Праз асвету — да здароўя і бяспекі
У райвыканкаме прайшло планавае пасяджэнне міжведамаснай камісіі па прафілактыцы ВІЧ і венерычных захворванняў. Былі абмеркаваны актуальныя пытанні прафілактычнай работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва, вызначаны асноўныя праблемы ў гэтым напрамку і разгледжаны шляхі іх пераадолення.
Галоўны санітарны ўрач раёна Ракоўская Л. М. агучыла і прааналізавала статыстыку па ВІЧ (у цэлым па краіне, у вобласці і раёне). Паводле яе слоў, у апошнія гады ў эпідэмічны працэс уцягваецца (кажучы прасцей — заражаецца) усё менш маладых людзей.
— Гэты факт дазваляе гаварыць аб эфектыўнасці прафілактычнай работы, — паведаміла Людміла Мікалаеўна. — Можна меркаваць, што маладыя людзі становяцца больш разумнымі, асцярожнымі, абачлівымі. А значыць, прафілактычнай, асветніцкай дзейнасцю неабходна займацца яшчэ больш актыўна.
Сапраўды, аспрэчваць гэтае меркаванне няма падстаў. Што ляжыць у аснове большасці выпадкаў заражэння? Ці гэта выпадковыя палавыя сувязі, ці карыстанне нестэрыльным шпрыцам сярод наркаманаў — першапрычынаю ўсяму з’яўляюцца недастатковая інфармаванасць, нізкі ўзровень свядомасці, ці проста легкадумнасць. Галоўны ўрач раённай бальніцы Вішнеўскі А. Д. паведаміў нават такі факт, што многія носьбіты ВІЧ з ліку жыхароў станцыі Талачын (прадстаўнікі цыганскай нацыянальнасці) проста адмаўляюцца ад бясплатнага лячэння.
Па выніках нарады ўстановам культуры і адукацыі даручана праводзіць больш асветніцкіх, пазнавальных мерапрыемстваў на тэму прафілактыкі ВІЧ (конкурсы, віктарыны, лекцыі, кінапаказы і інш.). Будуць актыўна ўцягнуты ў прафілактычную дзейнасць і праваахоўныя органы (распаўсюджванне буклетаў сярод асоб, якія знаходзяцца на ўліку або трапляюць у міліцыю за правапарушэнні, дэманстрацыя ім відэафільмаў).
У. МІХАЙЛАЎ.