Няхай жа насуперак цяжкасцям ажыццяўляюцца творчыя планы

17 декабря 2013 15:04

Напярэдадні адметнай каляндарнай даты, Дня беларускага кіно, да якой павінны быць неабыякавымі ўсе аматары кінамастацтва, мы вырашылі сустрэцца з чалавекам, які не толькі любіць глядзець дакументальныя і мастацкія фільмы, але і сам іх стварае. Што новага адбылося ў творчым жыцці фота- і відэааматара, кіраўніка народнай кінастудыі “Летапіс” пры Талачынскім гарадскім Доме культуры Дзмітрыя Іўчанкі? Над чым ён працуе або збіраецца працаваць? Якімі радасцямі і цяжкасцямі адметны яго творчы шлях на цяперашнім этапе? Аб гэтым — наша гутарка.

— Дзмітрый, якімі творчымі дасягненнямі за апошні час вы маглі б падзяліцца? Я маю на ўвазе не абавязкова перамогі ў конкурсах, але і проста работы, якія прынеслі асабістае задавальненне, спадабаліся блізкім людзям.

— Фільмы ствараюцца не за адзін дзень, гэта работа працяглая і шматаспектная, адпаведна і творчыя дасягненні застаюцца свежымі і актуальнымі на працягу доўгага часу. Для мяне не страціла сваёй яркасці такая падзея, як атрыманне Гран-пры за фільм “Мы потомки дручан” на рэгіянальным конкурсе аматарскага краязнаўчага фільма ў Вілейцы ў мінулым годзе. Новых работ такога маштабу на суд гледачоў я пакуль што не выношу, задумкі ёсць, але яны знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі: займаюся напрацоўкамі на будучыню, вывучаю розныя тэмы, якія пасля знойдуць адлюстраванне ў маіх карцінах (турызм, краязнаўства, гісторыя), здымаю матэрыялы.

— Вы вельмі слушна заўважылі, што стварэнне фільма — грунтоўная праца, якая займае шмат часу. А значыць, гэтае захапленне, напэўна, нейкім чынам аказвае ўплыў і на прафесійную дзейнасць, і на асабістае, сямейнае жыццё. Ці адчуваеце вы дэфіцыт часу? Ці даводзіцца ахвяраваць чым-небудзь дзеля захаплення? А можа, наадварот, не можаце поўнасцю аддацца любімай справе з-за працы і гаспадарчых клопатаў?

— Кожны фільм займае час па-рознаму, ці, лепш сказаць, працуючы над рознымі фільмамі, я па-рознаму адчуваю плынь часу. Калі раблю штосьці для сябе, па ўласным жаданні, з натхненнем, то гэты працэс прыносіць задавальненне — і тады час ляціць незаўважна, усё атрымліваецца хутка і лёгка. Калі ж я проста павінен зрабіць нешта, у чым сам не вельмі зацікаўлены (па чыёй-небудзь просьбе, напрыклад, або выканаць нейкую абавязковую, але больш тэхнічную, чым творчую работу ў рамках дзейнасці кінастудыі), тады, канечне, адчуваю сябе рамеснікам. Ну, нічога не зробіш, без рамесніцтва і штодзённай руціны не было б цудоўных імгненняў творчасці. А ўвогуле, наконт таго, ці хапае мне часу на творчасць, ці перашкаджае творчасць працы і наадварот, я ніколі не задумваўся і праблемы такой не адчуваў.

— Напэўна, па-іншаму і быць не можа ў таго чалавека, для якога захапленне стала ладам жыцця. А наколькі вашым творчым імкненням адпавядаюць матэрыяльна-тэхнічныя магчымасці? Існуе, напрыклад, патрэба абнавіць абсталяванне (камера, камп’ютар), ці асвоіць новыя тэхналогіі (праграмы, спосабы здымак)?

— Матэрыяльнаю базаю, шчыра кажучы, пахваліцца не магу. Відэакамера кінастудыі “Летапіс” не працуе, ёй патрэбен рамонт, а можа, і зусім лепш яе памяняць на новую, толькі ад мяне гэта не залежыць, таму нічога пэўнага сказаць тут я не магу. Ад камп’ютара таксама ніякай карысці, па сваіх тэхнічных характарыстыках ён не прыдатны для мантажу фільмаў. Таму карыстаюся выключна сваім абсталяваннем. І мая камера, дарэчы, таксама часам падводзіць. Ёй ужо больш за дзесяць гадоў, так што і якасць запісу не тая, якую можна атрымаць на сучаснай апаратуры, і непаладкі ўзнікаюць — таксама, напэўна, можа спатрэбіцца рамонт. У свой час гэта была адна з самых лепшых камер сярод аматарскіх, набліжаная па сваіх магчымасцях да прафесійнай, і я мог дазволіць сабе набыць яе. На сённяшні ж дзень купіць камеру такога ўзроўню ўжо не змагу.

— Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, вы, канечне ж, як творца глядзіце ў будучыню з аптымізмам — задумваеце новыя работы, рыхтуеце матэрыялы для іх, словам, складаеце і паціху рэалізоўваеце творчыя планы. Магчыма, у вас ёсць нейкая мара, высокая мэта ўсяго жыцця — увасобіць у рэальнасць нейкую грандыёзную задумку, нейкі маштабны праект, зняць фільм, да стварэння якога трэба рыхтавацца шмат гадоў? Разумею, канечне, што творчыя планы часцей за ўсё з’яўляюцца сакрэтамі, дзяліцца імі мала хто любіць, таму не настойваю на тым, каб вы адказвалі на гэтае пытанне.

— Сапраўды, што да планаў, то мне больш даспадобы дзяліцца не імі, а вынікамі працы — гатовымі творамі. Тым не менш, не заглыбляючыся ў дэталі, скажу, што сапраўды ёсць у мяне мара: я хацеў бы зняць мастацкі фільм, хаця б кароткамятражны. Усведамляю, наколькі гэта складана, проста нерэальна на першы погляд (адна толькі праблема з акцёрамі для выканання роляў чаго вартая!), але ўсё ж такія думкі мяне не пакідаюць, а значыць, думаю, можна спадзявацца, што і сілы на рэалізацыю гэтай мары таксама калі-небудзь я змагу ў сабе знайсці.

— Згодзен. Калі ў творчага чалавека ўзнікае нейкая задумка, то гэта не проста мімалётная пустая фантазія, а штосьці такое, што ён можа і нават павінен рэалізаваць. Іначай, пакуль не рэалізуе, не будзе мець спакою. Так што жадаю вам поспехаў, яснага бачання ўсіх сваіх творчых планаў і спрыяльных абставін для таго, каб планы ўдавалася ажыццяўляць.

Гутарыў С. АБРАМОВІЧ.

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +2 (from 2 votes)
Няхай жа насуперак цяжкасцям ажыццяўляюцца творчыя планы, 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Декабрь 2013
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Ноя   Янв »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене