Па маршруце аўтаклуба: гульні са скарбніцы нашых продкаў
Паназіраўшы за гульнямі дзяцей, можна даведацца аб характары і жыццёвых інтарэсах іх бацькоў. Хтосьці злосна штурхае сваіх сяброў, а хтосьці “лечыць” лялек ці шые ім сукенкі, хтосьці ганяе мяч, а хтосьці, адключыўшыся ад рэальнасці, акунаецца ў віртуальны свет манітора і клавіятуры…
Мінае час, забываюцца забавы, якімі цешылі сябе нашы дзяды і бацькі. У іх гульнях і забавах адлюстравана гісторыя нашага народа, яго працы и побыту. Кіраўнік аўтаклуба Людміла Ждановіч паставіла сабе мэту адрадзіць даўнія беларускія гульні. Дапамагае ёй дырэктар Раіцкага сельскага Дома культуры Мікалай Сушкевіч. У гуртку “Тэатр гульні “Забава” ўдзельнічаюць вучні Раіцкага дзіцячага сада — пачатковай школы. Першае іх выступленне адбылося падчас абласнога свята “Дажынкі-2015” — дзеці весела гулялі на друцкім падворку.
А на мінулым тыдні аўтобус аўтаклуба завітаў у Слаўнае, спыніўся каля мясцовай школы. Ва ўтульнай зале сабралася шмат гледачоў. Ажыўленне сярод іх выклікала прапанова цёткі Ганны і дзядзькі Макара (Людміла Ждановіч і Мікалай Сушкевіч) размаўляць выключна на беларускай мове.
Тэатралізаванае прадстаўленне захапіла не толькі дзяцей, але і дарослых. Беларускія лічылкі, прымаўкі, прыпеўкі многія чулі ўпершыню. “Агароднік”, “Гарлачык”, “Гаршочкі” — гульні змянялі адна другую, да іх з ахвотаю далучыліся і гледачы. І ўсе пераканаліся, што без канцэнтрацыі ўвагі, спрыту і дакладнасці рухаў, сяброўскай падтрымкі і ўзаемадапамогі ў іх проста нічога не атрымалася б. Потым усе разам спявалі беларускія песні.
Больш за гадзіну працягвалася забава ў школе. Па дарозе назад Людміла Васільеўна падзялілася новымі цікавымі задумкамі. Асноўнае ў іх — фарміраванне цікаўнасці да фальклору і народных звычаяў, любові да роднай мовы. Гледзячы калыханку на беларускім тэлебачанні, многія дзеці пытаюць сваіх бацькоў, што такое буслік, вачаняткі… Таму і хочуць артысты аўтаклуба разам з гуртком “Забава” як мага больш дзяцей і дарослых пазнаёміць са сваёй праграмаю.
Паездкі ў школы раёна запланавана праводзіць да канца навучальнага года. Акрамя беларускіх гульняў, адбудуцца знаёмствы з народнымі песнямі і танцамі. Плануецца і правядзенне віктарыны “Размаўляем па-беларуску”. Вынікі гэтай праграмы будуць падведзены на фестывалі “Святочнае кола” з удзелам фальклорных дзіцячых калектываў школ, Дамоў культуры і клубаў раёна. Вядучую ролю будуць выконваць маленькія артысты гуртка “Забава”. На фестывалі плануецца паказаць элементы народных святаў, звычаяў і абрадаў, якія здаўна былі спалучаны з сялянскім земляробчым календаром.
Безумоўна, задумкі добрыя. Многае ў гэтым плане робіцца ва ўстановах культуры і адукацыі, але добрага, як вядома, зашмат не бывае.
Марыя ХМЯЛЮК.
Малайцы!!!