У нашым раёне можна ператвараць вецер у электрычнасць
У ваколіцах вёскі Казігорка (Аболецкі сельскі Савет) у няпэўнай пакуль што будучыні можа з’явіцца ветрагенератар. Паводле папярэдніх звестак, гэта будзе канструкцыя вышынёю 70 метраў і магутнасцю 1 мегават. Займаецца праектам Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Як паведамілі ў раённай экалагічнай інспекцыі, па лініі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праект экспертызу прайшоў: у раёне вёскі няма асабліва ахоўваемых тэрыторый, не назіраецца міграцыя жывёлы, таму ўстаноўка такога роду канструкцыі дапушчальная. У той жа час паблізу ёсць лінія электраперадачы, якая зможа прымаць атрыманую з дапамогаю ветру электрычную энергію, таму менавіта гэтае месца, як найбольш зручнае сярод іншых варыянтаў, і было выбрана.