НЕ ХАПАЕ ПАТРАБАВАЛЬНАСЦІ ДА СЯБЕ І ПАВАГІ ДА ІНШЫХ
Кожны дзень нас акружае незлічоная колькасць аўтамабіляў: ідучы па абочыне дарогі, пераходзячы праезную частку, седзячы за рулём уласнай машыны, мы ўзаемадзейнічаем з іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху. І, на жаль, не застрахаваныя ад таго, што сярод іх могуць аказацца тыя, хто нясе небяспеку нашаму здароўю, маёмасці і нават жыццю. П’яныя за рулём, асобы без правоў на кіраванне транспартным сродкам, уладальнікі машын, якія не прайшлі тэхнічны агляд па прычыне наяўнасці нейкай няспраўнасці…
Асаблівая ўвага выяўленню падобных асоб была ўдзеленая супрацоўнікамі раённай дзяржаўтаінспекцыі на мінулым тыдні падчас чарговага рэйду ў рамках месячніка бяспекі дарожнага руху “Спыні бяду”.
У выніку было складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў: за няпройдзены тэхагляд, непрышпілены рэмень бяспекі, за кіраванне без правоў аўтамабілем і мапедам без шлема. Таксама быў знойдзены і затрыманы грамадзянін, які ноччу 8 снежня пашкодзіў агароджу каля аднаго з будынкаў у цэнтры горада і пакінуў месца здарэння. Але засталіся асколкі фары, часцінкі фарбы — дзякуючы гэтаму і ўдалося спачатку вызначыць марку і год выпуску машыны, а пасля знайсці і самога гора-вадзіцеля.
Адметна, што некаторыя парушальнікі прыцягваюцца да адказнасці паўторна, у тым ліку і малады чалавек без вадзіцельскага пасведчання.
— Так, ужо не першы раз, — спакойна паведаміў ён падчас складання пратакола. — Але правы хутка атрымаю, я ўжо адвучыўся, экзамены здаў, толькі з пашпартам праблемы былі. Цяпер жа ўсё ўладзіў, так што правы будуць.
Добра, што хоць адным парушальнікам на дарогах стане менш. Толькі чаму ён не прыняў да ўвагі ранейшыя адміністрацыйныя спагнанні і працягвае ігнараваць патрабаванні закону? А чаму не пісаны закон і для сталага па ўзросце мужчыны, які паўторна ехаў непрышпілены, выказваючы пагарду і да правілаў дарожнага руху, і да сваёй бяспекі? І што сабе думае пажылы жыхар Талачына, чый “Нісан” з элементамі кузава рознага колеру, з паржавелымі дзіравымі парогамі і са скрыгатам сцёртых тармазных калодак проста бессэнсоўна гнаць на тэхагляд без добрага папярэдняга рамонту? Але ні патрэба ў рамонце, ні адсутнасць тэхагляду не перашкодзілі гаспадару спакойна ездзіць па сваіх справах…
Супрацоўнікі ДАІ не могуць знаходзіцца ўсюды адначасова, заўсёды быць побач з патэнцыяльнымі парушальнікамі правілаў і стрымліваць іх незаконныя дзеянні. Таму на дарогах стане больш бяспечна і спакойна толькі тады, калі павысіцца ўзровень свядомасці людзей, іх патрабавальнасць да сябе і павага да іншых.
С. АБРАМОВІЧ.