19 снежня на базе раённай бібліятэкі адбыўся круглы стол, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння нашага знакамітага земляка — лінгвіста Аркадзя Жураўскага. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў, супрацоўнікі гэтай установы Валянціна Русак, Наталля Паляшчук, Эльвіра Ярмоленка, намеснік старшыні Талачынскага райвыканкама Алена Бомберава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Курпан, дырэктар Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Пікулік, супрацоўнікі бібліятэкі, педагогі і навучэнцы гарадскіх школ.

Гаспадары і госці мерапрыемства выступілі з дакладамі пра жыццёвы, прафесійны і творчы шлях Аркадзя Жураўскага, абмяняліся падарункамі (прадстаўнікі Інстытута мовазнаўства прыехалі з кнігамі, а на памяць пра Талачынскі раён атрымалі сувеніры).

Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям'і ў вёсцы Янава 5 жніўня 1924 года. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. Закончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, аспірантуру Інстытута мовазнаўства. Тут, у інстытуце, адпрацаваў болей за 50 гадоў, у тым ліку з 1983 па 1989-ты ўзначальваў яго. Зрабіў вялікі ўклад у вывучэнне гісторыі беларускай мовы. З'яўляецца аўтарам каля 300 навуковых прац, сярод якіх «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (1967), «Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў» (1982), «Мова нашых продкаў» (1983) і шматлікія іншыя.

Усім навукоўцам, якія прымалі ўдзел у круглым стале, пашчасціла працаваць разам з Аркадзем Іосіфавічам. Ён запомніўся ім як просты і душэўны, добразычлівы, далікатны чалавек, заўсёды гатовы дапамагчы, але разам з тым прынцыповы і непахісны ў адстойванні сваёй пазіцыі. У прыватнасці, калі ў дзевяностыя гады на хвалях палітычных узрушэнняў у грамадстве набыла папулярнасць ідэя кардынальнага змянення беларускага правапісу, Аркадзь Жураўскі выступіў яе праціўнікам. Даводзіў ён і права на існаванне назвы месяца «май», замест якой тады часта ўжывалі «травень». Па выніках аналізу выдадзеных Францыскам Скарынам кніг Аркадзь Жураўскі пераканаўча паказаў, што звалі першадрукара менавіта Францыскам, а не Францішкам і не Георгіем (на працягу пэўнага часу назіраліся тэндэнцыі называць Скарыну гэтымі імёнамі).

Успомнілі навукоўцы свайго калегу яшчэ і як вельмі працаздольнага, уважлівага і ўдумлівага даследчыка з шырокім кругаглядам і добрай памяццю. Напрыклад, адказваючы на чыё-небудзь пытанне, ён нярэдка прыводзіў цытату з той ці іншай навуковай крыніцы і называў старонку, на якой гэтыя словы змешчаны. Заўважаў і цаніў стараннасць, працавітасць, мэтанакіраванасць падначаленых. Так, Валянціна Русак прыгадала, што менавіта Аркадзь Жураўскі прапанаваў ёй паступаць у аспірантуру, але яна не была ўпэўнена ў сваіх здольнасцях і падзялілася з ім сумненнямі, на што ён адказаў коратка і пераканаўча, тым самым заахваціўшы яе да такога адказнага кроку: «Ты ўмееш працаваць доўга і моўчкі».

Памяць Аркадзя Жураўскага ўшанавана ў Інстытуце мовазнаўства мемарыяльнай шыльдай, усталяванай каля дзвярэй кабінета, у якім ён працаваў.

Сяргей АБРАМОВІЧ.