САІЦЬ ПЕРАД ВАЧЫМА І СЁННЯ

8 апреля 2011 13:10

Дваццацітрохгадовая дзяўчына Надзея будавала планы шчаслівага жыцця — нядаўна яны са сваім каханым Аляксандрам згулялі вяселле, марылі нарадзіць шмат дзетак… Але ў лёс жанчыны, як і ўсіх жыхароў Беларусі таго часу, умяшалася Вялікая Айчынная вайна. Ішоў 1941 год…

— Муж мой быў ваенным, — гаворыць Надзея Паўлаўна Падалінская з вёскі Няклюдава, — і з першых дзён вайны пайшоў на фронт. У баях пад Віцебскам разам з іншымі салдатамі трапіў у палон. Але праз некаторы час яму ўдалося ўцячы ад немцаў, вярнуўся дадому.

Жылі маладажоны ў Казігорцы, разам з маці Аляксандра. Але не мог мужчына сядзець дома, пакуль вораг лютаваў на яго роднай зямлі. Набраўшыся крыху сіл, Аляксандр падаўся ў партызаны. Падчас адной з аперацый ён загінуў, памерла і свякроў Надзеі. І маладая жанчына засталася адна з маленькай дачушкай Марыяй на руках, якая нарадзілася ў яе незадоўга да смерці мужа. Чым магла, дапамагала партызанам, — карміла, мыла і сушыла вопратку. Аднойчы пра гэта даведаліся немцы і вырашылі расправіцца з памочніцай народных мсціўцаў.

— Фашысты схапілі мяне ў чым была, — успамінае Надзея Паўлаўна, — не далі нават дачку ўзяць з сабой.

У лютым 1944 года жанчыну адправілі ў Германію, у канцлагер у Цвікаў. Амаль паўтара года правяла там Надзея. Разам з іншымі яна працавала на авіяцыйным заводзе, дзе рамантавалі самалёты.

— Хацелася, каб больш ніколі не змаглі яны падняцца ў неба, — працягвае жанчына, — бо столькі гора прынеслі людзям кінутыя імі бомбы.

Тое, што засталася жывая, лічыць за шчасце.

— Нас трымалі ў нечалавечых умовах, за людзей ніхто не лічыў, — зазначае, — есці давалі столькі, каб маглі толькі трымацца на нагах, — па адным невялікім чарпачку ў дзень хлёбава з кальрабі, якую залівалі ледзь падагрэтай вадой, ды па паўбуханкі хлеба на чатыры дні. Мы жывёлу непараўнальна лепш кормім.

Не ўсё захавала памяць 93-гадовай жанчыны, але некаторыя эпізоды зверскага абыходжання немцаў стаяць перад вачыма і сёння.

— Часцяком фашысты прыводзілі рускіх ваеннапалонных, вешалі іх, а нас прымушалі глядзець на гэта. Невыносна было, але што мы, жанчыны, маглі зрабіць, — вядзе ўспамін Надзея Паўлаўна.

Змахнула слязу, на некаторы час замаўчала. Камяк падкаціўся да горла ў яе, калі яна яшчэ раз прыгадала тую жудасную карціну. Плакала і ў маі 1945-га, але ўжо ад шчасця, калі вязняў Цвікаў вызвалілі амерыканцы і вярнулі ім надзею на далейшае жыццё.

Яшчэ адно гора чакала жанчыну ў родным яе Данілкаве, дзе жыў бацька. Вярнуўшыся туды ў чэрвені 45-га, а ўвесь шлях ад Мінска дадому прыйшлося ісці пешшу, даведалася яна пра смерць сваёй дачушкі. Дзяўчынка пасля адпраўкі маці ў Германію падхапіла запаленне лёгкіх, а лекаў тады ніякіх не было.

Надзея Паўлаўна пачала зноў будаваць сваё жыццё — праз некаторы час выйшла замуж, пераехала ў Няклюдава, дзе жыве і зараз, рабіла ў мясцовай гаспадарцы жывёлаводам. Але перажытае амаль 70 гадоў таму і сёння невылечнай ранай застаецца ў яе душы.

І. СНАРАЎ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Апрель 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Март   Май »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене