ВЁСКА ПЯЦІ ЎДОЎ

16 октября 2011 14:52

Стаяў сонечны восеньскі дзень бабінага лета, калі давялося пабываць у маленькай вёсачцы Ляхі. Калісьці ў адным класе я вучылася з мясцовымі хлопцамі і дзяўчатамі. Адзін з іх, Аляксандр Сакавец, больш чым праз трыццаць гадоў знайшоў многіх з нас. З любоўю расказаў ён аб роднай вёсцы, у якой зараз жывуць пяць адзінокіх жанчын, пяць удоў. Захацелася пазнаёміцца з імі бліжэй, распытаць аб  жыцці.

Н.Г. САКАВЕЦ, А.С.БАРДЗІЯН, Л.С. ДУБАВЕЦ.

Сядзім за сталом з няхітрай, але такой непаўторнай сялянскай сервіроўкай. Маці Аляксандра, Ніна Герасімаўна Сакавец, родам з Крупскага раёна. Спалучэнне мудрасці, сціпласці, гасціннасці ў гэтай жанчыне робяць яе надзвычай абаяльнай. Прыродны талент цікава расказаць аб сваім жыцці дадзены не кожнаму чалавеку, а яе хочацца слухаць і слухаць…

Сям’я Ніны Герасімаўны жыла недалёка ад ваеннага палігона, у 12 кіламетрах ад Крупак. Да выбухаў прывыклі, але падчас вучэнняў у вёску даляталі нават асколкі. Мясцовымі ўладамі было прынята рашэнне выселіць людзей у больш бяспечнае месца, выдзелілі транспарт і грошай на пераезд. Змянілі некалькі месцаў, ад знаёмых даведаліся, што на Талачыншчыне добра расце бульба, лён, за працу даюць алей і цукар. Перавезлі хату, паставілі яе ў вёсцы Ляхі, пачалі абжывацца. Балоцістыя мясціны давалі аб сабе ведаць, асабліва ў час вясенняй паводкі, калі вада падыходзіла ў склеп. Вырашылі паставіць помпу, што значна аблегчыла справу.

Ніна Герасімаўна ўсё жыццё працавала даяркай, мае шматлікія ўзнагароды, партрэт яе не сыходзіў з раённай і калгаснай Дошак гонару. З фотакарткі пазірае прыемная, зусім не падобная на вясковую, маладая жанчына. З усмешкай Ніна Герасімаўна ўспомніла, што для здымак адна сяброўка пазычыла модную на той час шапачку, другая — касцюм. З мужам яны распісаліся ў 1960 годзе, пасля нараджэння першынца Сяргея. Праз два гады з’явіўся на свет другі сын, Аляксандр. Расказваючы пра трэцяга, Віктара, жанчына не стрымала слёз. Заўчасная смерць свайго дзіцяці ніколі не забудзецца, боль застанецца ў мацярынскім сэрцы назаўсёды.

Адзін за другім пакінулі сыны бацькоўскі дом. Абодва пераехалі ва Украіну, у горад Жданаў, які пазней перайменавалі ў Марыупаль. Дзяцей і ўнукаў хацелася бачыць часцей, і бацькі вырашылі перабрацца да іх бліжэй. Цяжка было пакідаць родную хату, калгас, звыклы ўклад жыцця. Старшыня калгаса Лідзія Андрэеўна Навумава, якая даражыла кожным добрым працаўніком, старалася адгаварыць Ніну Герасімаўну.

Гарачае надвор’е, прывычнае для пастаянна пражываючых тут, для іх аказалася невыносна цяжкім. Праца ў мясцовай гаспадарцы не прыносіла задавальнення. Вялікае сяло з чужымі людзьмі, іншая гаворка, сухая парэпаная зямля — усё было недаспадобы. Здароўе бацькі пасля перанесенай аперацыі выклікала непакой. Да слёз хацелася дадому, напіцца ўдосталь вады са свайго калодзежа. Сыны прасілі застацца, але бацькі цвёрда вырашылі вярнуцца.

Пасля смерці мужа стала сумна і адзінока ў вялікай хаце. Аляксандр прыязджае адзін, а то і два разы на год пабачыцца, дапамагчы з агародам. Нечакана для сябе Ніна Герасімаўна пачала складаць частушкі, песні. Некаторыя яна праспявала і для нас. Простыя, здаецца, словы напоўнены глыбокім сэнсам, уражваюць вобразнасцю і своеасаблівай народнай меладычнасцю:

— Ой, зачем цветешь,
василек синий?
Ой, зачем завлек
ты меня, милый?
— Я цвету, цвету,
чтоб красивым быть.
Я завлек тебя, ох,
чтоб счастливым быть.
Я цвету, цвету,
осыпаюся.
Я завлек тебя,
а сейчас каюся.

Лёс Лідзіі Сцяпанаўны Дубавец шмат у чым падобны да лёсу яе суседкі. Яна таксама ўсё жыццё з дзяцінства многа працавала і таксама нарадзіла трох сыноў. Адзін з іх жыве зараз у Мінску, другі недалёка — у Талачыне. Ён часцей прыязджае да маці і дапамагае не толькі ёй, забяспечвае дрывамі і суседак. Трэцяга сына Лідзія Сцяпанаўна таксама заўчасна пахавала. Аб сваёй працоўнай дзейнасці жанчына расказвае з гонарам. Дзесяць гадоў рабіла звеннявой у калгасе, узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, мае сярэбраныя і бронзавыя медалі. Вялікай павагай карысталася сярод аднавяскоўцаў, была абрана  дэпутатам Азерацкага сельскага Савета.

Да карэнных жыхарак вёскі адносіцца і  Аляксандра Сафронаўна Бардзіян. Год таму яна адзначыла 90-гадовы юбілей. Рана засталася ўдавою, адна падымала дваіх дзяцей. Старалася, каб яны нічым  не былі абдзелены. Дзеці добра разумелі цану кожнай капейцы, пасля школы спяшаліся дапамагчы маці ў нялёгкай сялянскай працы. Адзін сын наладзіў жыццё ў Мінску, другі — у Жодзіне. Сёлетняй зімой жыла ў аднаго з іх, але ж вельмі хацелася ў сваю хату.

Жанчыны расказалі, што ў Ляхах жывуць яшчэ дзве ўдавы: Яўгенія Уладзіміраўна Дубавец (78 гадоў) і Ірына Мікалаеўна Гарбунова (71 год). На жаль, сустрэцца з імі не давялося. Па словах жанчын, у іх тыя ж самыя клопаты, думкі пра дзяцей і ўнукаў.

У кожнай з пяці ўдоў па сорак год працоўнага стажу, таму і пенсію яны зарабілі нядрэнную. З хатняй гаспадаркі засталіся толькі куры. Агароды засяваюць, наколькі хапае сілы ўбраць. Сялянская псіхалогія не дазваляе ім раўнадушна глядзець, як зарастае пустазеллем у гаспадарцы зямля. Не адзін раз звярталіся да кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства, каб скасілі бур’ян або засеялі колішнія агароды травою на корм жывёле. Жанчыны не прывыклі скардзіцца, але вясною прыходзіцца цяжка знайсці каня з плугам, ды і аратага, каб пасадзіць бульбу на невялічкіх сотках.

Марудна і ціха падае долу пажоўклы ліст, адлічваючы апошнія цёплыя дзянькі. Восень жыцця гэтых пяці жанчын, як і непаўторная залатая пара ў прыродзе, мае сваю філасофію, прыгажосць і мудрасць.

А. ПАСЕЕВА.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2011
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене