І ў тэатры, і ў жыцці Аляксандр Чурылаў цэніць шчырасць, натуральнасць і прафесіяналізм

18 марта 2024 11:03

Дваццаць гадоў таму дэбютаваў як артыст народнага тэатра Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (на той час — Дома культуры) Аляксандр Чурылаў. Ён паўстаў перад публікаю д’яблам у спектаклі паводле п’есы Сяргея Кавалёва «Стомлены д’ябал».

Са сцэнай Цэнтра культуры на той час Аляксандр Іосіфавіч быў ужо добра знаёмы, бо не аднойчы выходзіў на яе разам з цяперашнім дырэктарам установы Кацярынай Хадневіч у якасці вядучага мерапрыемстваў. Меў і вопыт выканання роляў у спектаклях. У прыватнасці, падчас працы настаўнікам у Лаўрэнаўскай базавай школе ўдзельнічаў у пастаноўцы «Мікітавага лапця» Міхася Чарота, з якою школа нават выступіла ў Талачыне перад калектывам будаўнічай арганізацыі ПМК-65, а працуючы ў Варанцэвіцкай сярэдняй школе, стаў удзельнікам інсцэніроўкі кірмашу ў Коханаўскім ГПДК.

Нарадзіўся Аляксандр Чурылаў у вёсцы Раманоўка Серкавіцкага сельсавета (тамсама, дзе і артыст талачынскага тэатра Уладзімір Чаплянок, пра якога мы пісалі 10 лютага). Закончыў гістарычны факультэт БДУ, абараніў магістарскую дысертацыю. Сёння працуе ў Талачынскай СШ №2 імя М. П. Лугоўскага — выкладае гісторыю, з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні, кіруе клубам «Патрыёт».

— Ён часта бываў у нас, дапамагаў весці мерапрыемствы, спяваў, і аднойчы я, на той час не толькі рэжысёр, а і дырэктар Дома культуры, прапанавала яму паспрабаваць сябе ў тэатры, — распавядае кіраўнік калектыву Святлана Васільева. — Ён адразу пагадзіўся, і гэта, як паказаў час, стала вялікай удачаю для нас. Нашы самадзейныя артысты, як вядома, іграюць бясплатна, дзеля ўласнага задавальнення і творчага самараскрыцця, і такіх людзей — каб у іх было і жаданне іграць, і хаця б нейкія акцёрскія здольнасці, задаткі — знайсці няпроста. Аляксандр — з іх ліку. Ён вельмі пераканаўча пераўвасабляецца, глыбока ўжываецца ў ролю і даносіць да гледача вобраз. Аднолькава паспяхова сыграў і д’ябла ў вышэйзгаданым спектаклі, і васьмідзесяцігадовага дзеда ў «Вечары» Аляксея Дударава, і маладога Саўку ў камедыі «Ад сваркі да вяселля — адзін крок» паводле Янкі Купалы і Міхася Чарота. У спектаклі «Таблетка ад старасці» Васіля Ткачова Аляксандр іграе сталага, але яшчэ не старога вяскоўца Васіля (падчас прэм’еры ў кастрычніку мінулага года яго дубліраваў Уладзімір Драздоў), а ў п’есе «Ты помнишь, Алёша…» Аляксея Дударава, якую мы ў хуткім часе збіраемся паказаць, сыграе палкоўніка.

— Я ўдумліва працую над вобразам кожнага свайго персанажа, імкнуся зразумець яго і адчуць сябе ім, перадаць яго сутнасць не толькі рэплікамі і дзеяннямі, замацаванымі ў сцэнарыі, а і кожным дробным рухам, адценнямі інтанацыі, — тлумачыць артыст. — Добра сыграць кагосьці, застаючыся самім сабою, не ператварыўшыся ў іншую асобу, немагчыма.

Таксама Святлана Мікалаеўна адзначае, што з гэтым артыстам лёгка ўзаемадзейнічаць, ён разумее рэжысёра і дапамагае рэалізаваць рэжысёрскую задумку, а не падганяе паводзіны персанажа пад свой густ: маўляў, так я не магу, а так не хачу, а так мне няёмка…

— Я сам арганізаваў не адно масавае мерапрыемства ў школе і разумею, што дзеля дасягнення поспеху ўсе ўдзельнікі павінны проста прыняць канцэпцыю арганізатара і зладжана выконваць яго ўказанні, разам працаваць над увасабленнем агульнай ідэі, — тлумачыць артыст. — Тое самае і ў тэатры, рэжысёр бачыць сваю мэту і рухаецца да яе, а артыстам трэба гэтую мэту таксама ўбачыць і зразумець.

У сувязі з вялікай нагрузкаю працоўны дзень Аляксандра Чурылава заканчваецца ў 17.30, галава ў гэты час занятая школьнымі праектамі і дакументацыяй, пераключыцца адразу на тэатр цяжка, ды і хочацца проста адпачыць. А ісці ад школы да свайго дома столькі ж, колькі да Цэнтра культуры, таму ёсць спакуса махнуць на ўсё рукою і пакіраваць дахаты, тым болей што ўдзельнікі любога самадзейнага калектыву нічым гэтаму калектыву не абавязаныя, ніякімі кантрактамі з ім не звязаныя. Але, відаць, іх яднаюць нейкія іншыя, яшчэ мацнейшыя фактары.

— Я з тых пакаленняў, якія могуць нешта рабіць бясплатна і без любой іншай практычнай карысці для сябе, — разважае Аляксандр Іосіфавіч пра матывы свайго ўдзелу ў жыцці тэатра. — Для нас важныя проста чалавечыя ўзаемаадносіны, нашы агульныя інтарэсы, сустрэчы з аднадумцамі, цікавыя заняткі, без меркантыльных матываў, проста каб убачыць прыгажосць жыцця і адчуць эмацыянальную цеплыню, прыязную атмасферу. Сучасны чалавек ва ўсім шукае практычны сэнс, ад усіх сваіх дзеянняў і дзеянняў іншых людзей чакае нейкіх істотных, канкрэтных вынікаў, якія можна спажыць, замераць, зафіксаваць дакументальна, выкарыстаць для дасягнення іншых мэтаў і г. д. І нават у якасці гледачоў спектакля такія людзі не могуць расслабіцца ды проста пабыць самімі сабою, пакінуўшы свае праблемы, чыны, службовыя клопаты і дзелавую рэпутацыю за парогам храма мастацтва. Часам узнікае ўражанне, што аўдыторыя хоча засмяяцца ці заапладзіраваць, але ніхто не адважваецца зрабіць гэта першым, нібыта чакаюць указання і баяцца выбіцца з агульнай масы, звярнуць на сябе ўвагу: маўляў, плясну ў далоні, а што, калі ў гэтым эпізодзе няма нічога выдатнага і ніхто мяне не падтрымае, буду тады выглядаць недарэчна.

Аляксандр Чурылаў і артыст, і ўдзячны глядач, з вялікім задавальненнем наведвае прафесійныя тэатры. У прыватнасці, такія культурныя паездкі ў сталіцу арганізоўвае школа, у якой ён працуе.

— Дарэчы, з другой школаю ў нашай установы склалася плённае супрацоўніцтва, — адзначыла Святлана Васільева. — Выхаванцы клуба «Патрыёт» ахвотна прымаюць удзел у тэатралізаваных фрагментах раённых урачыстых мерапрыемстваў на ваенную тэматыку, падрыхтоўкай якіх займаецца дырэктар Цэнтра культуры Кацярына Хадневіч. Яна ўмее знайсці падыход да дзяцей, зразумець іх, заахвоціць — калі словам, калі запрасіўшы на гарбату, і школьнікам цікава ў нас бываць, адчуваць сваю далучанасць да нашага творчага асяроддзя, з карысцю праводзіць у нас вольны час. Школа заўсёды прымае нашы прапановы прывесці дзяцей на спектакль. Таму мне асабліва прыемна адзначыць і тое, што ў свой час я закончыла менавіта гэтую ўстанову адукацыі, у ёй вучыліся мае дочкі, адна з іх цяпер там працуе настаўніцай пачатковых класаў, унучка выкладае замежную мову, вучацца два ўнукі. І Аляксандр Іосіфавіч, шмат гадоў ад’ездзіўшы штодня ў розныя вясковыя школы, нарэшце знайшоў сваё месца працы тут, зусім недалёка ад нас.

З іншых відаў мастацтва Аляксандру Чурылаву падабаюцца харэаграфія і розныя напрамкі народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці (салома- і лозапляценне, дрэваапрацоўка, ганчарства). Любіць і сам што-небудзь майстраваць па гаспадарцы.

— Падабаецца ўсё, у чым найцяжэй сфальшывіць, — характарызуе ён свой мастацкі густ. — Танцору дастаткова не так ступіць, рукадзельніку — штосьці скрывіць — і агрэх адразу кінецца ў вочы. Як, дарэчы, і ў выпадку з дрэннай ігрой акцёра. Словам, і ў мастацтве, і ў жыцці цаню шчырасць, натуральнасць і стараннасць, неабыякавыя адносіны чалавека да сваёй справы, без якіх немагчымы добры вынік ні ў працы, ні ў творчасці.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2024
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене