Коласава: жыватворная сіла зямлі нашых продкаў

8 октября 2014 10:41

Незабыўныя, шчымліва-радасныя ўспаміны дзяцінства… З гадамі яны не пакідаюць, наадварот, прыходзяць часцей,  становяцца больш дарагімі. У памяці ўзнікае невялікі завулачак у вёсцы Коласава, дзе стаялі чатыры хаты, сярод іх — наша. Гэтая адасобленасць заўсёды падабалася сямейнай цеплынёй узаемаадносін суседзяў, цішынёй і спакоем. Адзіны калодзеж дапаўняў і аб’ядноўваў нашу завулачную “суполку”.

Летнім ранкам, выгнаўшы карову, тата прыносіў самыя вялікія духмяныя ападышы з нашага вялікага сада і клаў каля маёй падушкі. Пачуўшы пах яблыкаў, не ўтрымлівалася і яшчэ з заплюшчанымі вачыма прагна надкусвала сакавітую малінаўку. Гэта былі самыя смачныя яблыкі ў маім жыцці.

Раней  вёска Коласава мела назву Халопкавічы. Па адной з легенд, яна была названа так па прозвішчы або мянушцы мясцовага пана Хлапкоўскага, надзвычай жорсткага чалавека, які ў час прыгоннага права  меў тут маёнтак. Халопаў, або хлопаў (так ён называў сялян), якія дрэнна працавалі, або правініўшыхся пан загадваў забіраць у маёнтак, дзе бедныя прыгонныя гнуліся да апошніх дзён свайго жыцця.

Аднойчы войт накіраваў двух такіх бедалаг — старога і малога — араць панскую ніву і вызначыў дзённую норму — палову поля. Доўга яны аралі, стаміліся, селі паабедаць. На дваіх — кавалачак праснака і бутэлька малака. Праўду людзі гавораць: “Па малаку ног не павалаку”. Праглынулі ежу і не заўважылі, прылеглі адпачыць. Хлопчык драмаў і слухаў “байкі” старога селяніна. Не паспеў той даказаць, як раздаўся лямант — прыехаў пан праверыць работу. Накрычаўшыся, загадаў войту пакараць сялян. Схапілі аратых, прывязалі да дрэў і засеклі бізунамі да смерці. Трагічная гэтая гісторыя доўга перадавалася  з вуснаў у вусны, абрастаючы ўсё новымі жудаснымі падрабязнасцямі. Ведама, народ быў на баку пакутнікаў сялян, таму вобраз пана малявалі асабліва страшным і жорсткім.

Да рэвалюцыі ўласнікам маёнтка Халопкавічы з’яўляўся буйны землеўладальнік, былы афіцэр пан Станіслаў Дамброўскі. У час нямецкай акупацыі ён выязджаў у Польшчу, вярнуўся ў 1922 годзе. Панскія землі і будынак маёнтка  былі перададзены калгасу, а былы пан Дамброўскі служыў на савецкіх пасадах, пакуль не высветлілася яго сацыяльнае паходжанне. Органамі ўлады было ад-праўлена прашэнне аб пазбаўленні выбарчых правоў былога ўласніка як эксплуататара рабочай сілы. Рашэнне  выселіць яго за  межы краіны было перагледжана і адменена па прычыне значнага ўзросту былога пана.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Халопкавічы былі акупіраваны немцамі. Многія аднавяскоўцы не вярнуліся з фронту, у тым ліку мой дзед Мікалай Стома. Пры вызваленні Літоўскай ССР у 1944 годзе маладымі загінулі і два дзядзькі, Віктар Стома і Леанід Пасееў. Там яны і пахаваныя ў брацкай магіле на станцыі Шастакова Капсукскага раёна.

У 1964 годзе вёска была перайменавана ў Коласава. Вучоныя сцвярджаюць, што “ні ў адной цывілізаванай краіне свету нацыянальная тапанімія  не зазнала такога глумлення, як у Беларусі”. У савецкія часы многія назвы населеных пунктаў былі заменены на ідэалагічна правільныя. Не магу сказаць, што Коласава — благая назва, але, на маю думку, у нечым яна перакрэслі-вае спрадвечную мудрасць  продкаў.

У 1950 годзе адбылося аб’яднанне трох калгасаў у адзін — імя Чапаева. У кіламетры-паўтара ад Коласава знаходзіліся яшчэ дзве невялікіх вёсачкі — Бароўка і Стадолішча. З цягам часу першая апусцела, хтосьці памёр, кагосьці забралі да сябе дзеці. У 60-х гадах у Стадолішчы былі пабудаваны новыя двухкватэрныя цагляныя дамы для калгаснікаў. Цяпер тут жывуць у асноўным удовы і некалькі сем’яў.

Прыемна адзначыць, што колькасць насельніцтва ў роднай вёсцы не змяншаецца. У 41 домаўладанні пастаянна пражывае 101 чалавек. Большая палова мясцовых жыхароў — працуючыя. Некаторыя гараджане набылі сабе дачы.

У вёсцы Коласава заўсёды жылі сапраўдныя гаспадары. Працавітасць бацькоў і дзядоў, іх мудры жыццёвы вопыт сталі прыкладам для нашчадкаў. На коласаўскай жыватворнай зямлі і зараз жывуць і працуюць старанныя людзі. Вялікую асабістую гаспадарку трымае маладая сям’я Грышкевічаў. Трымаюць яны кароў, гадуюць бычкоў. Зразумела, шмат трэба прыкласці сіл, каб нарыхтаваць кармы для жывёлы. Малаком яны забяспечваюць аднавяскоўцаў,  жыхароў іншых населеных пунктаў.

Уладзіміру Дорасу даспадобы вясковае жыццё, жыве ў бацькоўскай хаце. Як вялікі аматар птушак, вырошчвае галубоў, фазанаў, мноства розных парод курэй. Зімою прывёз птушанят страусаў, выходжваў іх у хаце. Марыць развесці цэлую ферму гэтых дзіўных птушак.

Хата сям’і Рыкаў здаля вабіць прыгажосцю, створанай стараннымі рукамі гаспадара і гаспадыні. Яны таксама маюць асабістую гаспадарку, дбаюць пра дабрабыт сям’і.

Можна бясконца расказваць пра добрых і шчырых маіх землякоў. Хочацца сказаць ім вялікі дзякуй за тое, што не адышла ў нябыт родная вёска, не пустуе шчодрая зямля нашых продкаў.

Алена ПАСЕЕВА.

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2014
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене