ГУЛЬНІ, ЯКІЯ НЕ ДАВОДЗЯЦЬ ДА ДАБРА

29 марта 2011 16:59

Падрабіць чужы подпіс, афіцыйна прадаставіць падманныя звесткі пад выглядам сапраўдных, дазволіць ці нават загадаць свайму падначаленаму зрабіць фальшывы дакумент – здаецца, хіба можа нармальнаму даросламу чалавеку прыйсці ў галаву такая ідэя? Хіба не павінен кожны разумны грамадзянін, пачуўшы падобную прапанову, хутчэй адмовіцца і нават думкі такія адагнаць далей і забыць? Хіба не вучылі нас яшчэ ў дзіцячым садку, што такое добра, і што такое дрэнна, і хіба не ведаем мы ісціну аб тым, што ўсё тайнае рана ці позна становіцца яўным? Практыка раскрыцця карупцыйных злачынстваў паказвае, што, на жаль, некаторыя службовыя асобы паддаюцца спакусе, спадзеючыся ці нават маючы ўпэўненасць у сваёй беспакаранасці – і апынаюцца на лаве падсудных…

Прасіла крэдыт – атрымала штраф

Адбылося гэта ў 2010 годзе ў Талачыне. Галоўнаму бухгалтару прыватнага прадпрыемства спатрэбіўся крэдыт на будаўніцтва кватэры. З пошукам паручыцеляў узніклі пэўныя праблемы, і, калі ў рэшце рэшт знайшліся два чалавекі – калегі, у прыватнасці і сам кіраўнік прадпрыемства, застаўся толькі адзін нюанс: сярднямесячныя зарплаты абодвух аказаліся недастаткова высокімі. Дарэчы, недастатковая для атрымання крэдыту была і зарплата самога бухгалтара. І тады жанчына знайшла простае і надзейнае, як ёй спачатку здавалася, выйсце – аформіла сабе і паручыцелям даведкі аб заработнай плаце са значна завышанымі лічбамі. Свой сярэднямесячны даход вызначыла на ўзроўні 870000 рублёў замест сапраўдных 422500, а паручыцелям шчодра адважыла па 700000 і 1000000 замест 340800 і 483600 адпаведна. Думала, што з такімі лічбамі крэдыт ёй гарантаваны, без лішніх праблем.

Атрымалася ж наадварот: прадастаўленыя даведкі адразу выклікалі ў супрацоўнікаў банка падазрэнне. Каб не дапамагаць іншым патэнцыяльным махлярам, не будзем называць, што канкрэтна няправільна напісала бухгалтар у дакументах, на чым “пракалолася”, паведамім толькі, што праўленне банка, прааналізаваўшы некаторыя памылкі і недакладнасці ў дакументах, звярнулася ў РАУС. Вынік – крымінальная справа па артыкуле 427 (“Службовы падлог”), следства, суд, пакаранне. Жанчына атрымала штраф у памеры 50 базавых велічынь – 1750000 рублёў, або дзве такія зарплаты, якія яна самавольна запісала сабе ў даведцы, ці 4 рэальныя, якія атрымлівала на самай справе.

Трэба адзначыць, што сярод прычын і ўмоў, якія спрыялі здзяйсненню гэтага злачынства, – неналежны кантроль з боку дырэктара прадпрыемства. Бухгалтар свабодна, бескантрольна займалася вядзеннем дакументацыі, карысталася пячаткай, у тым ліку і пры афармленні фальшывых даведак, у якіх, дарэчы, яшчэ і распісалася сама за кіраўніка.

Вялікая плата за сяброўства з начальнікам

Годам раней пракуратурай раёна была перададзена ў суд яшчэ адна “справа бухгалтара”, толькі ўжо не галоўнага, а бухгалтара па жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства. Жанчына аформіла налічэнне грошай беспрацоўнай грамадзянцы за нібыта выкананую здзельную працу (выкіданне гною), хоць на самай справе ні гэтая беспрацоўная, ні хто-небудзь іншы ні за які гной не браўся, нічога падобнага ў тыя дні на ферме прадпрыемства не выконвалася.

Атрымаць жа грошы (140000 рублёў) прыйшоў нейкі невядомы мужчына. Аказалася, што старшыня сельгаскааператыва папрасіў яго вырабіць штыры для ўсталявання электрапастуха і за зробленую працу разлічыўся такім вось чынам, заплаціў наяўнымі. Афармляла бухгалтар гэты фіктыўны нарад па просьбе старшыні, жадаючы захаваць нармальныя ўзаемаадносіны з ім.

Захаваць то захавала, толькі ў рэшце рэшт ён пайшоў па крымінальнай справе (усё той жа артыкул 427) сведкам, а яна – у ролі злачынцы. Прызначанае судом пакаранне – штраф у памеры 35 базавых велічынь, 1225000 рублёў. Такая вось атрымалася плата за сяброўства з начальнікам.

Мінула два гады, сёння таго сельгаспрадпрыемства ўжо няма: зусім разваленае і дабітае, аб’яднана з іншым. А ў чым прычына развалу, як не ў адсутнасці дысцыпліны? І якая магла быць дысцыпліна, калі ўсе ведалі, што сам старшыня заахвочвае такія махінацыі?

* * *

Артыкулам 427 Крымінальнага кодэкса прадугледжваюцца не толькі штрафы, а і іншыя віды пакаранняў, у тым ліку пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў (частка 1 артыкула) або, калі злачынства здзейсненае з мэтай скажэння дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці (частка 2), – да трох гадоў. Словам, падобныя гульні да дабра не даводзяць. Гэта трэба заўсёды памятаць, прымаючы рашэнне аб тым, што для цябе больш каштоўнае: асабістая выгада і сяброўства з начальствам ці свабода і добрае імя з чыстай біяграфіяй. Хаця, зразумела, што ў законапаслухмяных грамадзян такіх пытанняў увогуле ніколі не ўзнікае.

С. Прынёў, следчы следчага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці (па Талачынскім раёне).

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене