар брыгады, адзін з выдатных арганізатараў партызанскага руху ў раёне.  У ліпені 1943 года для ўзмацнення партыйнага кіраўніцтва народнай барацьбой у раёне ствараецца Талачынскі падпольны райкам КП(б)Б, які ўзначаліў Сямён Мікалаевіч Нарчук.

Брыгада і падпольны райкам працягвалі паспяхова дзейнічаць, наносячы захопнікам усё большыя страты, абараняючы партызанскія зоны і дапамагаючы мясцовым жыхарам у правядзенні палявых і іншых работ.  Да лета 1944 года партызанская брыгада “Гроза” мела 8 атрадаў і аб’ядноў-вала звыш тысячы партызан, кантралявала каля 180 населеных пунктаў зоны дзеяння. Камандзір брыгады Сямён Мікалаевіч Нарчук моцна перажываў за давераных яму байцоў, мясцовых жыхароў і вынікі  карных экспедыцый захопнікаў, якія не ўдавалася прадухіліць партызанам, прымаў усе беды і няўдачы блізка да сэрца, якое стала падводзіць. Ведаючы многіх людзей у раёне, сустракаўся і вёў з імі адкрытыя размовы. Пад камандаваннем камбрыга былі ажыццёўлены сотні баявых аперацый па разгроме варожых эшалонаў, гарнізонаў праціўніка, зроблена шмат іншага на карысць раёна і дзяржавы.

А. П. Пахамовіч успа-мінаў: “Партызаны любілі яго, верылі свайму камісару і камандзіру. Быў ён чалавекам тактоўным, усёй душой унікаў у цяжкасці і патрэбы людзей. Праяўляў пастаянны клопат аб партызанах:  каб былі заўсёды накормленыя, мелі адзенне, абутак. Сямён Мікалаевіч вельмі часта каля кастра марыў разам з байцамі аб мірнай працы, аб шчасці пасляваеннага жыцця.  Але не давялося камбрыгу ўбачыць мірнае жыццё. У жорсткіх схватках у дні блакады ў красавіку-маі 1944 года памёр наш любімы камбрыг. А было яму ўсяго 34 гады”.

Гэта здарылася 28 мая 1944 года, крыху меней за месяц да вызвалення раёна наступаючай Чырвонай Арміяй і злучэння партызан з яе дзеючымі часцямі. Не вытрымала яшчэ маладое сэрца болю за загінуўшых у блакадзе байцоў і сяброў, таго, што не змог захаваць іх жыццё да светлага дня вызвалення. Гэты чалавек заслужыў сапраўдную павагу і добрую памяць.

Прыйшла доўгачаканая перамога, пачалося аднаўленне разбуранага вайной. Па прапанове былых партызан і жыхароў раёна, добра ведаўшых Сямёна Мікалаевіча, рашэннем Талачынскага гарвыканкама №26 ад 10.10.1945 г. вуліцы За-кладбішчанская і часткова Садовая былі перайменаваны ў вуліцу Нарчука. У сувязі з распачатай забудовай цэнтра горада  шматпавярховымі дамамі і неабходнасцю ўдакладнення праграмы развіцця райцэнтра рашэннем гарвыканкама №97 ад 30.08.1983 г. канчаткова замацавана назва вуліцы Нарчука ў сённяшнім яе выглядзе, а частка вуліцы Нарчука, праходзячая паралельна з вуліцай Леніна, перайменавана ў завулак Нарчука. Гэтай памяці заслужыў усім сваім кароткім, але яркім, гераічным жыццём Сямён Нарчук.

Такая вось гісторыя нашай вуліцы, якая носіць імя заслужанага партызанскага камбрыга Сямёна Мікалаевіча Нарчука. Лічу, што аб гэтым павін-ны ведаць не толькі тыя, хто жыве на ёй, але і  ўсе жыхары нашага горада і раёна, каб захоўваць памяць аб Сямёну Мікалаевічу і тое, што ён і яго баявыя сябры абаранялі ў цяжкія гады вайны.

М. ЗАВАДСКІ,
г. Талачын.

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)
Вуліца Нарчука: партызаны верылі свайму камандзіру, 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2014
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене