Фальклорны калектыў «Суседзі» з Абольцаў — захавальнік непаўторных традыцый мясцовага насельніцтва

23 декабря 2023 10:32

Сёлета споўнілася 40 гадоў з часу заснавання ў былым Крыўлянскім сельскім клубе фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Суседзі», які цяпер дзейнічае пры Аболецкім Доме фальклору. З 1995 года калектыў носіць званне народнага. Гэта не проста забаўляльны гурток аматараў даўніны, а аб’яднанне даследчыкаў і захавальнікаў фальклорнай спадчыны: за чатыры дзесяцігоддзі ўдзельнікамі «Суседзяў» апісана ў тэкставай форме, зафіксавана на фота і відэа мноства танцаў і абрадаў (у выкананні калектыву), якія былі распаўсюджаны ў населеных пунктах Аболецкага сельсавета.

— Заснавала калектыў загадчыца клуба Ганна Маркаўна Конюшка, — распавядае цяперашні яго кіраўнік, жыхарка Абольцаў Ганна Іванаўна Падбельская. — Яна была вялікім аматарам і знаўцам мясцовага фальклору. Званне «Народны» прысвоена калектыву яшчэ ў перыяд яго дзейнасці пры Крыўлянскім клубе. Сёння ў склад «Суседзяў» уваходзяць 15 чалавек: з часу заснавання — Тамара Міхайлаўна Сухаварава, Лілія Леанідаўна Аўласенка, Віктар Віктаравіч Маргай, іншыя ўдзельнікі далучыліся пазней у розныя гады. Найбольш актыўныя сярод іх — Ларыса Аляксееўна Бяляева, Кацярына Аляксандраўна Камякова, Уладзімір Міхайлавіч Зубаўжэн, Зоя Васільеўна Сокалава, Наталля Аркадзеўна Нагель, Надзея Якаўлеўна Касач, Наталля Віктараўна Фядзюк, Станіслава Станіславаўна Жалдак (на жаль, у сувязі са станам здароўя ў цяперашні час наведваць калектыў не можа).

Рэпертуар — скарбонка нематэрыяльных каштоўнасцей

«Суседзі» неаднаразова прымалі ўдзел у здымках этнаграфічных тэлеперадач, у якіх дэманстравалі разнастайныя абрады, з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі культурных мерапрыемстваў раённага маштабу, абласных фестываляў і конкурсаў, «Славянскага базару». Намаганнямі калектыву адноўлены мясцовыя асаблівасці выканання шматлікіх побытавых танцаў: «Падэспань», «Кракавяк», «Полька», «Сямёнаўна», «Кадрыля» і інш. У прыватнасці, апошні з вышэйзгаданых танцаў вельмі адметна выконвалі ў Крывых, і таму яго мясцовая разнавіднасць атрымала назву «Крыўлянская кадрыля».

— Да вайны ў Абольцах жыло шмат яўрэяў, і ў іх таксама была свая разнавіднасць «Кадрылі», але, на жаль, аднавіць яе мы не змаглі, — дзеліцца Ганна Іванаўна падрабязнасцямі даследчыцкай дзейнасці. — Увогуле, звычайна кожная вёска вызначалася асаблівасцямі выканання таго ці іншага танца, і адны і тыя ж песні нярэдка атрымлівалі ў іх розныя мелодыі.

Папулярызаваць фальклорную спадчыну няпроста

Ва ўмовах скарачэння насельніцтва абвастраецца праблема камплектавання калектыву, бо цікаўнасць да фальклору ўласцівая далёка не кожнаму чалавеку. Напрыклад, для дэманстрацыі абраду «Запоіны» (адзін з этапаў падрыхтоўкі да вяселля) няпроста было знайсці маладую пару:

— Я гутарыла з мясцовымі хлопцамі і дзяўчатамі, але хто не хоча, каму няма калі, — скардзіцца Ганна Іванаўна. — Дзякуй, адгукнуўся на прапанову сыграць жаніха малады спецыяліст ААТ «Абольцы» Назар Калеснікаў.

Прыцягвае кіраўнік калектыву да мерапрыемстваў і сваіх родных: ролю нявесты ў вышэйзгаданых «Запоінах» выканала ўнучка Анастасія Салаўёва (вучыцца ў 11-м класе ў Оршы), іграе ў розных абрадах муж, у афармленні памяшкання дапамагае дачка…

Уласны энтузіязм і дапамога неабыякавых людзей

Фантазіяй і працай калектыву ў Доме фальклору абсталяваны этнаграфічны куток, стылізаваны пад інтэр’ер сялянскай хаты. Тут размешчаны сабраныя ў ходзе фальклорных экспедыцый па вёсках унікальныя экспанаты, сярод якіх разнастайныя гаспадарчыя прылады, старыя фотаздымкі, вясельная сукенка, люлька для немаўлят і інш.

Уласнымі рукамі створаны і шматлкія элементы касцюмаў, у якіх выступае калектыў. У прыватнасці, сама Ганна Падбельская шые, вышывае і вяжа.

А з выкананнем работ, якія не па сілах творчаму і пераважна жаночаму калектыву, напрыклад, калі трэба перавезці нейкі груз, «Суседзям» гатова дапамагчы мясцовае сельгаспрадпрыемства:

— Звяртаемся да дырэктара Міхаіла Васільевіча Кірыка і заўсёды сустракаем разуменне, ніколі ён не паставіўся да нашых патрэб абыякава, ахвотна аказвае пасільную дапамогу.

Традыцыі свайго народа — рэцэпт гармоніі з навакольным светам

Арганізаваныя «Суседзямі» святы, паводле назіранняў Ганны Іванаўны, карыстаюцца ў мясцовага насельніцтва папулярнасцю:

— Калядуем, валачобнікамі ходзім на Вялікдзень, Масленку гуляем. У кавідны год, калі рэкамендавалася абмежаваць кантакты, мы вырашылі прадэманстраваць абрад валачобніцтва на вуліцы, каля Дома фальклору. Міма праходзіў адзін чалавек і расчаравана спытаў: «Дык што, да мяне нават не зойдзеце?» Ён, як і многія іншыя жыхары, прывык да нашых візітаў на святы, і прыхільнасць да народных традыцый аказалася ў яго мацнейшаю за страх захварэць. Мы тады не змаглі яму адмовіць.

Напэўна, заканамерна, што ўсе ўдзельнікі таго валачобніцтва засталіся жывымі і здаровымі: добры настрой і вернасць традыцыям, што сфарміраваліся на роднай зямлі ў незапамятныя часы, — надзейная абарона ад усялякіх нягод.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Декабрь 2023
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Ноя   Янв »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене