Рыдамля. Гарэла вёска ў агні…

25 января 2020 20:46

Прыгожая была да вайны вёска Рыдамля. Уся яна палымнела ў яркіх фарбах астраў і вяргінь. А з вясны і да позняй восені цвілі тут дзіўныя кветкі, якія па-мясцоваму называліся пеўнікамі. Вуліца была шырокая, уздоўж яе раслі вялікія дрэвы. Да вайны тут налічвалася каля 140 двароў.

Такой у памяці Кацярыны Паўлаўны Рылько засталася родная вёска. 1 студзеня 2020 года справіла жанчына 95-годдзе. Хударлявая, з пранізлівым позіркам дзе са слязьмі на вачах, а дзе з усмешкай расказала яна пра сваё жыццё, успомніла даваенны мірны час, сваіх родных, трагічныя падзеі ваеннага ліхалецця.

Бацькі яе працавалі ў калгасе. Маці Праскоўя Якаўлеўна рабіла свінаркай, потым даяркай, а бацьку Кацярына Паўлаўна не памятае. З расказаў маці ведае, што быў ён жывёлаводам і вартаўніком на ферме. Неяк, стаміўшыся, прылёг адпачыць у стозе саломы на самым сонцапёку, заснуў і не прачнуўся. Ёй было тады ўсяго чатыры гады. Маці прыйшлося гадаваць адной трох дачок — Маню, Кацю, Нюру і сына Грышу.

Вестка пра пачатак вайны ўскалыхнула і іх вёску. Амаль з кожнай сям’і мужчын прызыўнога ўзросту адпраўлялі на фронт. У вайну кветак не высаджвалі, яны раслі самі. Дзеці радаваліся гэтаму і верылі, што хутка ўсе вернуцца з фронту, прагнаўшы ворага, і вёска зноў стане прыгожай.

Мірныя жыхары змагалі-ся з ворагам як маглі. Яны падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, аддавалі ім жывёлу, дзяліліся ежай, пяклі хлеб, рамантавалі, мылі адзенне.

Немцы не рызыкавалі заходзіць у партызанскія вёскі. Палілі іх з самалётаў або наляталі знянацку і падпальвалі кожную хату. Як толькі магла падняцца рука на бездапаможных старых, ні ў чым не вінаватых дзяцей, міласэрных жанчын?!

12 верасня 1943 года стаў самым страшным днём для жыхароў вёскі Рыдамля. Вось што напісала пра вераснёўскую трагедыю раённая газета «Чырвоны хлебароб» за 25 сакавіка 1945 года: «12 сентября банда карателей ворвалась в деревню. Старики, женщины, дети, не успевшие бежать в лес, попрятались в погребах, ямках, блиндажах, окопах. Началась ужасная расправа. Деревня была подожжена со всех сторон…

По-своему зверствовал подлый изменник Родины бургомистр Кувека. Он собственноручно застрелил учительницу Сулимову и бросил в огонь инвалида Гражданской войны Мартына Дубовца…

Дотла уничтожили фашисты красивую деревню. 136 жилых домов, школа, сельсовет, магазин и много колхозных построек сгорели в огне. 62 убитых и 43 раненых жителя стали жертвами кровавого фашистского разгула…».

Праскоўя Якаўлеўна з дзецьмі схавалася ў яме. Ім удалося пераседзець фашысцкую навалу. Калі немцы паехалі з вёскі, людзі пачалі паціху вяртацца з лесу, вылазіць са схові-шчаў. Едкі дым ад згарэлых хат засцілаў вочы. Уцалелыя людзі стаялі ля сваіх былых сядзіб і горка плакалі.

Але ж трэба было недзе жыць. Маці з дапамогай дзяцей паставіла будку з цалейшых дошак, бярвення, жэрдак. Абклалі жытло саломай, пазней агульнымі намаганнямі аднавяскоўцы збудавалі зямлянкі. Асабліва цяжка было перажыць зіму, ад холаду выратоўвала самаробная печка, ад голаду — праснакі са змерзлай бульбы.

Малодшага брата немцы вывезлі ў Германію. Старэйшая сястра, каб пазбегнуць той жа долі, выйшла замуж у суседнюю вёску.

Ад цяжкай працы захварэла маці, доўгі час знаходзілася ў бальніцы.

Пасля вызвалення жыхары вёскі пачалі паціху будавацца. Сельвыканкам выдзеліў зямлю і лес. Без мужчынскай сілы, як вядома, цяжка пражыць у вёсцы. Маці прыходзілася наймаць і плаціць таму, хто ёй дапамагаў. На будоўлю хаты лес валілі самі, церабілі, а ставіла зруб брыгада будаўнікоў з чатырох чалавек.

З цягам часу ўзбіліся на карову, свіней, развялі курэй, з гаспадаркі і жылі. З Германіі вярнуўся брат, стаў дапамагаць маці на рабоце, а дзяўчынкі даглядалі гаспадарку. Цяжкая праца і хвароба для маці дарэмна не прайшлі. Трынаццаць гадоў было Кацярыне, калі памерла Праскоўя Якаўлеўна. Цяпер малодшым дапамагала, чым магла, старэйшая сястра.

У школу Кацярына больш не пайшла, з пятнаццаці гадоў рабіла на свінаферме, брат стаў трактарыстам. Выйшла замуж за аднавяскоўца, пастуха Ягора. У іх нарадзілася чацвёра дзяцей — Наталля (1957), Зіна (1960), Юра (1962) і Люба (1963). Мужа не стала 22 гады таму.

Жыве зараз Кацярына Паўлаўна ў доме старэйшай дачкі Наталлі. У яе восем унукаў, васямнаццаць праўнукаў. Уся сям’я сабралася, каб павіншаваць маці, бабулю і прабабулю з юбілеем. Не перадаць словамі той радасці, калі бачыць яна ўсіх здаровымі і шчаслівымі. Ім, сваім нашчадкам, і ўсім людзям зычыць Кацярына Паўлаўна дабра і міру.

Алена СЕРАДА.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 7.5/10 (2 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)
Рыдамля. Гарэла вёска ў агні..., 7.5 out of 10 based on 2 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Январь 2020
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Дек   Фев »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене