У ТАНЦЫ – І ЗДАРОЎЕ, І ПРЫГАЖОСЦЬ

4 марта 2011 16:31

Для жанчыны не існуе праблемы, чым заняць сябе ў вольны час, бо таго вольнага часу часцей за ўсё проста няма — сям’я, гаспадарскія клопаты, работа адымаюць кожную хвілінку. Нават выхадныя распісаны загадзя — прыгатаваць, прыбраць, памыць бялізну, знайсці нарэшце час для кветак, сустрэць дзяцей-студэнтаў, выправіць іх на вучобу і шмат-шмат яшчэ чаго. Дзе ўжо тут знайсці хвілінку для сябе, для любімага занятку… Але калі сэрца імкнецца да прыгажосці, калі ў кожнай будзённай справе чуеш гучанне музыкі і разумееш, што без танца жыццё страціць чароўнасць і адчуванне таго, што мары збываюцца, знойдзеш для любімай справы і абавязковыя дзве гадзіны, і нават вечарам у нядзелю, калі пераважная большасць людзей у чаканні новага працоўнага тыдня будзе сядзець каля тэлевізара.

Галіна Міхайлаўна Марцынкевіч чакае сваіх дарослых вучаніц у харэаграфічнай зале Дома творчасці дзяцей і моладзі штовечар у нядзелю. Яны могуць спазніцца, могуць і не прыйсці — з шаснаццаці чалавек можа быць і дванаццаць, і восем, але заняткі ўсё роўна адбудуцца.

— Я дала гэтаму харэаграфічнаму гуртку назву “Натхненне”, менавіта гэтае пачуццё прыводзіць дарослых жанчын сюды, — дзеліцца назіраннямі Галіна Міхайлаўна.

Харэаграфічны гурток “Натхненне” існуе ўжо другі год. У мінулым годзе заняткі былі два разы на тыдзень, у гэтым — адзін, хоць усе гурткоўцы ў адзін голас гавораць, што згодны на два ўрокі на тыдзень. Прычынай таму — праблемы з памяшканнем, зала амаль ніколі не пустуе. Вось і даводзіцца сустракацца аматаркам танца вечарам у нядзелю. Заняткі платныя. На пытанне, ці не вельмі накладна гэта для сямейнага бюджэту, жанчыны, усміхаючыся, адмахваюцца, маўляў, што такое грошы ў параўнанні з тым задавальненнем, якое прыносіць танец.

Узроставы склад гуртка разнастайны — тут і дваццацігадовыя дзяўчаты, і жанчыны, якія ўжо выйшлі на пенсію. Кожная адчувае меру сваёй нагрузкі, кожная выконвае тое, што можа. Дасягненні вучаніц Галіна Міхайлаўна заўважае, адзначае, падхвальвае.

— Танец не мае ўзроставых абмежаванняў, ён падуладны чалавеку любога ўзросту і любой фізічнай падрыхтоўкі, — расказвае Галіна Міхайлаўна, — галоўнае — жаданне.

Пытаюся ў жанчын, чаму менавіта танец яны выбралі для сябе, што іх прыводзіць сюды кожную нядзелю. Адказаў шмат — для здароўя, для настрою, таму што хочацца навучыцца танцаваць.

— За тыдзень столькі негатыўных эмоцый збіраецца, так стамляешся на рабоце, што хочацца адпачыць, пазбавіцца ад негатыву і атрымаць энергію на наступны тыдзень, — прызнаецца Ганна Антонаўна Вярховіна, якая працуе ў “Белаграпрамбанку”, — а яшчэ я даўно хацела навучыцца танцаваць.

Сярод гурткоўцаў жанчыны розных прафесій — педагогі, медыкі, супрацоўнікі банкаў. Іх аб’ядноў-вае жаданне танцаваць, яны з гонарам пералічваюць тыя танцы, якія могуць прадэманстраваць, — вальс, полька, канкан, ча-ча-ча, самба, рок-н-рол,  лацін-скія танцы, яўрэйскія, цыганскія. Але гэтага мала — чаму б не навучыцца моднаму сёння танцу жывата, тым больш, што ёсць і жаданне, і добры настаўнік.

Расказваць пра сваё захапленне жанчыны, відавочна, могуць шмат і доўга, але ж пара і да заняткаў пераходзіць.

У праграму ўваходзяць практыкаванні для розных групп мышц, практыкаванні на расцяжку, элементы розных танцаў — і класічных, і народных. У арсенале шмат элементаў такога танца, як беларуская полька.

Назіраючы за танцоркамі, не зважаеш на тое, што ў іх нешта не атрымліваецца, настолькі захапляе пластыка і прыгажосць іх рухаў, усмешак, бляск натхнення ў вачах. Вось яны стараюцца перадаць хараство і дынамізм беларускай полькі, вось перайшлі да не менш актыўнага лацінаамерыканскага самба, а каб крыху адпачылі, Галіна Міхайлаўна прапаноўвае вальс — і кружацца па зале грацыёзныя пары пад меладычныя гукі венскага вальса. І зноў вяртаюцца да хуткіх дынамічных рухаў — на чарзе канкан. Несумненна, кожная з танцорак атрымлівае задавальненне ад таго, што робіць, у кожнай ёсць стымул — навучыцца, каб на наступным занятку атрымалася лепш, у кожнай ёсць любімы танец, той, праз які яна адчувае сябе сапраўднай каралевай…

Дадому разыходзяцца стомленыя, але шчаслівыя — цяпер яны падрыхтава-ліся да працоўнага тыдня, здольныя пераадолець і жыццёвыя, і працоўныя цяжкасці.

Сапраўды, любімая справа здольная і сілы даць, і настрой, і здароўе. Пытаюся, ці ўбачым калі танец у выкананні гуртка “Натхненне” на сцэне.

— Калі-небудзь, магчыма, — сціпла адказваюць танцоркі — яны не для выступленняў прыходзяць на заняткі харэаграфічнага гуртка, а для душы.

Калісьці танец быў неабходным у праграме адукацыі арыстакратаў. Ён не толькі садзейнічаў развіццю пластыкі, музычнага слыху, але і фарміраваў эстэтычны густ, даваў магчымасць выйсці эмоцыям і пачуццям. Праз танец можна было перадаць тое, што ніколі не скажаш словамі, — вось яна моц саюза музыкі і рухаў. На жаль, у гуртку “Натхненне” няма прадстаўнікоў мужчынскага полу, і парныя танцы, канешне, крыху страчваюць ад гэтага. Але нельга сказаць, што ім не хапае сілы пачуццяў ці эмацыянальнасці. Сапраўды, жанчыне падуладна ўсё — і час, і прыгажосць, і танец.

А. КУЗЬМІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене