На дзвюх старонках — усё багацце жыцця раёна

22 февраля 2016 14:11

31 жніўня 1950 года ў выходных даных “Чырвонага хлебароба” звыклы для чытачоў подпіс “Адказны рэдактар Л. І. Хаміцкі” змяніўся іншым — “Адказны рэдактар В. П. Мяснікаў”. Канечне, у той час наўрад ці можна было чакаць, што са зменаю кіраўніка зажыве нейкім іншым жыццём выданне, якое з’яўляецца органам райкама КП(б)Б і райсавета дэпутатаў. Сімвалічна выглядала нават назва пасады: не галоўны, а адказны рэдактар, гэта значыць, чалавек, які нясе адказнасць за правільную трансляцыю “палітыкі партыі” ў масы.

Параўноўваючы газету да і пасля таго, як яе ўзначаліў Васіль Мяснікаў, а таксама супастаўляючы яе з газетаю тагачаснага Коханаўскага раёна “Сталінскі прызыў”, нейкіх кардынальных адрозненняў не заўважыш. “Да новых перамог сацыялістычнай сельскай гаспадаркі”, “Хутчэй выканаем план будаўніцтва і рамонту дарог”, “Па-бальшавіцку выканаем рашэнні пленума ЦК КП(б) Беларусі!”, “Па-баявому выканаем план лесанарыхтовак” — загалоўкі гавораць самі за сябе.

Часта практыкавалася змяшчэнне ў газеце матэрыялаў за подпісамі радавых працаўнікоў на тэму вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, вучобы па запатрабаваных у той час спецыяльнасцях і інш. Сёння ўсе яны выглядаюць казённа і непраўдападобна, а як успрымаліся людзьмі таго часу, невядома. Магчыма, недарэчная, празмерная ўзнёсласць, пафаснасць не заўважаліся, чытачоў цікавіў толькі сэнс, значэнне з’яў і падзей, адлюстраваных у гэтых тэкстах. А можа, і пафас успрымаўся як належнае, быў неад’емнаю часткаю тагачаснага жыцця, асаблівасцю светаўспрымання нашых дзядоў, бацькоў.

“Наперадзе нам, маладым спецыялістам жывёлагадоўлі, прадстаіць рашыць вялікай дзяржаўнай важнасці задачу — сумесна з усёй арміяй работнікаў жывёлагадоўчых фермаў калгасаў і саўгасаў забяспечыць датэрміновае выкананне трохгадовага плана развіцця жывёлагадоўлі”, — з гонарам рапартаваў выпускнік школы ветфельчараў у нумары за 10.09.1950.

У тым жа нумары яшчэ адна выпускніца гэтай школы пісала: “Набыць спецыяльнасць мне дапамагла родная савецкая дзяржава. На працягу вучобы я не толькі не плаціла за навучанне, але атрымлівала ад дзяржавы стыпендыю, карысталася іншымі паслугамі. У адказ на клопаты партыі, савецкага ўрада і таварыша Сталіна абавязваюся самааддана працаваць на карысць любімай Радзімы. Мой дэвіз — рухаць уперад справу развіцця жывёлагадоўлі”.

Убачыць скрозь гэты афіцыёз рэальнае жыццё тагачасных людзей, іх штодзённыя асабістыя клопаты, радасці і засмучэнні даволі няпроста. Усе публікацыі з жыцця раёна (былі яшчэ паведамленні на міжнародную тэму і з жыцця іншых рэспублік СССР) можна падзяліць на два тыпы: заклікальныя ўра-патрыятычныя стаханаўскія і крытычныя. Крытыцы падвяргаліся сельсаветы, калгасы, разнастайныя раённыя службы. Напрыклад, электрасеткі (кажучы сённяшняю моваю, бо тады гэта было іншае ведамства). “Нядаўна жыхары гарадскога пасёлка Талачын былі ўзрадаваны адной даволі прыемнай падзеяй: пасля доўгага перапынку ў кватэрах раптам загарэліся электралямпачкі. Але радасць была дарэмнай: праз двое сутак святло зноў знікла. Аб тым, калі яно з’явіцца, ведае хіба толькі дырэктар райпрамбыткамбіната, у веданні якога знаходзіцца электрастанцыя”, — такая вытрымка з ліста ў рэдакцыю была змешчана ў нумары за 14.09.1950.

А вось яшчэ адна крытычная замалёўка, якую сёння мы апублікавалі б у рубрыцы “Праблемы жыццезабеспячэння”: “У магазіне №2 Слаўнаўскага сельпо вельмі часта адсутнічаюць тавары шырокага ўжытку. Акрамя таго, у магазіне не выконваюцца правілы санітарыі, тавары заўсёды пакрыты пылам. Старшыня Слаўнаўскага сельпо не праяўляе належных клопатаў аб спажыўцах” (газета за 21.12.1950).

Нумар за 26.11.1950 яўна не ўзрадаваў старшыню Друцкага сельсавета: “Прайшло ўжо больш месяца, як пачаўся лесанарыхтоўчы сезон. За гэты час калгасы Друцкага сельсавета яшчэ зусім нічога не зрабілі. Справа ў тым, што старшыня сельсавета самаўхіліўся ад правядзення лесанарыхтовак і не мабілізуе калгаснікаў на выкананне гэтай важнейшай дзяржаўнай задачы. Іншых прычын для тлумачэння зрыву графіка нарыхтовак і вывазкі драўніны няма”.

Нярэдка даставалася за безадказнасць і разгільдзяйства нават актывістам партыі, праўда, толькі мясцовага, а не раённага ўзроўню: “Кіраўнік гуртка па вывучэнні гісторыі ВКП(б) пры партарганізацыі сельгасарцелі імя Энгельса тав. Блізнец старанна рыхтаваўся да пачатку новага навучальнага года. Аднак першы дзень вучобы не прынёс жаданых вынікаў. Слухачы гуртка прыйшлі на заняткі без паперы і алоўкаў. Слухач гуртка член ВКП(б) тав. Сталяроў не з’явіўся на заняткі. Сакратар партарганізацыі тав. Маслоўскі на першыя заняткі спазніўся на паўгадзіны” (нумар за 19.10.1950).

Першае ўражанне, якое ўзнікае пры вывучэнні падшывак, — спачуванне людзям той эпохі. Адна партыя, адна газета, на старонках якой — адны і тыя ж заклікі: выканаем, дадзім, забяспечым, не дапусцім… Людзі нібыта пастаянна адчувалі сябе абавязанымі і дзякавалі, як тая выпускніца ветшколы, партыі, ураду і таварышу Сталіну за тое, што ім дазваляюць жыць і працаваць. Творчасць, захапленні, адпачынак — усяму гэтаму, зразумела, таксама было месца ў жыцці, але на старонках газеты не знаходзілася. Што і нядзіўна, бо абумоўлена гэтая з’ява, напэўна, не толькі ідэалагічнымі асаблівасцямі эпохі, а і чыста тэхнічнымі прычынамі: газета ў той час уяўляла сабою адзін ліст фармату А3.

Хаця ў гэтым, відаць, быў і свой плюс: лаканічнасць, канкрэтнасць і змястоўнасць газетнай журналістыцы толькі на карысць. Чытачы даведваліся пра самае істотнае, атрымлівалі найбольш злабадзённыя, па-дзелавому прамалінейна і недвухсэнсоўна выкладзеныя звесткі і, пераканаўшыся ў тым, што па-ранейшаму ідуць пад кіраўніцтвам роднай партыі правільным шляхам, працягвалі ўдарную працу па будаўніцтве светлай будучыні.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 9.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)
На дзвюх старонках — усё багацце жыцця раёна, 9.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2019

Год малой родины

75-летие освобождения Беларуси

Конкурс туристических фильмов

Ритуальные услуги

Земельные участки

ТехИнноПром 2019

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Февраль 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
29  

Архив новостей