Простае шчасце гаршчэўшчынскіх жанчын

7 марта 2015 16:44

На 12 групах дарошчвання буйной рагатай жывёлы на комплексе УП “Надзёжына” робіць 11 жанчын і толькі адзін мужчына. Напэўна, толькі дзяўчатам і па сілах спраўляцца з гэтымі 140 галовамі жывёлы, якія і прадстаўляюць сабой для кожнай у гэтай колькасці асобную групу. Мы якраз і заспелі іх на складзе, вялі затарванне мяшкоў камбікормам і затым укладвалі іх у навешаны на “Амкадор” адвал.

Слова за слова — і пацякла гутарка-знаёмства з працаўніцамі, на плячах якіх, без перабольшання, і трымаецца гэтае адно з буйнейшых прадпрыемстваў раёна па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

— На дарошчванні, — уводзіць у курс спраў калектыву загадчыца комплексу Алена Пятроўна Ракава, — у памяшканнях стаіць 1,5 тысячы галоў, яшчэ 3,5 тысячы галоў — на адкорме. Так склалася, што па размеркаванні сваіх працоўных абавязкаў мужчыны ў нас працуюць у гаспадарцы механізатарамі, а жанчыны з ўсёю адказнасцю вядуць галіну жывёлагадоўлі. Яны — надзейны, правераны доўгім часам працы касцяк. Ды і наогул — рабіць на нашым прадпрыемстве, калі гэта тваё і ты любіш свой занятак, прэстыжна.

Сакрэт зладжанасці ў дзейнасці розных па ўзросце, інтарэсах людзей у іх неабыякавасці да даручанага ўчастка работы, ва ўменні новага чалавека ўключыць у сваю працоўную сям’ю з ускладаннем усіх неабходных абавязкаў і патрабаванняў. Калі не хочаш іх прытрымлівацца — табе тады рабіць тут нечага. Спрацоўвае менавіта прынцып “адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго”. Ды і не адпуджваюць іх вёска, гэтыя далёка не гарадскія ўмовы працы, шматлікія іншыя абставіны.

Уласна, многія і правялі частку свайго жыцця ў буйных ці малых гарадах, мелі адпаведныя пасады і працу, ды зменлівае нашае жыццё ўнесла істотныя ў іх лёс карэктывы. І што было рабіць Зінаідзе Блажэвіч, якая пражывала ў сонечным Узбекістане, калі з развалам вялікай нашай краіны там бесперапынку цягнуліся хваляванні, не спыняліся сутычкі розных бакоў, а расплачвацца за ўсё клалася на іх, звычайных людзей. А прыхінуцца не было да каго. Зрываліся з месца — і з тым, што можна было прыхапіць з сабою, накіроўваліся, ратуючыся ад бяды, на радзіму сваіх бацькоў ці дзядоў…

Прыняла іх, прыгарнула бацькаўшчына, а ўладкоўваліся на працу дома там, дзе было рабочае месца. І вось ужо 23 гады на комплексе. А было 27 год, калі прыйшлося зрывацца адтуль, пакідаючы з болем і слязьмі і родных, і сяброў, добра набітую каляіну жыцця. Але і ў кутку бацькоў нетужліва. Краявіды кранаюць ласкай і цеплынёй, багаццем фарбаў і гукаў. На ўсё адгукаецца сэрцам, яно тут і трымае, сярод такога табе блізкага і знаёмага. Не да суму, бо клопаты, да ўсяго, аб доме, дзецях.

— Праца, што і гаварыць, — шчыра заўважае Зінаіда Пятроўна, — у нас не нейкая там цікавая ці простая, усё звычайнае. Але мы ўмеем разнастаіць яе будзённы крок. Бачыце ж, як нашы дзяўчаты да ўсяго з гумарам, жартам, трапнай заўвагай, а галоўнае з дабром і павагай адносяцца. Калі ў каго дата круглая ў жыцці, такое свята ствараем, што потым прыемна ўзгадаць пра свае здольнасці. Рыхтуем нумары, чытаем і спяваем, падбадзёрваем адна адну. І толькі пры гэтым салодкі стол, а калі што з напояў і мацней, то адзінае шампанскае і спрабуем па кропельцы. Так выпрацавалася з гадамі, ёсць той бар’ер, які не дазваляем сабе пераступіць, мы ж жанчыны, маці, на нас жа столькі людзей глядзяць…

З задавальненнем Зінаіда Пятроўна заўважае пра кожную са сваіх сябровак па працы і жыцці параю-другой слоў. Пра Святлану Рудэнку, Алу Кожар, Лізавету Тарасевіч, Галіну Сухавараву, Ганну Рульку і пра яшчэ адну Ганну Рульку, іх з такім імем і прозвішчам дзве, яны стрыечныя сёстры, Наталлю Карабань, Любу Манжылеўскую і яе дачку Іну, Вольгу Емяльянаву, Таццяну Збуржынскую.

— Куды больш проста вырашаць вытворчыя пытанні, — дадае Алена Ракава, — калі ёсць паміж людзьмі паразуменне. І нас яно выручае на кожным кроку. Здараецца, нехта прыхварэў, ставіць у вядомасць, што не можа выйсці на работу, перажывае, што так нечакана выйшла. Мы ж ведаем, што чалавек не хлусіць, для кожнай такі выпадак як надзвычайнае здарэнне. Таму тут жа знаходзім выйсце, жывёлу будзе каму накарміць. Кожная з калектыву прапаноўвае свае рукі, ніхто не лічыцца, што парабіць прыйдзецца больш.

Таму і вынікі іх працы і прыкметныя, і стабільныя. На дарошчванні сярэдня-сутачныя прывагі складаюць 700, а на адкорме 850 грамаў. У вобласці па паказчыках ідуць у ліку лепшых. Тут поўная заканамернасць, бо разам спалучаныя ў натуры жывёлаводак веды сваёй справы, практычны вопыт, адказнасць, пастаяннае самасцвярджэнне ў працы.

Сёлета роўна трыццаць год, як пасля заканчэння ветэрынарнага інстытута прыйшла ў родную гаспадарку Алена Ракава, якую бацькі накіравалі на гэтую нялёгкую сцяжыну вытворчасці на сяле. Бацька Пётр Ісакавіч Стук і маці Ганна Аляксандраўна, якія ўсё сваё жыццё аддалі станаўленню гэтай галіны ў гаспадарцы, у дачцы бачылі менавіта свой працяг. Яна доўжыць іх справу, а апошнія дзесяць год узначальвае комплекс. Вельмі здольны, умелы арганізатар вытворчасці, глыбока валодае сучаснымі тэхналогіямі ў жывёлагадоўлі.

З багатым вопытам і Ала Канстанцінаўна Кожар, Зінаіда Пятроўна Блажэвіч, Святлана Аляксандраўна Бохан, Ірына Валянцінаўна Косінец, Ніна Мікалаеўна Каўрова…

Аднойчы зазірнуўшы ў госці да родных з Узбекістана і бліжэй пазнаёміўшыся з мясцовымі працаўніцамі, не знайшла сіл развітацца з атмасферай добразычлівасці Іна Манжылеўская. Потым і маці сюды таксама вярнулася. Было шмат за плячыма добрых дасягненняў у гэтай дзяўчыны. І вучылася добра, закончыла ў Ташкенце ліцэй і атрымала спецыяльнасць повара. Зараз тут, у глыбінцы раёна, але кругагляд у Іны сучаснай маладой дзяўчыны, умелай гаспадыні. Толькі хлопцы вось куды глядзяць, што не разглядзелі яшчэ яе прыгажосці і абаяльнасці, працавітасці. Ды, аказваецца, уся праблема якраз у іх. І ў гэтым аграгарадку жаніхоў і кавалераў хранічна не хапае.

— Усё ў нашых справах, — уключаецца ў размову Святлана Аркадзьеўна Рудэнка, — як і ў большасці людзей. Працуем, перажываем за нешта, чымсьці не задавальняемся. Як і ва ўсіх, ёсць прыемныя падзеі, ёсць і падстава да разваг, засмучэння. Настрой стварае чалавек сабе сам. Жыццё не прыпыняецца, усяго ў ім ёсць па частцы, а гэта і завецца звычайным чалавечым шчасцем. Мы ўжо некаторыя і бабулямі сталі, клопат цяпер і за дзяцей, і за ўнукаў…

Дарэчы, сама яна ў Гаршчэўшчыну даязджала з геаграфічна далёкага ад нас Казахстана. Тады, у 50 — 60-я гады, з вёскі моладзь ад’язджалася на вугальныя шахты, асвойваць цалінныя землі. Яе бацькі таксама аказаліся ў ліку рамантыкаў, а магчыма, і шукальнікаў больш надзейнага месца ў жыцці. Там знаёміліся ўдалечыні ад дому, завязвалася самастойнае жыццё, з’явіліся на свет яны, іх дзеці. А калі падышоў час, вярнуліся, як і марылася, дадому. Услед за імі — і іх ужо немаладыя дзеці. Бо самае моцнае — гэта прыцягненне роднай зямлі, свайго роду.

15 год як і Святлана ўжо тут, робіць на комплексе. Так, было прасцей, калі пражывала з сям’ёй у горадзе, працавала ў дзіцячым садку арганізатарам фізічнага выхавання, былі добрыя асабістыя дасягненні ў спорце. Нейкі час была ў гандлі, а зараз вось, як шуткуе, “паяркай”, гэта значыць выпойвае сваіх цялятак. Сяброўкі заўважылі, што для кожнай у Святланы сваё імя, гэта значыць мянушка, і яны для яе, як дзеці.

— Бывае, — гаворыць Святлана Аркадзьеўна, — і злуешся на асобныя акалічнасці, а потым паразважаешь, што жывёла тут ні ў чым невінаватая, супакойваешся і робіш далей, знаходзіш у сваёй працы сэнс, атрымліваеш ад дасягнутых вынікаў задавальненне…

Сын пайшоў па бацькавай прафесіі, працуе машыністам на цеплавозе ў Віцебску, а муж на комплексе разам з ёю.

Вынікі нашай сустрэчы з жанчынамі-працаўніцамі мы падводзілі, выстройваючы агульны партрэт калектыву, з загадчыцай комплексу.

— Стараемся з дзяўчатамі, — заўважае Алена Пятроўна, — нашыя задачы вырашаць калектыўна. Заўтра, 8 Сакавіка, абавязкова ў пакоі адпачынку будзе торт, выпечка, да іх чай. Будуць і словы шчырага віншавання, абавязкова — песня. Мы ж і на працу з ёю дабіраемся і з працы дадому таксама з песняю. Яна ў душы, сэрцы, узнімае настрой, а ён дарадца і памочнік у працы і дамашніх справах. Самі распрацоўваем сцэнарыі, здзяйсняем задуманае ў нумарах самадзейнай творчасці. У кожнага свой талент, а гучаць у нас песні і рускія, беларускія, украінскія і іншых народаў. Мы ж, як ні кажы, інтэрнацыянальны калектыў, а гэта такая непаўторнасць, якая перадаецца дасягненнямі і ў творчасці, і ў працы, а ўсе разам мы — працавітая, згуртаваная сям’я, у якой у цэлым зараз каля трыццаці чалавек, і большасць — гэта жанчыны, умелыя і актыўныя ў жыцці і працы.

Віктар БІРУКОЎ.

НА ЗДЫМКУ злева направа: Іна Манжылеўская, Наталля Карабань і Любоў Манжылеўская.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2015
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене