Шмат прыгажосці і крыху містыкі з гумарам
У раённым Доме рамёстваў ніколі не спыняецца творчы працэс: пастаянна, калі толькі калектыў не выязджае куды-небудзь з выставамі, кіраўнікі і наведвальнікі гурткоў нешта вырабляюць у розных тэхніках рукадзелля. Дарэчы, усе створаныя імі вырабы ўнікальныя, эксклюзіўныя, ніводзін з іх не паўтараецца.
На сённяшні дзень тут дзейнічае дзясятак разнастайных аб’яднанняў: гурткі лозапляцення для дзяцей і дарослых, саломапляцення, вышыўкі (дарослы і ў бліжэйшай перспектыве адкрыецца дзіцячы), вязання, вырабу цацак (лялькі і інш.), крэатыўнага рукадзелля (макрамэ і інш.), ручнога ткацтва (выраб паясоў), народны (гэта званне) клуб народных майстроў і мастакоў-аматараў.
Ад шматлікіх твораў ручной работы, расстаўленых, раскладзеных і развешаных па Доме рамёстваў, ад гэтага багацця фарбаў і формаў разбягаюцца вочы. Усе гэтыя рэчы можна набыць, проста зайшоўшы сюды і выбраўшы тое, што спадабаецца.
— Я ўсё жыццё пражыла ў Талачыне, але пакуль не прыйшла ў гурток саломапляцення, не ведала, што ў нас ёсць такія таленавітыя людзі, — прызналася адна з наведвальніц Дома рамёстваў. — Цяпер кожную сераду чакаю з нецярпеннем (у гэты дзень у нас занятак), жыта вырошчваю, каб салому атрымліваць.
— Звычайна, калі прыязджаюць госці, думаеш, куды іх звадзіць, што паказаць у Талачыне. Вось куды трэба весці, у Дом рамёстваў, — падтрымалі калегу па захапленні іншыя ўдзельніцы гуртка. — Праўда, ёсць гэтаму адна сур’ёзная перашкода. Паглядзіце, у якім цесным і старым будынку мы тулімся. Ніякавата, сорамна было б паабяцаць людзям экскурсію ў свет прыгажосці і прывесці іх да гэтай незаўважнай, асеўшай у зямлю драўлянай хаціны. Дваццаць першае стагоддзе на дварэ, а мы тут нават без водаправода, і павярнуцца няма як, няма дзе матэрыялы раскласці для работы.
— На разнастайных выязных мерапрыемствах (Дзень беларускага пісьменства і друку, “Дажынкі” і інш.) Дом рамёстваў дастойна прэзентуе раён, выклікае захапленне сваімі выставамі. Але калі б нехта сам прыехаў да нас, то быў бы вельмі ўражаны кантрастам, убачыўшы, у якіх умовах ўся гэтая прыгажосць ствараецца.
Вырабы майстроў Дома рамёстваў сапраўды маюць вялікую каштоўнасць для прэзентацыі раёна, для дэманстрацыі творчага патэнцыялу яго жыхароў, багацця гісторыі і традыцый. Іх дораць разнастайным афіцыйным асобам, выкарыстоўваюць як творчыя візітныя карткі Талачыншчыны, прапаноўваюць на продаж.
У канцы мінулага года выйшла кніга “Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны”, у якой прадстаўлены народныя касцюмы, адноўленыя дамамі і цэнтрамі рамёстваў, музеямі вобласці. На заднім форзацы кнігі (унутраны бок вокладкі) размешчаны фотаздымкі касцюмаў розных раёнаў, у тым ліку і жаночы касцюм, адноўлены нашым Домам рамёстваў ва ўзаемадзеянні з раённым гісторыка-краязнаўчым музеем (паводле літаратурных крыніц і экспанатаў музея).
Падчас Дня беларускага пісьменства і друку ў Полацку здарыўся такі выпадак. Чалавек хацеў набыць пояс, пацікавіўся экспазіцыяй Дома рамёстваў, пайшоў далей па радах выставы, але ў рэшце рэшт усё ж вярнуўся і, даведаўшыся, што гэта экспазіцыя з Талачынскага раёна, здзівіўся: “Дык вось чаму мяне да вас пацягнула. У мяне ж жонка з Анеліна”. Можна разглядаць гэты эпізод як супадзенне і паставіцца да яго з гумарам (тым больш што экспазіцыя звычайна падпісана), а можна і дапусціць, што ва ўзорах на паясах адбіліся нейкія характэрныя рысы, нейкі таемны код, які чалавек распазнаў несвядома, на ўзроўні інтуіцыі. Пояс пляцецца з нітак на працягу некалькіх дзён, і нават калі вырабляецца ён паводле якой-небудзь метадычкі, то хто ведае, ці не адбываецца так, што майстар, доўга седзячы над шпулямі нітак, прапускаючы кожны іх міліметр праз свае рукі і праз свой позірк, несвядома кадзіруе ў канчатковы прадукт нейкія свае індывідуальныя асаблівасці, якія пасля сканіруюцца вачамі і распазнаюцца свядомасцю спажыўца гэтага прадукту?
Відавочна, што Год малой радзімы Талачынскі Дом рамёстваў сустракае не з пустымі рукамі, а з багатаю творчаю скарбонкаю, пры дапамозе якой свае родныя мясціны можна дастойна прэзентаваць. А пры наяўнасці прасторнага і прэзентабельнага на выгляд будынка ён меў бы шанцы стаць папулярным культурна-відовішчным і перспектыўным турыстычным аб’ектам.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: гурток саломапляцення (крайняя з левага боку — кіраўнік Ларыса Станкевіч).
Шмат прыгажосці і крыху містыкі з гумарам,