МАЯ НАДЗЕЙНАЯ ПРЫСТАНЬ

11 марта 2012 9:48

Вёска Парэчча… “Ну, і што? — запытаеце вы. — Кожная вёска мае сваю адметную, уласцівую толькі ёй назву”. І вы будзеце мець рацыю. Але ж вёска Парэчча — гэта радзіма маёй маці, Неанілы Сямёнаўны Праскінай. Тут яна нарадзілася і пражыла ўсё жыццё (92 гады), нарадзіла і выхавала шасцёра дзяцей. Адсюль пайшла ў жыццё і я.

43 гады я прыязджала з сям’ёй у гэту вёску да бацькоў, каб дапамагчы па гаспадарцы, пагасціць. Але жыццё не стаіць на месцы: памёр бацька, а паўтара года таму пайшла з жыцця і маці. Цяпер, калі я еду дадому, сэрца сціскаецца ад невыноснага болю: ніколі ўжо не выйдзе мне насустрач маці і не скажа: “А я цябе, дачушка, сёння ў сне бачыла”. Але я ўсё роўна прыязджаю перыядычна ў сваю вёску, бо тут жывуць дарагія мне людзі — жанчыны, якіх я вельмі паважаю, у якіх і да сённяшняга дня вучуся правільна жыць.

Сядзіба Тамары Браніславаўны Голубевай размешчана якраз пасярод вёскі, на ўзгорку. Ды і сама жанчына знаходзіцца ў цэнтры ўвагі вясковых жыхароў. Да яе спяшаюцца падзяліцца і горам, і радасцю. І яна для кожнага знойдзе добрае слова, калі трэба, паспачувае, а калі і парадуецца. Каля яе хаты спыняецца аўталаўка, і таму тут часта бывае шматлюдна: вяскоўцы дзеляцца асабістымі навінамі, абмяркоўваюць пачутае і ўбачанае па тэлевізары.

Тамара Браніславаўна ўсё жыццё працавала ў гандлі. Да яе прыязджалі набірацца вопыту калегі, ёю даражыла адміністрацыя. Нават цяпер, праз шмат гадоў, да яе, пенсіянеркі, прыязджаюць у святы прадстаўнікі гандлёвай арганізацыі з Талачына, каб павіншаваць, уручыць каштоўны падарунак.

Нялёгкі лёс выпаў на долю гэтай жанчыны: захварэла і памерла малалетняя дачушка. І па сённяшні дзень не зажывае гэта рана. А потым давялося перажыць яшчэ адно выпрабаванне: цяжка захварэў муж Віктар Мікалаевіч, знатны на Талачыншчыне камбайнер. Яму ампутавалі нагу. Як магла, падтрымлівала мужа, але хвароба перамагла. Дагледзела да апошняга дня яна і сваю свякроў, з якой пражыла ўсё жыццё. Вытрымала Тамара Браніславаўна выпрабаванні, якія паслаў лёс, не скарылася, не страціла дабрыні і павагі да людзей. Гэтаму яна вучыць і сваіх дзяцей — Валеру і Гену.

Па суседстве з Голубевымі жыве Зінаіда Аляксандраўна Сантук. Яна шмат гадоў працавала брыгадзірам. Усю сябе аддавала рабоце. Вяскоўцы добра ведаюць, што рана пачынаецца працоўны дзень, асабліва летам. А Зінаіда Аляксандраўна, здавалася, і зусім не спала. Пазней за ўсіх ішла дадому і раней за ўсіх была на рабоце. Быццам бы прыспеў час і адпачыць. Але не да гэтага жанчыне з такім неспакойным характарам. Некалькі гадоў яна была старэйшынай вёскі, заўсёды прыходзіла на дапамогу таму, хто меў у ёй патрэбу.

Жыла ў вёсцы сям’я Асіпенкаў. І калі гаспадыня памерла, то Аляксандр Андрэевіч, гаспадар, неяк разгубіўся, страціў веру ў жыцці. І тут на дапамогу прыйшла Зінаіда Аляксандраўна. Яна дапамагла сабраць патрэбныя даведкі і ўладкавала яго ў дом для адзінока пражываючых людзей у Коханаве. За гэта ён вельмі ўдзячны жанчыне.

Але ж не працай адзінай жыве чалавек. Трэба ж яму калі-нікалі і кнігу пачытаць, і песню паслухаць. І вось тут на дапамогу прыходзіла Леакадзія Іосіфаўна Буевіч. Гэта яна змагла нас, падлеткаў, далучыць да цікавага, узнёслага. Вучыла правільна дэкламаваць Пушкіна і Лермантава, правільна спяваць народныя песні, танцаваць. Мы з задавальненнем удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, ездзілі па вёсках з канцэртамі, прымалі ўдзел у аглядах. І хоць Леакадзія Іосіфаўна дасягнула паважанага ўзросту, яна не старэе душой. А вось імкненне жыць прыгожа, узнёсла яна перадала нам, тады яшчэ падлеткам, за што мы ўдзячныя ёй.

Клаўдзія Георгіеўна Яўланава выйшла замуж за Мікалая. У яго памерла жонка, і на руках застаўся малалетні сын Віця. Яна, тады яшчэ дзяўчына, прыняла ўсе нялёгкія клопаты па выхаванні хлапчука на сябе. А потым нарадзіла яшчэ дзвюх дачушак. Усіх яна выхавала дастойнымі людзьмі, дапамагла атрымаць вышэйшую адукацыю. Зараз яны займаюць адказныя пасады, але да маці прыязджаюць рэгулярна, прывозяць падарункі. А сярод вяскоўцаў яна карыстаецца аўтарытэтам. “Мудрая жанчына” — так называюць яе ў вёсцы.

А вось Людміла Станіславаўна Шумская большую частку жыцця пражыла ў Мінску, куды накіравалі на працу яе бацьку. Але не страціла гэтая жанчына любові да сваёй бацькаўшчыны. Прыехаўшы ў вёску аднойчы, засталася тут жыць. І не проста так, а трымае гаспадарку, мае карову, хоць гэта не кожнаму мужчыне пад сілу. Гэтаму рады аднавяскоўцы — ёсць дзе малака купіць.

Шмат яшчэ добрых слоў можна сказаць пра жанчын-працаўніц, жанчын-маці і проста Жанчын з маёй роднай вёскі Парэчча. А пакуль яны жывуць, жыве вёска — мая надзейная прыстань. Са святам, першым вясновым святам вас, дарагія жанчыны, — Днём 8 Сакавіка!

Жанна ВЯТОШКІНА (ПРАСКІНА), г. Дуброўна.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2012
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене