Роля мясцовага Савета часам бывае незаўважнаю, але заўсёды застаецца значнаю і ўплывоваю

14 февраля 2014 13:57

Набліжаецца час правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў. Штодзённая работа гэтых органаў улады па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, па навядзенні і падтрыманні парадку звычайна застаецца незаўважнаю: жывём сабе, карыстаемся ўсімі выгодамі ў адпаведнасці з сацыяльнымі стандартамі і марым аб тым, каб гэтых выгодаў стала яшчэ больш. Хочацца, каб транспарт хадзіў некалькі разоў на дзень, каб ліхтар гарэў каля кожнай хаты, каб у бальніцы быў поўны набор вузкіх спецыялістаў, а ў крамах — асартымент, які задаволіў бы і сталічнага жыхара.

Жаданні зусім не звышнатуральныя, можна сказаць, элементарныя, толькі ў сучаснай дэмаграфічнай і эканамічнай сітуацыі задаволіць іх у поўным аб’ёме нерэальна, да таго ж вырашэнне такіх маштабных пытанняў адбываецца на іншых узроўнях, не ў сельвыканкамах.

Але ўсё ж важная роля мясцовых Саветаў у забеспячэнні захавання інтарэсаў грамадзян відавочная. Старшыня сельсавета, дэпутаты першымі даведваюцца аб актуальных праблемах сваёй мясцовасці, і ім жа даводзіцца інфармаваць жыхароў аб перспектывах вырашэння гэтых праблем, тлумачыць, якой дапамогі можна чакаць, а што патрэбна рабіць уласнымі сіламі.

Жыхары тэрыторыі Коханаўскага сельскага Савета могуць прыгадаць нямала станоўчых змен, якія адбыліся ў іх жыцці за апошні выбарны перыяд. Актыўна праводзілася газіфікацыя (Коханава, Багданаўка, Звянячы), адрамантаваны бальніца, Дом культуры, дзіцячы сад, спарткомплекс, пабудавана грамадская лазня, абсталявана хакейная “каробка”, пакладзены тратуары на вуліцы Цэнтральнай у Коханаве, у будынку выканкама абсталяваны цудоўная зала заключэння шлюбаў і выставачная зала. Паралельна з гэтымі адметнымі, яркімі (у маштабах сельскай мясцовасці) падзеямі не спынялася і больш прывычная, бясконцая праца па добра-ўпарадкаванні і вырашэнні іншых штодзённых праблем насельніцтва: ажыццяўляўся знос безгаспадарных будынкаў, аварыйных дрэў, рамонт дарог, водаправодаў, вулічнага асвятлення. Заўсёды заставаліся аб’ектамі ўвагі і клопату месцы воінскіх пахаванняў: у мінулым годзе па сельсавеце добраўпарадкавана некалькі помнікаў і праведзены рамонт месца пахавання расстраляных яўрэяў у Коханаве, напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі запланаваны рамонты ў іншых населеных пунктах. Расказаць больш падрабязна пра дасягненні і праблемы ў жыцці сельсавета мы папрасілі яго старшыню Барышава М. Я.

— Мікалай Яўгенавіч, важным паказчыкам дзейнасці Савета з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян. Як часта прыходзяць да вас на асабісты прыём жыхары і з якімі пытаннямі яны ідуць, ці можна гаварыць аб нейкіх тыповых зваротах?

— За 2013 год на прыём звярнуліся 34 чалавекі, за 2012 год зваротаў было 35, за 2011 — 48. Пры гэтым трэба ўлічваць, што па многіх пытаннях я вяду работу ў іншай форме — наведваючы людзей сам, у розных населеных пунктах і на прадпрыемствах. За мінулы год было многа зваротаў па вулічным асвятленні, рамонце водаправоду і дарог. Часам даводзілася выступаць у ролі міратворцы ў канфліктах суседзяў: паміж людзьмі, чые сядзібы знаходзяцца побач, могуць узнікаць розныя спрэчкі, незадаволенасць, і разрадзіць абстаноўку дапамагае ўмяшальніцтва трэцяга, нейтральнага, незацікаўленага боку. Галоўны прынцып, якога я стараюся прытрымлівацца ў такіх выпадках, можна сфармуляваць наступным чынам: быць непрадузятым, не спяшацца рабіць канчатковую выснову і прымаць чыйсьці бок, а ў першую чаргу заклікаць людзей да ўзаемапаразумення і прымірэння, каб кожны сам даў аб’ектыўную ацэнку сваёй пазіцыі і пазіцыі свайго апанента і, калі трэба, прызнаў сваю памылку.

— Калі грамадзянін звяртаецца наконт праблем з асвятленнем, дарогай, водазабеспячэннем, то вам, зразумела, даводзіцца выступаць у ролі пасрэдніка паміж ім і адпаведнай службаю. Той, хто да вас звярнуўся, спадзяецца, што ваш голас больш аўтарытэтны, а значыць, праблема будзе знятая хутчэй. Ці ўдаецца вам апраўдаць гэтае спадзяванне?

— Калі па тэхнічных прычынах правесці рамонт адразу, па першым патрабаванні, немагчыма, то тут нічый голас, якім бы аўтарытэтным ён ні быў, не дапаможа. Але роля мясцовай адміністрацыі ў падобных сітуацыях усё ж мае вялікае значэнне: дзякуючы нашаму ўдзелу ўдаецца пазбегнуць непатрэбных канфліктаў. Возьмем, напрыклад, такую ўмоўную сітуацыю. Абураны чалавек тэлефануе мне і гаворыць, што будзе скардзіцца, бо электрыкі або камунальнікі не адрэагавалі на яго заяўку. Я прашу яго пачакаць, сам звязваюся з кіраўніком адпаведнай службы і, высветліўшы ўсе дэталі, тлумачу грамадзяніну, што ў цяперашні час асноўныя сілы службы накіраваны на тэрміновую ліквідацыю сур’ёзнай аварыйнай сітуацыі, каб пазбегнуць непапраўных наступстваў (размарозіцца сістэма ў дзіцячым садзе, застанецца без электрычнасці прамысловы аб’ект і г. д.), астатнія супрацоўнікі займаюцца выкананнем заявак насельніцтва, але паспець усюды і адразу не могуць. І ў выніку магчымы канфлікт не дапушчаны. Ну, і трэба дадаць, што выпадкаў неабгрунтаванага зацягвання з выкананнем заявак, сабраных і перададзеных сельвыканкамам, я не прыгадваю. Зразумела, калі гаворка ідзе пра якую-небудзь замену лямпачкі ў адным вулічным ліхтары ці пра паступовае пагаршэнне стану гравійнай дарогі, то выехаць адразу па званку, як “хуткая дапамога”, адпаведная служба не можа. Але па меры збору такіх нетэрміновых заявак усе яны ў поўнай меры і аператыўна выконваюцца.

— Адным з самых, напэўна, цяжкіх напрамкаў вашай дзейнасці з’яўляецца работа з такой праблемнай катэгорыяй грамадзян, як алкаголікі, асобы, схільныя да правапарушэнняў і асацыяльнага ладу жыцця. Вярнуць такіх людзей на правільны шлях не ўдаецца і “вузкім спецыялістам” — урачам, праваахоўнікам, а што можаце зрабіць вы?

— Сапраўды, не сакрэт, што праблема гэта вострая ва ўсёй краіне, і тэрыторыя нашага Савета — не выключэнне. У рабоце з такімі людзьмі я заўсёды стараюся займаць пазіцыю супрацоўніцтва: не асуджаць іх, не сварыцца на іх, не “маралі чытаць”, а паспрабаваць зразумець і дапамагчы, вярнуць цікавасць да жыцця, падтрымаць маральна, а па магчымасці — і справаю. Напрыклад, заўсёды садзейнічаю ў працаўладкаванні. Калі чалавек выказаў жаданне працаваць, звяртаюся да кіраўнікоў нашых прадпрыемстваў і прашу ўзяць яго хаця б з выпрабавальным тэрмінам. І, дарэчы, мне заўсёды ідуць насустрач, даюць маім падапечным шанц.

— І над рашэннем праблем жыццезабеспячэння ўсяго насельніцтва, і індывідуальна з кожным грамадзянінам вы працуеце не адзін. Як дапамагаюць вам дэпутаты Савета?

— Усяго ў нас дзейнічае 15 дэпутатаў. Гэта людзі, розныя па ўзросце, адукацыі, прафесіі. Напрыклад, Хацкевіч Галіна Мікалаеўна — пенсіянер, Іўчын Уладзімір Генадзевіч — участковы інспектар міліцыі, Цупрыяновіч Марына Яўгенаўна — бібліятэкар, Вараб’ёва Марына Мікалаеўна — дырэктар школы мастацтваў. Але, нягледзячы на такую ўзроставую і прафесійную разнароднасць дэпутацкага саставу, усіх народных абраннікаў аб’ядноўвае адна характэрная рыса — неабыякавасць да лёсу сваёй “маленькай ра-дзімы” і актыўная жыццёвая пазіцыя, імкненне зрабіць нашае жыццё лепшым. Дэпутаты інфармуюць Савет аб тым, каму з жыхароў у іх выбарчай акрузе патрабуецца нейкая дапамога ў складанай жыццёвай сітуацыі, дапамагаюць весці прафілактычную работу з асобамі, схільнымі да асацыяльнага ладу жыцця, арганізоўваць насель-ніцтва для правядзення масавых мерапрыемстваў, суботнікаў.

— Гаворачы аб рабоце з насельніцтвам, давайце закранём тэму дэмаграфіі. Зразумела, у глабальным маштабе паўплываць на яе вы не можаце, зніжэнне нараджальнасці і міграцыя моладзі ў гарады працягваецца, але ўсё ж нейкія станоўчыя тэндэнцыі, напрыклад, па такім перспектыўным населеным пункце, як Коханава, адзначыць можна?

— За мінулы год у Коханаве пабудавана 7 індывідуальных дамоў. Усе навасёлы — мясцовыя людзі ва ўзросце да сарака гадоў, узялі ўчасткі і самі пабудаваліся, гэты факт красамоўна сведчыць аб тым, што ў пасёлку застаюцца жыць талковыя, працавітыя людзі, а значыць, яны могуць сябе тут рэалізаваць. А сельвыканкам сумесна з мясцовымі прадпрыемствамі і сацыяльнымі ўстановамі імкнуцца рабіць усё, каб даць сваім грамадзянам магчымасць самарэалі-зацыі і задаволіць іх жыццёвыя патрэбы. У гэтым кантэксце я хацеў бы з удзячнасцю адзначыць вялікую работу прадпрыемства ДП “Коханава-ЖКГ” па добраўпарадкаванні пасёлка, неабыякавыя адносіны, гатоўнасць кіраўніцтва прадпрыемстваў розных формаў уласнасці аказаць пры патрэбе пасільную спонсарскую дапамогу. Напрыклад, дапамагаюць матэрыяльна (фінансава або матэрыяламі, транспартам і г. д.) пры падрыхтоўцы спартыўных і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў нашы прадпрымальнікі, прамысловыя прадпрыемствы.

— Дарэчы, вы закранулі тэму спартыўнага жыцця. Наколькі я ведаю, спортам вы і самі актыўна займаецеся. Зразумела, дзеці ў вас ужо дарослыя, сямейных клопатаў, можа быць, не так шмат, але ўсё роўна, з вашай пасадаю — як удаецца знайсці час, і ўвогуле, як пры такой нервовай нагрузцы атрымліваецца не страціць цікаўнасць да жыцця ў цэлым і жаданне да заняткаў спортам у прыватнасці?

— Вось захапленне спортам якраз і дапамагае трымаць сябе ў форме і глядзець на жыццё з аптымізмам. Хакей, валейбол, лыжы, камандная гульня або самастойныя індывідуальныя заняткі пазбаўляюць ад усялякага негатыву, абуджаюць творчы настрой, зараджаюць энергіяй. Калі ж каму-небудзь здаецца, што цяжка знайсці час на ўдзел у хакейным матчы ці на прабежку, то я парэкамендаваў бы не думаць аб цяжкасцях, а паспрабаваць — і пераканацца на практыцы, якая цудоўная магчымасць палепшыць сваё самаадчуванне і ўзняць настрой ёсць у распараджэнні кожнага з нас. Акрамя таго, гэта дзейсны сродак выхавання дзяцей. Прывяду канкрэтны прыклад. Мы гулялі ў хакей, каманды Талачына і Коханава, і за тым, як дарослыя дзядзькі заўзята носяцца з клюшкамі, з цікаўнасцю назірала каля дзесяці падлеткаў, хоць спецыяльна іх сюды ніхто не запрашаў, самі даведаліся і прыйшлі. А калі мы закончылі гульню, хлопцы хутка зымправізавалі сваю — узялі клюшкі, хто якія мог канькі і выйшлі на лёд. Вось ужо, значыць, дзень яны правялі з карысцю, у адрозненне ад тых дзяцей, якія бадзяюцца невядома дзе і цыгарэтамі дымяць.

— Ну, тады застаецца толькі падзякаваць вам асабіста і вашым дэпутатам за зробленае і пажадаць далейшых поспехаў, незалежна ад таго, чым вы будзеце займацца ў будучыні — паспрабуеце сябе на іншым полі дзейнасці ці працягнеце дзяржаўную службу.

Гутарыў С. АБРАМОВІЧ.

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Февраль 2014
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
2425262728  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене