РЭКАНСТРУКЦЫЯ ФЕРМЫ
“НАВАСЕЛЛЯ” ЖЫВЁЛА ПАЧАКАЕ Ў СТАРЫМ ПАМЯШКАННІ
Да аршанскай будаўнічай брыгады, якая займаецца рэканструкцыяй фермы “Дабравольск” ААТ “Абольцы”, на мінулым тыдні далучыліся столінскія майстры. Яны ўзяліся за ўстаноўку паільнага абсталявання.
Работы на аб’екце па-ранейшаму вядуцца з паступовым, заўважным кожны дзень прагрэсам: ужо накрыты шыферам увесь дах, зманціраваны малакаправод, драўляныя элементы кароўніка прапітаныя супрацьпажарным растворам.
Устаноўлена халадзільнае абсталяванне ў малочным блоку.
Па стане на канец мінулага тыдня заставалася яшчэ зманціраваць сістэму гноевыдалення (транспарцёр), правесці ўнутраную аддзелку памяшканняў, уцяпліць (заканапаціць) рамы ў праёмах, якія будуць зацягвацца плёнкай, нацягнуць яе, паставіць дзверы… — словам, працы яшчэ даволі шмат, прыняць жывёлу ферма зможа не сёння і не заўтра. Затое калі ўсё будзе зроблена належным чынам, якасна і надзейна, то ўмовы працы людзей і ўтрымання жывёлы атрымаюцца адпаведныя — камфортныя і бяспечныя.
А пакуль што каровы былі пастаўленыя ў старое памяшканне. Свайго “наваселля” яны змогуць без лішніх праблем дачакацца і там, на ферме, на якой знаходзіліся ў папярэднія гады.
Нялёгка даецца гаспадарцы гэтая будоўля, многа выцягвае сродкаў. Да таго ж і ўвогуле часы для “Абольцаў” зараз не самыя лепшыя: недахоп кадраў, недахоп тэхнікі, вялікія, непасільныя для апрацоўкі з такім арсеналам плошчы зямлі. Але працэс ідзе — хоць дзесьці і з апошніх сіл, ды робіцца справа па ўсіх напрамках, на ўсіх участках работы. Нягледзячы ні на якія цяжкасці, заўсёды застаюцца людзі, якія не апусцяць рукі і будуць працаваць, пераадольваючы гэтыя цяжкасці, імкнучыся на новай, светлай паласы свайго жыцця.
С. АБРАМОВІЧ.