Новы аб’ект: будоўля радуе актыўнасцю і зладжанасцю работ
Новы 40-кватэрны дом у Коханаве можа быць здадзены прыкладна праз месяц. Будынак гатовы поўнасцю, вядуцца ўнутраныя работы.
— Падрадчык, Круглянская ПМК-266, абяцае здаць дом у лютым, — паведаміў нам 12 студзеня намеснік старшыні райвыканкама Арэх І. В. — Праўда, ёсць цяжкасці з фінансаваннем, на цяперашні момант мы запазычыліся ў аб’ёме каля шасці мільярдаў. Зараз на доме працуюць тынкоў-шчыкі, і ў бліжэйшчы час плануецца павялічыць колькасць людзей, задзейнічаных на гэтых работах.
У той жа дзень мы наведалі будоўлю. На аб’екце было поўна людзей (каля дома стаялі два вялікія аўтобусы, якія даставілі будаўнікоў) і панавала ажыўленне. Вяліся сталярныя работы на ганку першага пад’езда, а ў другім па ўсіх кватэрах разышліся тынкоўшчыкі. Круціўся барабан міксера, які прывёз раствор, гула тынкавая станцыя (устаноўка для прыгатавання тынкавальнай сумесі).
Унутры дома ўжо ўсталяваны ацяпляльныя радыятары, праведзена электраправодка. Гледзячы на пакуль што голыя сцены і пустыя дзвярныя праёмы, няцяжка зразумець, што працы тут яшчэ шмат. Але актыўнасць і зладжанасць вядзення работ абнадзейваюць, даюць упэўненасць у тым, што ўкласціся са здачаю дома ў вышэйназваны тэрмін — задача выканальная (зразумела, пры ўмове, што фінансавыя і іншыя магчымыя цяжкасці будуць аператыўна пераадольвацца і не стануць нарастаць, як снежны ком).
Сяргей АБРАМОВІЧ.