Вёска Бук

29 апреля 2020 15:21

Як паведамляецца ў кнізе краязнаўца Анатолія Шнэйдара «Моя Толочинщина», у нашай вёсцы Бук перад Вялікай Айчыннай вайной было 13 двароў, пражывала 65 жыхароў.

На вялікі жаль, час яе ўзнікнення невядомы. Па сведчанні яе старажыла Рамана Стэхванавіча Ценюшкі, вёска каля рачулкі Букаўка стала зараджацца з двух пасяленняў дзесьці на рубяжы 19-20 стагоддзя і прырастала да 20 — 30-х гадоў толькі адгалінаваннямі двух сем’яў. Яе па звычцы яшчэ і ў наш час жыхары суседніх вёсак называлі не інакш як хутарам. І гэта прытым, што хутарскія сядзібы знаходзіліся крыху ўводдалі. Але менавіта гэтыя два пасяленні сталі своеасаблівым цэнтрам далейшай забудовы вёскі, якая жылымі дамамі з гаспадарчымі памяшканнямі працягнулася ад вядомай у гэтай мясцовасці грэблі да мяжы з вёскай Сухачэва. Аддзялялі іх нейкія дзве сотні метраў, але малодшая па часе ўзнікнення не стала падпарадкоўвацца старэйшай (вядомая з 19 стагоддзя) ні назвай, ні ўкладам жыцця. У Сухачэве пражывалі вядомыя ў ваколіцы ганчары, дзясятак чалавек, прызнанне якім прынеслі іх незаменныя ў дамашняй гаспадарцы вырабы. У канцы 60-х гадоў ганчарная справа тут паступова стала сыходзіць, але ганчарныя кругі майстроў некаторы час яшчэ захоўваліся. У канцы 70-х вёску наведаў навуковы супрацоўнік Інстытута мова-знаўства Акадэміі навук Павел Аляксандравіч Міхайлаў з мэтай запісаць спецыфічную лексіку мясцовых ганчароў, якая мае свае адрозненні ў назвах ганчарных кругоў, матэрыялаў і саміх вырабаў. Сабраць удалося няшмат. Майстроў ужо не заспеў у жывых, а ў іх родных у памяці з мудрагелістых назваў захавалася ня-шмат.

Жыхары Бука не пагналі-ся за паўтарэннем сваіх суседзяў. У маіх землякоў (гэтым займаўся і дзед Сцяпан) няблага атрымлівалася бандарыць — стругаць клёпку, гнуць абручы, рабіць кублы, ражкі, бочкі, даёнкі, вычэсваць капылы ў сані, палазы, катаць валёнкі, шыць кажухі… У асенні час рыхтавалі жанчыны з ільну кудзелю, пралі, маталі на матавіла пражу ў маткі, з маткоў — у клубкі. На нашыя дзіцячыя вочы здавалася, што праца ў жанчын не заканчваецца ніколі, бо не бачылі, каб яны штосьці не рабілі.

Гэтак жа было і ў мужчын. Ведалі: не пасееш — не пажнеш, а не пажнеш — і не змалоціш, не змелеш, хлеб не спячэш.

Цяжкі лёс перажыў Бук у ваенны час. У сакавіку 1943 года вёска за сувязь з партызанамі і за знішчэнне імі ў невялічкім баі двух французаў была да адзінай хаты спаленая, а 8 яе жыхароў расстраляныя акупантамі. З зямлянак букаўцы здолелі выйсці на трэці год пасля вызвалення раёна. Літаральна праз хату вёска засталася без мужчын, якія загінулі на фронце, таму цягаць з лесу бярвёны, ставіць дом не было каму.

Больш-менш адбудавалі-ся ў сярэдзіне 50-х. Пашанцавала, што ў Буку, дзе былі залежы гліны, у пачатку 50-х гадоў з’явіўся цагляны завод. Было дзе працаваць, вёска пацягнулася хатамі ў абодва бакі. Асобна за кошт завода ўзводзілася жыллё для завадчан. У канцы 60-х у Буку налічвалася 32 двары, пражывала 137 чалавек.

Зранку і да позняга, у кожную пару года вёска працавала. Рабілі, рабілі, рабілі — дарослыя і дзеці. Жылі дружнай, з’яднанай у працы, агульнымі клопатамі сям’ёй.

Ты краса і прыгажосць зямлі, Букаўка, рачулка-таямніца. Тут пачаткі маіх продкаў, карані, Тут гаючыя маёй душы крыніцы.

Самым пашыраным у Буку быў род Тамаровічаў. У дзеда Якава было два сыны, дзве дачкі. Трое іх засталіся дома, стварылі свае сем’і. Дбалі пра жыццё, славіліся як цесляры, сталяры, садаводы, грыбнікі і ягаднікі Анатолій і Мікалай (звалі Мікалайчык). Пявунняй была сястра Марыя. Захварэла на невылечную хваробу, рана пайшла з жыцця, пакінуўшы траіх дзяцей. Удзячны яе сыну Васілю (зараз Васіль Носаў пражывае ў г. Дуброўна), які перадаў мне свой «Буквар» і па якім я хутка навучыўся чытаць. Яшчэ адна дачка дзеда Якава, Ніна, пражывала ў Маскве. Кожнае лета, пакуль былі сілы, яна ўсёй сям’ёй прыязджала да сваіх родных. Часта распальвалі вогнішча, варылі бульбу, гатавалі стравы з грыбоў. Масквічы нахвальвалі вясковую простую ежу, гаварылі, што толькі на гародніне, малацэ, з прыгатаванага ў печы — усяго будзённага — набіраюцца за водпуск сіл і здароўя. У іх водгуках адчувалася, якой блізкай для іх была родная вёска, якімі шчасцем і радасцю яны свяціліся, ходзячы па знаёмых сцяжынах, дыхаючы водарам ліпавай квецені. Нас, дзяцей, яны частавалі маскоўскімі цукеркамі. Іншых на той час, акрамя падушачак, мы і не ведалі.

Яшчэ адно адгалінаванне гэтага роду — браты Ула-дзімір, Іван і Мікалай (Мікола). Уладзімір скончыў танкавае вучылішча, у вайну прапаў без вестак. Іван і Мі-калай таксама змагаліся на фронце. У пасляваенны час Іван рабіў брыгадзірам, быў калгасным рэвізорам. Мікалай вучыў дзяцей пачатковых класаў. Захапленнем для абодвух стала пчалярства. Яно перадалося і дзецям, і нават дзяўчатам. Дачка Мікалая Іванавіча, якая працавала ў Оршы бухгалтарам, з выхадам на пенсію прыехала на сядзібу мужа ў вёску Свірані і з задавальненнем займаецца пчалярствам. Сядзібы братоў патаналі ў квецені яблынь, груш, вішань і сліў, чаромхі і бэзу. Двары свяціліся дагледжанасцю і чысцінёй.

Сцены ўнутры хат у Буку здзіўлялі тонкасцю і дасканаласцю вышыванак, вязання. Ткалі жанчыны ў некалькі нітак, са складанымі ўзорамі абрусы, ручнікі, посцілкі. З асаблівым гонарам тут адзначу сваю бабулю Аляксандру Сцяпанаўну, якая ткала сама і дапамагала ў ткацтве многім жанчынам у вёсцы. Лепш за яе гэтага ніхто не ўмеў зрабіць. А кросны майстраваў і наладжваў іх работу Сцяпан Міхайлавіч Тамаровіч.

У майстэрстве зрабіць ліштву на вокны, мэблю не было роўных Анатолю Ігнатавічу Тамаровічу, у працы на зямлі — садзе, агародзе — Уладзіміру Сяргеевічу Тамаровічу. Як і яго бацька, ён быў партызанскім сувязным, займаўся распаўсю-джваннем газеты « Чырвоны хлебароб», якая друкавалася падпольна.

Аркадзь Пятровіч Бручкоўскі застаўся ў памяці землякоў высаджаным ім паркам дрэў і кустоў каля дома. Сярод іх былі і рэдкія, экзатычныя культуры.

Піліп Андрэевіч Якубовіч вырабляў сані, драбіны, быў шаўцом і краўцом, пчаляром, цесляром і сталяром.

Лепшай ацэнкай і пахвалой вяскоўцаў такім лю-дзям як дзядзька Піліп, а таксама Сямён Данілавіч Чарняўскі, Іван Іванавіч Агарак, Мікалай Кузьміч Малашкевіч, Мікалай Мікалаевіч Каваленка, Іван Стэхванавіч Ценюшка было заслужанае імі слова — гаспадар. Яно азначала працаўніка, умельцу ва ўсіх справах, на якім трымаецца сям’я і дамашняя гаспадарка.

Васіль Дзмітрыевіч Малашкевіч працаваў на торфа-брыкетным заводзе «Усвіж-Бук», кіраваў як дыспетчар вытворчымі працэсамі прадпрыемства.

Мікалай Сцяпанавіч Бірукоў вырас без бацькі, які загінуў на фронце. З малых год засвоіў навуку насадзіць і адбіць касу, асадзіць рыдлёўку, змайстраваць кассё.

Але незалежна ад таго, хто і кім рабіў у нашай вёсцы Бук, на кожную аса-бістую гаспадарку прыхо-дзіліся карова, а то і дзве, некалькі свіней, куры, гусі, качкі… Усё трымалася на руках мужчын і жанчын.

З 2006 года вёска Бук перастала існаваць. Завяршыла круг свайго багатага на падзеі і здзяйсненні жыцця. Выгадавала, узрасціла нас, выправіла ў свет, на-дзяліла сэрцам і душой, каб мы памяталі пра сваіх родных і блізкіх, пра бацькоўскі кут, прадоўжылі іх добрыя справы.

У памяці словы, песні і жарты маіх вяскоўцаў, радасныя і сумныя моманты іх жыцця, вяселлі і праводзіны ў апошні шлях, якім, кожнаму з іх, мы бясконца ўдзячныя. Так, не прагучалі ў гэтым успаміне імёны жанчын, гаспадынь, нашых матуль, якія далі нам жыццё, але іх мы ўзгадваем штодзённа: колькі будзем жыць — мы ім абавязаныя.

Дарэчы, адна з іх, Марыя Васільеўна Бусоргіна, муж якой прыйшоў з вайны інвалідам, падняла на ногі, дала адукацыю, добрую працоўную загартоўку пецярым сваім сынам і дачцэ. Ніколі ніхто ад яе не пачуў крыўду на цяжкасці і недахопы. Нават зайздросцілі, што яе дзеці ва ўсіх вясковых, гаспадарчых справах сталі яскравым прыкладам таго, як трэба адносіцца да працы, вучобы, адно да аднаго ў сям’і, аднавяскоўцаў, у цэлым да людзей і сваёй роднай зямлі.

Віктар БІРУКОЎ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Апрель 2020
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Март   Май »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене