Дабрачыннасць: нават самы просты, сціплы падарунак прыносіць бязмежную радасць і веру ў лепшае
Сацыяльнай установе, якая фінансуецца часткова з бюджэту, а часткова за кошт пенсій сваіх падапечных, нялёгка бывае звесці канцы з канцамі, каб вырашыць нават элементарныя пытанні жыццезабеспячэння. А што ўжо казаць пра святы і забаўляльныя мерапрыемствы, без спонсарскай дапамогі тут не абысціся.
На шчасце, заўсёды знойдуцца добрыя людзі, гатовыя дапамагчы. У гэтым ужо не аднойчы пераконваліся адміністрацыя і жыхары аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Коханаве. Напярэдадні 8 сакавіка для адзінокіх пажылых людзей тут былі падрыхтаваныя салодкі стол, падарункі (таксама кандытарскія вырабы) і праведзены канцэрт.
З песнямі мінулых гадоў, фальклорнымі і аўтарскімі, пад гармонік і бубен, выступілі ўдзельнікі народнай паэтычнай гасцёўні “Друць” Талачынскага ГДК (кіраўнік У. Чаплянок). Акрамя таго, самадзейныя артысты ўручылі жанчынам віншавальныя паштоўкі. А вось салодкі стол і падарункі ўдалося арганізаваць дзякуючы дапамозе двух сельгаспрадпрыемстваў: УП “Рыдамльскі” (дырэктар В. Хадневіч) і ААТ “Каралькі” (дырэктар Г. Котава). Нягледзячы на вельмі складанае эканамічнае становішча ў сферы АПК, гаспадаркі знайшлі магчымасць аказаць людзям з няпростымі лёсамі матэрыяльную, а разам з тым і маральную, духоўную падтрымку, сваёй увагаю і неабыякавасцю падарылі ім радасць і веру ў дабрыню і чалавечнасць.
С. АБРАМОВІЧ.