У СЭРЦЫ І ПАМЯЦІ ЯНЫ НАЗАЎСЁДЫ
На гэтым месцы, на выездзе з Талачына па вуліцы Энгельса, хутка з’явіцца памятны знак навечна маладым героям, нашым землякам, якія загінулі ў Афганістане і пахаваныя ў нас на Талачыншчыне, на сваёй малой радзіме.
На камяні, сімвале цвёрдасці і непахіснасці, будзе замацаваная пліта з імёнамі загінуўшых у той геаграфічна далёкай ад нас краіне. Але боль ад цяжкіх, незваротных стратаў ніколькі ад гэтага ў нашых сэрцах не змяншаецца і не зменшыцца. Яна апальвае, ускалыхвае пачуцці, служыць напамінам, што нясе гэтая жудасць, назва якой вайна, матулям і бацькам, братам і сёстрам, усім нам, хто, бываючы на магілках сваіх аднагодкаў, ніколі не пагодзіцца з трагічнасцю іх лёсаў.
Да памятнага знака пракладзена прамень-сцяжына — сімвал духоўнай сувязі жывых з адышоўшымі ў вечнасць.
Тыдзень таму, у суботу, тут зноў былі працягнуты работы. Іх выконвалі прайшоўшыя вогненнымі дарогамі тых страшных, незабыўных падзей воіны-афганцы Георгій Георгіевіч Мурашка, Мікалай Мікалаевіч Луковіч, Сяргей Мікалаевіч Шастак, Сяргей Рыгоравіч Лугоўскі, а таксама архітэктар раёна Віктар Васільевіч Пятровіч, старшакласнікі сярэдняй школы №1 г. Талачына разам з настаўнікам Аляксандрам Віктаравічам Маркіянавым, падыходзілі і добраахвотна дапамагалі некаторыя жыхары з бліжэйшага дома №98.
Так аддаецца даніна памяці землякам-талачынцам і зямлі, якая іх узрасціла. Адкрыццё памятнага знака мяркуецца зрабіць ва ўрачыстай абстаноўцы 3 ліпеня — у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
В. БІРУКОЎ.