Талачынскае ПМС ганарыцца сваёй гісторыяй і гатовае папоўніць яе новымі здзяйсненнямі

2 марта 2022 12:53

Сённяшнія работнікі і спецыялісты ПМС: Рыгор Дуран, Анатоль Мяцеліца, Станіслаў Суровы, Раман Дзямешка, Генадзь Вятошкін, Арцём Кувека,Сяргей Гамбалеўскі, Артур Скурыхін, Эрык Іванюта, Уладзімір Доўгі, Сяргей Драгуноў, Андрэй Нікалаевіч, Ягор Гайсёнак. Драгуноў, Андрэй Нікалаевіч, Ягор Гайсёнак.

50-гадовы юбілей свайго прадпрыемства сустрэлі ў мінулым месяцы талачынскія меліяратары. За паўстагоддзя з часу заснавання Талачынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм не толькі зрабіла вялікі ўклад у павышэнне эфектыўнасці сельгасвытворчасці, асушаючы і падтрымліваючы ў прыдатным для земляробства стане забалочаныя землі, але і адыграла незаменную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў цэлым, будуючы жыллё і сельскія дарогі, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, працуючы ў якасці падрадчыка на аб’ектах самага рознага кшталту.

Святкаванне юбілею ў сувязі з асаблівасцямі эпідэміялагічнай сітуацыі было вырашана адкласці і сумясціць з Днём меліяратара (першая нядзеля чэрвеня), а мы пакуль што зробім экскурс у гісторыю Талачынскага ПМС, засяродзіўшы ўвагу перш за ўсё на працоўных дасягненнях калектыву і розных неардынарных фактах.

Ва ўзнаўленні падзей мінулых гадоў больш за ўсё нам дапамаглі былы дырэктар прадпрыемства Сяргей Яшчук, былы прараб Мікалай Ізотаў і цяперашні дырэктар Уладзімір Лемешаў: усе ніжэйпрыведзеныя звесткі агучаныя імі ў ходзе нашых асабістых сустрэч і тэлефонных гутарак.

Этапы росту і ключавыя асобы

Створана прадпрыемства як будаўніча-мантажны ўчастак Высоцкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення, пазней функцыянавала ў арганізацыйнай форме перасовачнай механізаванай калоны (ПМК-40) і ўнітарнага прадпрыемства, а на сённяшні дзень гэта дзяржаўнае прадпрыемства (ДП «Талачынскае ПМС»).

У розныя гады калектыў узначальвалі Іван Аляксандравіч Анкіновіч (1972 — 1973), Станіслаў Міхайлавіч Ісачанка (1973 — 1979), Анатоль Васільевіч Бажко (1979 — 1986), Валерый Васільевіч Кармановіч (1986 — 1998), Сяргей Рыгоравіч Яшчук (1998 — 2003), Уладзімір Канстанцінавіч Яскевіч (2003 — 2010). Анатоль Бажко пасля сыходу з ПМС быў намеснікам старшыні Талачынскага райвыканкама па будаўніцтве (пры яго дзейсным удзеле пачалося будаўніцтва раённай бальніцы), пазней перайшоў у Віцебскаблмеліявадгас. Займаў пасаду намесніка старшыні райвыканкама па будаўніцтве і Валерый Кармановіч. Сяргей Яшчук перайшоў з меліярацыі ў дарожную сферу і да сённяшняга дня кіруе філіялам «ДЭУ №8» РУП «Віцебскаўтадар».

Цяперашні дырэктар Уладзімір Мікалаевіч Лемешаў да прыходу ў адпаведную сваёй спецыяльнасці меліярацыйную сферу (мае вышэйшую профільную адукацыю) працаваў у райсельгасхіміі і на Талачынскім кансервавым заводзе.

Дрэнажная брыгада. 1982 год. Здымак з архіва прадпрыемства.

Спачатку самі туліліся на балоце, а пасля забудоўвалі горад і раён

Створаны ў лютым 1972 года будаўніча-мантажны ўчастак размясціўся ў вагончыках на беразе Друці ў Талачыне — на тэрыторыі цяперашняга стадыёна спарткомплексу «Меліяратар», дзе ў тыя часы было балота. Нават тэхніку тады рамантавалі пад адкрытым небам.

Для будаўніцтва адміністрацыйнага будынка, мехдвара і інтэрната была адведзена тэрыторыя побач, за некалькі дзясяткаў метраў, і мела яна яшчэ больш экзатычны рэльеф: на месцы сённяшняга інтэрната — гара, на месцы мехдвара — нізіна з балотам, абрыў над рэчкаю. Гару меліяратары зрэзалі і ссыпалі ў балота, месцамі на глыбіню да шасці метраў.

Будавалі інтэрнат і вытворчую базу не самі, бо ў той час яшчэ не мелі такой магчымасці. Затое на працягу бліжэйшага дзесяцігоддзя ПМС (тады яшчэ ПМК-40) дасягнула такой вытворчай магутнасці, што пабудавала і стадыён, і спарткомплекс (у сценах якога, дарэчы, каманда меліяратараў 11 гадоў запар станавілася чэмпіёнам раёна па валейболе), і некалькі дамоў катэджнага тыпу на вуліцах Сонечнай, Меліяратараў, Паўднёвай у Талачыне, і нават шматкватэрны па Нарчука, 14.

У Талачыне ў нізіне паміж трэцяй школай і паркам «Юзэфполле» знаходзіцца рэдкая паводле канструкцыі каналізацыйна-помпавая станцыя (пераганяе гарадскія каналізацыйныя сцёкі на ачышчальныя збудаванні), якіх у Беларусі ўсяго пяць. Будавала яе таксама ПМК-40. Сяргей Рыгоравіч Яшчук у той час быў галоўным інжынерам, прымаў непасрэдны ўдзел у работах і памятае, што бетон заліваўся на 18-мятровую глыбіню, а таўшчыня падземнай часткі сцен складае паўтара метра.

Па ўсім раёнеТалачынскім ПМС пабудавана 209,8 кіламетра дарог (у асноўным грунтавых). Спрычынілася ПМС і да пракладвання газаправода «Таржок — Мінск — Івацэвічы»: на маршруце трубаправода на тэрыторыі Талачынскага раёна працавалі экскаватары тады яшчэ талачынскага ўчастка Высоцкага БМУ.

Плошчы асушаных зямель складаюць 22926,2 гектара, з іх сельскагаспадарчых зямель — 16880,73 гектара. Працягласць за-крытай асушальнай сеткі (дрэнаж) — 10197,4 кіламетра, адкрытай (каналы) — 856,2 кіламетра. Акрамя таго, па ўсім раёне раскідана шмат невялікіх сажалак, у якіх мясцовае насельніцтва вудзіць рыбу, і ўсе яны таксама з’яўляюцца вынікам дзейнасці ме-ліяратараў.

Узнагароды — рэспубліканскага і ўсесаюзнага маштабу

ПМС двойчы станавілася ўдзельнікам Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, дзе дэманстравала відэасюжэты пра свае будні ў палях на будаўніцтве меліярацыйных сістэм.

У скарбонках некаторых ветэранаў прадпрыемства — высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Так, Мікалай Іванавіч Ізотаў, які прыйшоў у меліярацыю ў 1972 годзе рабочым, а пайшоў на пенсію ў 2015-м з пасады прараба, адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, ордэнам Працоўнай Славы і шматлікімі іншымі ўзнагародамі розных узроўняў і ведамстваў. Сяргей Рыгоравіч Яшчук у чэрвені 1973 года, завяршаючы вучобу ў Пінскім гідрамеліярацыйным тэхнікуме (сёння — аграрна-тэхнічны каледж), прыехаў праходзіць на талачынскім участку Высоцкага БМУ практыку, а ў красавіку 1974-га прыняты на працу ўжо ў ПМК-40 брыгадзірам і далей прайшоў усе прыступкі службовай іерархіі — рабіў тэхні-кам, майстрам, прарабам, галоўным інжынерам, у лютым 1986 года (на той час ужо маючы атрыманую ў сельгасакадэміі спецыяльнасць інжынера-гідрамеліяратара) узначаліў прадпрыемства. За гады працы ў ПМС Сяргей Рыгоравіч адзначаны, акрамя ўсіх іншых заахвочванняў, нагрудным знакам «Ганаровы меліяратар» і медалём «За працоўную доблесць».

Час цяпер няпросты, але ў будучыню трэба глядзець з аптымізмам

Сёння спецыфіка і маштабы дзейнасці Талачынскага ПМС ужо іншыя. Калектыў складае каля 80 чалавек (у даўнія часы даходзіла да 340). У летні перыяд прадпрыемства займаецца непасрэдна меліярацыйнай работай (абкошванне каналаў, хімічная апрацоўка, прамыўка дрэнажу і інш.), а на працягу ўсяго года — і летам, і зімою — бярэцца за ўсемагчымыя падрадныя работы (расчыстка снегу, паслугі экскаватара і бульдозера на земляных работах, раскарчоўванне палёў, знос безгаспадарных будынкаў і інш.). Больш стабільны заробак атрымліваецца, вядома ж, летам, калі выдзяляюцца бюджэтныя сродкі на меліярацыйныя мерапрыемствы і актывізуюцца ўсялякія будаўнічыя работы, а значыць, лягчэй знайсці падрады. Праўда, «лягчэй» не значыць «лёгка», бо сфера гэтая ў наш час высокаканкурэнтная, землярыйнай тэхнікаю валодаюць многія прадпрыемствы (да прыкладу, толькі дарожных арганізацый у нашым раёне тры). Але, нягледзячы ні на што, Талачынскае ПМС паспяхова выконвае свае вузкапро-фільныя функцыі (абслугоўвае меліярацыйныя сістэмы ў Талачынскім і на палове тэрыторыі Аршанскага раёна), а таксама паспявае знаходзіць і выконваць новыя і новыя заказы на разнастайных будаўнічых і сельскагаспадарчых аб’ектах. Як вынік, за мінулы год прадпрыемства атрымала выручку ў аб’ёме 144% да ўзроўню 2020-га. Добры партфель заказаў набіраецца і на гэты (2022) год. Справы ішлі б яшчэ лепш, калі б не дэфіцыт кадраў: машынна-трактарны парк укамплектаваны самай разнастайнай тэхнікай, у тым ліку і магутнымі, высокапрадукцыйнымі імпартнымі экскаватарамі, але не хапае бульдазерыстаў, экскаватаршчыкаў, механізатараў.

— Спецыяльнасці гэтыя вельмі хадавыя, — тлумачыць Уладзімір Мікалаевіч. — Нездарма калі я размяшчаю адпаведныя вакансіі ў інтэрнэце, то бачу, што такіх спецыялістаў шукаюць і іншыя суб’екты гаспадарання з нашага раёна.

Тым не менш відавочна, што Талачынскае ПМС трывала займае сваю нішу на рынку, застаецца запатрабаваным і надзейным партнёрам (у цяперашні час, напрыклад, раскарчоўвае перададзеныя нядаўна раёнам кансерваваму заводу няўдобіцы і працуе на будаўніцтве зернесушыльнага комплексу з лініяй дапрацоўкі збожжа ў Сянно), а значыць, мае будучыню. І можна спадзявацца, што новыя пакаленні меліяратараў змогуць памножыць працоўныя здабыткі сваіх папярэднікаў.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2022
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене