Ключавая фігура сцэны і галоўны талачынскі Дзед Мароз

31 декабря 2023 19:00

Калі пераднавагоднія масавыя гулянні «Ёлка-фэст» былі арганізаваны ў Талачыне першы раз, калону казачных персанажаў узначаліў Руслан Забалотнік — адзін з найбольш вопытных і прызнаных, адметны высокім майстэрствам і яскравым індывідуальным стылем артыст раённага Дома культуры (сёння — Цэнтр культуры і народнай творчасці). З тых часоў ён застаецца нязменным галоўным талачынскім Дзедам Марозам.

Выконвае Руслан Сяргеевіч гэтую ролю не толькі падчас «Ёлкі-фэста»: барадаты чараўнік, які прыбывае з мехам падарункаў на дом па выкліку (платная паслуга Цэнтра культуры), таксама размаўляе яго голасам.

— У такіх выпадках мы звычайна загадзя ведаем, пра які падарунак марыў хлопчык ці дзяўчынка, і гатовыя ўзрадаваць іх, — распавядае Руслан Забалотнік пра сваю са Снягуркай місію. — Распытваем, ці добра дзеці сябе паводзілі, ці слухаліся бацькоў, просім пацешыць нас вершам ці песенькай і ў рэшце рэшт здзяйсняем мару маленькага даверлівага чалавека, якому так мала трэба, каб адчуць сябе шчаслівым. А ўбачыўшы шчасце ў яго вачах, адчуваем сябе шчаслівымі і мы: хоць для нас гэта праца, служба, у такія імгненні забываеш пра ўсялякія дзелавыя фармальнасці і жывеш у іншай, сваёй, артыстычнай рэальнасці.

Руслан Забалотнік прыйшоў у Дом культуры 24 гады таму пасля заканчэння Віцебскага культурна-асветніцкага вучылішча. Быў прыняты на пасаду загадчыка пастановачнай часткі народнага тэатра. Гэты калектыў на працягу 45 гадоў узначальвае Святлана Васільева, а на той час яна была яшчэ і дырэктарам ДК — карацей, стала для маладога спецыяліста і працадаўцам, і непасрэдным творчым кіраўніком.

— У абавязкі Руслана ўваходзіла размяшчэнне дэкарацый, арганізацыя асвятлення, падбор музыкі, але я адразу стала прыцягваць яго і да выканання роляў, — успамінае Святлана Мікалаеўна. — Спачатку, вядома ж, гэта былі найпрасцейшыя персанажы з мінімумам слоў і эмоцый, а з цягам часу, калі ён прадэманстраваў усе свае здольнасці і прызвычаіўся да сцэны, стала бачна, што і на галоўныя ролі лепшага прэтэндэнта не трэба шукаць. У Руслана цудоўная памяць, ён хутка запамінае вялізныя аб’ёмы тэксту і жыва, пераканаўча перадае характар, пачуцці, матывы ўчынкаў свайго персанажа. Мне з ім лёгка працаваць як рэжысёру: Руслан мае на ўсё свой погляд, але калі яго бачанне таго ці іншага аспекту пастаноўкі разыходзіцца з маім, то мы ў рэшце рэшт прыходзім да адзінага варыянта, знаходзім кампраміс. Калі Валерый Анісенка працаваў у адным са сталічных тэатраў, то аднойчы па-сяброўску спытаў, ці не адпусціла б я Руслана да яго. Я не пагадзілася. І з вышыні сённяшняга дня бачу, што поспехі нашага калектыву былі б немагчымымі без яго ўдзелу. Больш за тое, калі б сёння мне давялося пайсці на заслужаны адпачынак, то ў мяне не ўзнікла б ніякіх сумненняў наконт таго, каму перадаць справу свайго жыцця: Руслан годна працягнуў бы яе.

Артыст памятае ўсе свае даўнія ролі, яму дастаткова адной рэпетыцыі, каб зноў выйсці на сцэну ў пастаноўцы, якая дэманстравалася некалькі гадоў таму. Ён застаецца адзіным нязменным выканальнікам роляў у тых спектаклях, у якіх ужо цалкам змяніўся састаў артыстаў: «Радавых» Аляксея Дударава сёння іграе другі састаў, «Не пакідай мяне» (таксама Дудараў) — трэці, «Сказ про Федота-стрельца, удалого молодца» Леаніда Філатава — другі…

Сённяшняя пасада Руслана ў Цэнтры культуры — мастак-пастаноўшчык. Кола абавязкаў тое самае, што і ў вышэйзгаданага загадчыка пастановачнай часткі. Таксама ён вядзе творчы архіў тэатра — захоўвае сцэнарыі, праграмкі, выразкі з публікацыямі ў прэсе.

Пераўвасабленне ў іншую асобу пад пільнымі позіркамі дзясяткаў і сотняў вачэй знясільвае, пасля спекталя ўсе артысты, дзеліцца назіраннямі Святлана Ва-сільева, адчуваюць сябе, як выціснуты лімон. Але праходзіць некаторы час — і з нецярпеннем пытаюцца, калі чагровае выступленне.

— Як вагон разгрузіў, — апісвае свой стан пасля завяршэння спектакляў Руслан Забалотнік. — Але стомленасць прыемная, з адчуваннем сумленна зробленай справы. Бачыць, што гледачы пільна сочаць за табою, а не дрэмлюць або ў тэлефон пазіраюць, чуць віншаванні і па-дзякі пасля паказу — вось што галоўнае і самае прыемнае ў нашай справе. Тады адчуваеш, што працуеш не дарэмна.

Акрамя ігры ў тэатры, Руслан Забалотнік вядомы на талачынскай сцэне як спявак і вядучы разнастайных масавых мерапрыемстваў (звычайна сумесна з дырэктарам Цэнтра культуры Кацярынай Хадневіч). У 2022 годзе Руслан Забалотнік і Кацярына Хадневіч занялі другое месца ў абласным конкурсе «Я — вядучы!» у намінацыі «Вядучы забаўляльных шоу-праграм», а сёлета ў лістападзе яны вялі абласны фестываль нацыянальных культур, што праходзіў на базе нашага ЦКіНТ, і, прыгадвае Святлана Васільева, госці з Віцебска і іншых раёнаў у нефармальных зносінах таксама высока ацанілі гэты творчы тандэм, адзначыўшы вялікую ролю вядучых у стварэнні агульнай атмасферы мерапрыемства.

Артыстызм і любоў да масавых культурна-забаўляльных мерапрыемстваў уласцівыя Руслану з маленства. Першы візіт ва ўстанову культуры адбыўся ў раннім дзіцячым узросце:

— Да другога класа я жыў у Серкавіцах, пасля наша сям’я пераехала ў Талачын. Памятаю, як мама ўзяла мяне ў сельскі клуб на дыскатэку: паставілі мяне ў цэнтр і танцавалі вакол. А ўжо ў Талачыне вельмі моцна паўплывала на мяне мая настаўніца пачатковых класаў Нела Іванаўна Пашкевіч (СШ №1). У прыватнасці, я наведваў яе дзіцячую вакальную групу «Дударыкі» ў Доме культуры. Закончыў тры класы баяна ў музычнай школе, але ўсё ж ігра на музычных інструментах — не зусім мой напрамак, таму давучыцца да канца не хапіла настойлівасці, з большым задавальненнем я спяваў. Пасля заканчэння школы мой стрыечны брат, работнік таго самага клуба ў Серкавіцах, параіў мне віцебскае вучылішча, харавое аддзяленне. Я з задавальненнем вучыўся, праходзіў практыку ў талачынскім Доме культуры, з радасцю прыняў накіраванне сюды на працу і ніколі не пашкадаваў пра тое, як склаўся мой прафесійны і творчы шлях. Праца заўсёды прыносіла мне задавальненне.

— Руслан, без перабольшання, прысвяціў сваё жыццё служэнню культуры, — ацэньвае свайго калегу і ў нейкім сэнсе выхаванца Святлана Васільева. — На сцэне ён заўсёды дэманструе высокі прафесійны ўзровень — і ў якасці вядучага, і як спявак, і ў спектаклях. І Дзед Мароз па выкліку дзякуючы яго артыстызму, тэмпераменту, здольнасці знаходзіць персанальны падыход і ўсталёўваць эмацыянальны кантакт з маленькімі суразмоўцамі заўсёды дорыць ім веру ў цуд, у тое, што мары спраўджваюцца.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Відэавіншаванне ад талачынская Дзеда Мароза і не толькі ад яго вы можаце ўбачыць у святочныя дні ў нашых групах: «Укантакце», «Аднакласніках», «Інстаграме», «Тэлеграме».

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Декабрь 2023
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Ноя   Янв »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене