Суверэнітэт і дабрабыт краіны — найвышэйшыя каштоўнасці для Анатолія Анюхоўскага як парламентарыя і проста грамадзяніна

23 сентября 2019 12:16

Адзін з чатырох грамадзян, якія запісаліся на чарговы прыём да члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктара Талачынскага кансервавага завода Анюхоўскага А. В., паставіў перад парламентарыем некалькі пытанняў эканамічнага і палітычнага характару агульнарэспубліканскага маштабу. У прыватнасці, наведвальнік прапанаваў бясплатна выдзяляць насельніцтву дровы і выказаў меркаванне аб мэтазгоднасці поўнага ўваходжання Беларусі ў склад Расіі.

Праўда, аргументацыя гэтых прапаноў аказалася слабаватаю. Так, наконт дроў грамадзянін заявіў, што нібыта ў Туркменістане насельніцтву выдаецца бясплатны бензін і нам трэба спраецыраваць гэты вопыт на свае рэаліі, дазволіўшы народу ў рамках пэўных лімітаў свабодна карыстацца сваім прыродным багаццем — лесам. На самай справе бясплатны бензін у Туркменістане выдавалі з 2008 па 2014 год (па талонах, 120 літраў у месяц). Больш за тое, сёлета ў гэтай краіне адмянілі некалі бясплатнае забеспячэнне насельніцтва электраэнергіяй, газам, пітной вадой і харчовай соллю — як відаць, рынак бярэ сваё, супраць яго законаў не пойдзеш, а калі і пойдзеш, то доўга не пратрымаешся.

АГУЛЬНАНАРОДНАЕ ДАБРО НЕЛЬГА РАСЦЯГВАЦЬ ПА ПРЫВАТНЫХ ПАДВОРКАХ

— Калі кожны пачне нарыхтоўваць сабе, як вы прапаноўваеце, па 5 кубоў дроў на няўдобіцах і бураломе, то не хопіць ніякіх леснікоў, каб кантраляваць гэты працэс, — ацаніў Анатолій Васільевіч ініцыятыву грамадзяніна. — А без кантролю пачнуцца злоўжыванні, пацягнуць хто, што і колькі захоча — і некандыцыйную, і самую высакаякасную драўніну ў любых аб’ёмах.

Контраргумент наведвальніка прагучаў зусім ужо спекулятыўна і выклікаў усмешку: “Мы за гэтыя лясы пралівалі кроў, і цяпер гэта наш агульны здабытак”. Пралівалі не мы, а нашы продкі, і не толькі за лясы, а за ўсю краіну, за спакойнае жыццё і дабрабыт усіх будучых пакаленняў. Сённяшняя ж наша задача — захаваць законнасць, правапарадак, у тым ліку і зберагчы для нашчадкаў багатыя прыродныя рэсурсы, а не задаволіць за кошт іх бескантрольнай эксплуатацыі нейкія свае імгненныя, тут і зараз, матэрыяльныя інтарэсы.

ХОЧАМ БЫЦЬ ПАРТНЁРАМІ, А НЕ ЎТРЫМАНЦАМІ

Адносна магчымага ўваходжання ў склад Расіі грамадзянін таксама аперыраваў звесткамі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. “Наш народ калісьці галасаваў на рэферэндуме за аб’яднанне з Расіяй. Нам гэта выгадна з эканамічнага пункту гледжання, бо ў іх (у расіян.Заўв. рэд.) грошай нямерана”, — так абгрунтаваў ён сваё пажаданне.

У ходзе рэферэндуму 1995 года беларусы выказаліся не за аб’яднанне, а толькі за эканамічную інтэграцыю з Расіяй. Фармуліроўка ў бюлетэні выглядала наступным чынам: “Ці падтрымліваеце вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?” У адпаведнасці са звесткамі Цэнтрвыбаркама, 83,3% насельніцтва падтрымалі гэтыя дзеянні, і з таго часу інтэграцыйныя працэсы паступова ажыццяўляюцца — узважана, па меры магчымасці і неабходнасці,   без раптоўнай ломкі эканамічных сістэм абедзвюх краін.

Ну, а “нямераныя грошы” Расіі — проста наіўная фантазія. Вось што пісаў сёлета 19 чэрвеня расійскі інфармацыйны рэсурс gazeta.ru, спасылаючыся на аднаго высокага чыноўніка: “Кіраўнік Падліковай палаты Расіі (руск. “Счётная палата”, дзяржаўны орган, які ажыццяўляе кантроль за федэральным бюджэтам.Заўв. рэд.) Аляксей Кудрын лічыць, што праблема беднасці ў Расіі стала звышвостраю”; “Кудрын адзначыў, што лічыць беднасць ганьбаю краіны. Больш за 12% бедных у краіне — гэта каля 19 мільёнаў чалавек. Ім трэба дапамагаць больш актыўна”. Можа быць, у каго-небудзь там і сапраўды грошай куры не клююць, але хто будзе імі дзяліцца з суседнім народам, калі не дзеліцца нават са сваім?

ПА ДЗЕВЯНОСТЫХ МЫ НЕ НАСТАЛЬГІРУЕМ

— Багатыя ў Расіі ў першую чаргу алігархі, якія аббіраюць свой народ і вывозяць валюту за мяжу. Гэта маё асабістае меркаванне. Можа быць, я ў чым-небудзь памыляюся, але гавару тое, што думаю, і аперырую тымі звесткамі, якія маю, — падзяліўся Анатолій Васільевіч сваім бачаннем сітуацыі. — Нам яны за проста так нічога не дадуць. Мы для іх цікавыя, наадварот, з пункту гледжання таго, як бы ў нас што-небудзь адхапіць на халяву. Колькі разоў Прэзідэнт Беларусі прапаноўваў выгадныя здзелкі: і завод колавых цягачоў прадаць, і калійны камбінат — не захацелі. Паглядзелі, прыцаніліся і адмовіліся, таму што ў сваёй краіне ім удалося прыбраць усё да рук за тры капейкі, а тут трэба плаціць рэальны кошт, па законе і па справядлівасці. Ну, ахвяруем мы сваім суверэнітэтам, аддадзім сваю краіну ў якасці губерніі — і што адразу пачнецца? Пачнецца барацьба за нашы смачныя кавалкі, дзяльба сфер уплыву на нашай тэрыторыі, як гэта было ў Расіі ў дзевяностыя.

БУДЗЕМ РАДЫ ІНВЕСТАРАМ, А НЕ КРУЦЯЛЯМ І ХАПУГАМ

Некалькі гадоў таму хадзілі чуткі, што сельгаспрадпрыемствамі Талачынскага раёна зацікавіліся то расійскі, то ўкраінскі, то яшчэ які-небудзь прыватнік. Заезджыя дабрадзеі нібыта хацелі іх выкупіць і забяспечыць росквіт нашай сельскагаспадарчай галіны дзякуючы ўвядзенню перадавых тэхналогій і арганізацыі экспарту прадукцыі. Гэтыя няспраўджаныя абяцанкі таксама прыгадаў і папрасіў пракаменціраваць субяседнік Анатолія Васільевіча.

Хто-небудзь, пачуўшы звон, ды не ведаючы, дзе ён, мог бы з тых колішніх чутак зрабіць выснову пра некампетэнтнасць або зламысныя дзеянні дзяржаўнай улады, якая суне палкі ў колы прыватнаму бізнесу. Але на самай справе, аказваецца, тады паўтарылася ў мініяцюры вышэйапісаная сітуацыя з алігархамі:

— Прыехалі, паглядзелі, азнаёміліся з матэрыяльнай базай. Зразумелі, што на талерачцы ўсё гатовенькае ім ніхто не паднясе, проста зняць вяршкі не атрымаецца, давядзецца спачатку папрацаваць, укласці сродкі, вырашыць праблемы. І ў выніку адмовіліся. Камбайны тут, бачыце, гомельскія, а не джондзіраўскія, трактары — мінскія, а не клаасаўскія, многія жывёлагадоўчыя памяшканні патрабуюць рамонту, а купіць усё гэта ім прапаноўваюць зусім не за сімвалічную адну базавую — вось і страцілі цікаўнасць, не знайшоўшы лёгкай спажывы.

Працаваць у інтарэсах народа, а не задавальняць свае інтарэсы за яго кошт — галоўная ідэя, на якой грунтуецца пазіцыя Анатолія Васільевіча і як дэпутата, і проста як чалавека.

*  *  *

Іншыя грамадзяне запісаліся на прыём з пытаннямі, якія з’яўляюцца выключна асабістымі і не маюць грамадскай значнасці, або знаходзяцца даволі далёка ад кампетэнцыі дэпутата верхняй палаты Парламента.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 5.5/10 (2 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 2 votes)
Суверэнітэт і дабрабыт краіны — найвышэйшыя каштоўнасці для Анатолія Анюхоўскага як парламентарыя і проста грамадзяніна, 5.5 out of 10 based on 2 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Сентябрь 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Авг   Окт »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене