Цудоўная ночка купальская

8 июля 2015 16:11

Яшчэ на падыходзе да пляцоўкі, дзе ладзілася Купалле, людзі міжволі прыпыняліся, услухоўваючыся ў словы ідучых ад сэрца песень на вечна хвалюючую тэму беларускіх абрадаў. Гэты ж наогул у летнім календары займае выключнае месца. Ён напоўнены казачнасцю, таямніцамі, рэальнымі дзеяннямі і звышнатуральнай фантастыкай. Усё разам яно ў душы беларусаў, бо ў Купаллі найбольш поўна як у свяце перадаецца мастацкая выдумка нашага народа.

Узгадваецца, як яно без афіцыйных арганізатараў праводзілася ў нашых вёсках. Усе без выключэння дарослыя, а яны ў сваю чаргу прыцягвалі і нас, дзятву, займаліся яго падрыхтоўкай. Хлопцы збіралі для вогнішча розную старызну, а дзяўчаты — кветкі для абрадавых вянкоў.

Тут, на з густам аформленай сцэне стадыёна “Меліяратар” у Талачыне, таксама не абышлося без вяночкаў, у якія умелымі рукамі дзяўчынак уплеценыя кветкі з талачынскіх лугоў і палёў, нашыя непаўторныя па палітры фарбаў валошкі, рамонкі і, канешне ж, папараць. У самым пачатку свята дзяўчаткі артыстычна ўзнімалі і тыя, якія былі пакладзеныя на зямлю, як бы набіраючыся яе сілы, прыгажосці, велічы і багацця, ускладалі сабе на галоўкі, становячыся яшчэ большымі прыгажунямі. У кожным руху — магічнасць дзеянняў, сімвал хвалюючых пачуццяў у гэтую незвычайную ноч. І о, цуд, адбылося так доўга і цярпліва чаканае і зямлёю, і людзьмі — з нябёсаў заструменіў цёплы, дбайны пра жыццё і будучыню дождж. Адно павер’е адбылося ўвачавідкі. Няма ніякага сумнення, што і леглыя ў той ці іншы бок кінутыя праз галаву вяночкі падкажуць дзяўчатам, дзе чакаюць іх жаніхі.

Дарэчы, удалы гульнявы момант — выбар вяночкаў хлопцамі, падказаў і імёны іх будучых абраннікаў. Уважліва сачылі гледачы, асабліва родныя, знаёмыя, за пералікам гэтых імён, якія ў такі момант і чаруюць, і кранаюць пачуццямі нявыказанай усхваляванасці да канца не пазнанага ў нашым жыцці. Сёлета ў іх пераліку Іван, а хочацца сказаць на беларускі манер Ян, Міхаіл, Кірыл, Аляксандр…

А далей містэрыя доўжылася песнямі, прыпеўкамі, забаўляльнымі гульнямі. З радасцю выходзілі на сцэну хлопцы і дзяўчаты, дарослыя і дзеці. Іх умела ўцягвала ў круг удзельнікаў свята вядучая Аксана Шаршун. Ад душы ліліся, узнімаючыся над пагоркамі, люстраною вадою возера, мелодыі ў суладдзі слоў і музыкі, а рабілі гэтае шчыра і натхняльна артысты вакальнай групы з Варанцэвіцкага сельскага Дома культуры, гурта “Славянка” са Славенскага Дома культуры, а таксама знаўцы і аматары добрай песні з Раённага цэнтра культуры і народнай творцасці. Захапляльна, іскрамётна выканаў свой нумар — праспяваў песню — Раман Іваноў. Дарэчы, ён піша і вершы, асобныя з іх пакладзены на музыку.

Беларускае Купалле прайшло праз стагоддзі. На працягу часу змянялася, спрашчалася, але штосьці з сівой даўніны жыве ў пачуццях і зараз. Бо чым вытлумачыць, што нават маленькія дзеці неадрыўна сачылі за ўсім, што адбывалася на сцэне, улоўлівалі душою мінулае, лавілі кожнае слова ад бацькоў і дзядоў з бабулямі пра вогнішча, у якім спальвалі чучала, пра скокі праз ачышчыльны агонь, збіранне лекавых святаянскіх траў, пра тое, як яны дапамагаюць не толькі для лячэння людзей і жывёлы, а і прыварожваюць дзяўчатам хлопцаў.

Да слова, ачышчэнне агнём было абавязковым абрадам перад надыходзячым жнівом, а для маладых людзей перад тым, як яны возьмуць шлюб.

Так, сёлета не ўдалося ў ноч ісці нашым маладым талачынцам сустракаць сонца, якое выплывае як бы іграючы, танцуючы. Але вось без “купання” не абышлося. Дзесьці а палове дзясятай гадзіны пайшоў такі дождж, што ўберагчыся ад яго было не паспець. Ды і гэтае не засмуціла. Бо ў душы засталіся добрыя песні, словы, яднанне праз традыцыю нашых продкаў, весялосць і радасць. А дождж — ён на дабрабыт, шчасце ў працы, вера кожнага на адшуканне сваёй, згодна з мроямі і думкамі, папараць-кветкі.

Раніцою наступнага дня нас сустракала ўжо сонейка, такое ж шчырае і ласкавае, як і само Купалле, з яго таямніцамі, павер’ямі і паданнямі, варажбой. Апошняе — неблагое слова, бо беларусы жылі і жывуць толькі з вераю ў сваю працу, дабрыню, духоўнасць. Таму толькі дзякуй вялікі ўсім, хто стварыў для нас у гэтыя дзень і вечар блізкае і зразумелае нашаму сэрцу свята.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Июль 2015
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июнь   Авг »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене