Талачынскае прадпрыемства асвоіла выпуск фасадных тэрмапанэлей
Вытворчасць сучаснага, лёгкага ў мантажы, прыгожага і надзейнага аддзелачнага матэрыялу асвоена ў нашым раёне. ПВГУП “ПРОФАСАД” (profasad.by) пачало выпуск тэрмапанэлей з клінкернаю пліткаю.
Тэрмапанэлі выкарыстоўваюцца для аддзелкі фасадаў будынкаў, пры гэтым адначасова дасягаюцца і такія мэты, як цепла- і шумаізаляцыя, абарона сцен ад разбуральнага ўздзеяння знешняга асяроддзя.
Панэль складаецца з двух слаёў: экструдзіраваны пенаполістырол (прылягае да сцяны будынка) і дэкаратыўная плітка (знешні слой). Прымацоўваецца яна да сцяны з дапамогаю дзюбеляў. Такім матэрыялам можна абшыць і цагляны, блочны дом, і драўляны, кардынальна змяніўшы яго стыль, надаўшы будынку зусім іншы, свежы, прывабны выгляд. Акрамя тэрмапанэлей, прадпрыемства выпускае некаторыя іншыя архітэктурныя элементы для знешняй аддзелкі: карнізы, абрамленні вокнаў, молдынгі, русты. Зрабіць заказ на любы від прадукцыі могуць жыхары і юрыдычныя асобы з усіх рэгіёнаў краіны.
Пакуль што на прадпрыемстве дзейнічае 8 працоўных месцаў, але, як паведаміў яго дырэктар Ігар Кошалеў, плануецца пашырэнне вытворчай базы і, адпаведна, штату прыкладна да 20-ці чалавек, адпаведная работа ўжо вядзецца.
У. МІХАЙЛАЎ.