Коханаўскія “Балаболы” з гледачамі моцнай ніткай спавіты (+фота)

5 января 2016 15:17

Нядаўна народны тэатр гульні  “Балаболы” Коханаўскага гарпасялковага Дома культуры адзначыў 20-годдзе з дня свайго заснавання. Узрушаныя падзеяй самадзейныя артысты на сцэне прымалі шматлікія віншаванні калег па мастацтве, кветкі, падарункі, падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта С. В. Ягорава, гучныя працяглыя апладысменты гледачоў.

“ЯК ВЫ ЯХТУ НАЗАВЯЦЕ, ТАК ЯНА І ПАПЛЫВЕ”

1995 год… Станаўленне маладой беларускай дзяржавы праходзіла ў нялёгкіх эканамічных абставінах. Ці да тэатра тут, ці да песень? Тым больш, што ў нашае жыццё ўвайшлі відэамагнітафоны, мноства відэакасет з фільмамі пра  невядомае і такое вабячае сваёй незвычайнасцю замежнае жыццё.

На  экранах тэлевізараў гучалі стрэлы, ліліся рэкі крыві, жанр падворотняў, вульгарныя жарты сталі лічыцца “добрым тонам”. На жаль, гэты працэс працягваецца яшчэ і зараз. Так, блакітныя экраны не чырванеюць ад сораму. Але коханаўскія работнікі культуры адчувалі, трэба нешта змяніць у жыцці і працы, несці гледачам добрае і цудоўнае, каб не было перад імі сорамна.

З’явілася ідэя стварыць тэатр гульні, які будзе паказваць бакі нашага жыцця з гумарам, праз жарт. І сродкам зносін з гледачамі будзе ў асноўным беларуская мова. Дэбют адбыўся ў Копысі на Купалле прадстаўленнем “Маладухі на выданні”. Выступленне маладога калектыву заўважылі, пачалі запрашаць на абласныя конкурсы.
Але вернемся крыху назад. Паўстала пытанне, як жа назваць тэатр? Колькі людзей, столькі было і прапаноў. Аднойчы падчас спрэчак нехта прамовіў:

— Ну колькі ж можна балаболіць? Пара ўжо прыйсці да пагаднення!

Балаболіць?! Вось яно, патрэбнае слова!  З таго часу так і балаболяць коханаўскія артысты ўжо два дзесяцігоддзі. Нават тыя, хто па нейкіх прычынах і выбыў з тэатра гульні, трэба думаць, усё роўна застаюцца балаболамі і душой любой кампаніі. Бо гэта не проста гульня, гэта стан іх душы і прызванне.

СЛАВА ЗНАЙШЛА СВАІХ ГЕРОЯЎ

Колькі перажыта было за той даволі працяглы час, пакуль у 2002 годзе тэатру было прысуджана званне народнага. Успамінаюць “Балаболы” са смехам зусім няпростыя моманты станаўлення калектыву.  Тэатральны рэквізіт, вопратку артыстаў для кожнай пастаноўкі рабілі сваімі рукамі. Генератарам  ідэй была і застаецца рэжысёр і сцэнарыст  тэатра Алена Бугаёва. Ёй дапамагае ў арганізацыйнай справе  бліжэйшая памочніца Жанна Шэмет. А ажыццяўляе замыслы рэжысёра на сцэне ўвесь калектыў самадзейных артыстаў.

Неабходнае куплялі і многае купляюць нават цяпер за свой кошт. Колькі было патрачана ўласных сродкаў за гэтыя гады, ніхто і не падлічваў. “Людзі кажуць, што талент павінен быць галодным!” — смяецца Алена Аляксееўна.  Трэба дадаць, што артысты  маюць сем’і, працуюць ці вучацца. Як ім удаецца знаходзіць яшчэ і час для любімага занятку, няхай застанецца сакрэтам  кожнага.

Са здзіўленнем заўважыла, што ў Доме культуры няма нават камп’ютара. Алена Бугаёва прызналася, што сцэнарыі часта піша начамі дома ад рукі ручкай на паперы ў паўзмроку ў сынавым пакоі. Яркае святло праганяе думкі. Чаму піша  іменна там, Алена і сама не ведае. Напэўна, нейкая там незвычайная аўра:

— Бывае і так, што ранкам не памятаю, ці пісала я сцэнарый, ці мне гэта прыснілася. Бягу ў пакой, а там ляжаць лісты паперы з тэкстам.

Да творчых дзівацтваў сваёй жонкі Яўген Бугаёў адносіцца з разуменнем, бо сам  ён музыкант і “балабол”. Спрачацца ж з жанчынай, хаця і пражылі разам больш за трыццаць гадоў, — справа няўдзячная. Чаго добрага, станеш героем чарговай гумарыстычнай пастаноўкі!

МУДРЫЯ КАЗКІ ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ І ДАРОСЛЫХ

Сюжэты пастановак бяруцца з паўсядзённага жыцця.  Дзеі пераносяцца часам у казачнае царства, а то і спалучаюцца разам рэчаіснае і казачнае…  Афармленне пастаноўкі, культура акцёрскага выканання ператвараюць яе ў сапраўды яркае і захапляючае відовішча. Ці даводзілася вам назіраць, як гуляюць дзеці? Вось так і “балаболы” настолькі зліваюцца са сваімі героямі, што глядач успрымае дзеянне на сцэне ўсёй душой, сам перажывае разам з героямі сітуацыю.

За две гадзіны юбілейнага прадстаўлення немагчыма было паказаць усё напрацаванае за два дзесяцігоддзі. Але тое, што артысты прынеслі на суд сваіх гледачоў, вельмі ўражвае і радуе, прымушае паглядзець і на сябе іншым позіркам.

Узяць хаця б фрагмент пастаноўкі “З рога ўсяго многа”, якая заняла першае месца на “Славянскім базары” ў 2004 годзе. Гэта неверагодная гісторыя, якая адбылася ў сне з гультаяватым мужам. Яго зусім зацюкала працавітая жонка. І неяк прыснілася небараку, што ягонай жонкай стала пакорлівая ўсходняя жанчына пад паранджой, якая спадзявалася толькі на мужа. Можа варта і нам, жанчынам, не са сваркай, а з гумарам   абвясціць мужчыне, што добрыя мужы на дарозе не валяюцца, яны ляжаць на канапах!

Які хлопец не марыць, каб яго будучая жонка гарэлкі не піла, тытуню не нюхала, чужых хлопцаў не любіла, яго толькі слухала. Вось і Іван-царэвіч дажыў да трыццаці гадоў нежанатым. На простай дзяўчыне царэвічу жаніцца неяк не з рукі, вось і аб’явілі ў царстве конкурс нявест. Не даспадобы царскай сям’і прыйшліся і дзяўчына з сучаснымі манерамі, і Верка Сярдзючка, і тры сястрыцы, якія паклалі вока нават на старога бацьку-цара. Як-ніяк, а багацце і ўлада для многіх вельмі прыцягальныя! Ажаніўся царэвіч з разбэшчанай дачкой Бабы Ягі, якая апаіла чароўным зеллем усю царскую сям’ю. Так і ў жыцці бывае, з вялікага перабору можна атрымаць лапці і абору.

Калектыў нядаўна   папоўніўся і дзіцячым танцавальным калектывам пад кіраўніцтвам Таццяны Студзянцовай. Менавіта ён прадстаўляў на “Дажынках-2015″ брэнд раёна — Талачынскі кансервавы завод. Артыстамі былі паказаны фрагменты выступлення, а захапляльны танец “Бульба” зачараваў  залу.

У капілцы “Балаболаў” ёсць і песні. А вось мастацкі  свіст рэдка дзе пачуеш. Папуры з вядомых і любімых народам песень пад акампанемент Яўгена Бугаёва выканаў Канстанцін Козік.

ЖАЛЕЗНЫЯ САЛДАТЫ СЛАЎНАЙ АРМІІ МАСТАЦТВА

І вось яны, самадзейныя артысты, выстраіліся на сцэне.

Алена Бугаёва і Жанна Шэмет для кожнага з іх знайшлі  адметныя словы з улікам рысаў характару. Анатоль Савік, Мікалай Левановіч, Ларыса Кавалёва, Люсія Вавулава, Эла Лушчаева, Алег Стрэльнікаў, Іна Чацвярэнька, Наталля Салаўёва, Андрэй Лапянок, Канстанцін Козік, Юлія Закрэўская, Таццяна Палячынская, Марыя Сямёнава, Алена Сітнік, Раіса Уласевіч, Алена Санкоўская, Марына Качагарава, Людміла  Лазарэнка, Тамара Курчанкова, Уладзімір Санкоўскі, Алеся Цярэня і, канешна ж, Алена і Яўген Бугаёвы, Жанна Шэмет і касцюмер Антаніна Мальцава. Для  іх тэатр гульні стаў другім домам. Яшчэ чалавек пятнаццаць артыстаў працуюць і вучацца ў іншых гарадах нашай краіны і за яе межамі. Але  застаюцца “балаболамі” і прымаюць пасільны ўдзел у жыцці тэатра.

Юбілейны канцэрт закончыўся. Удзячныя гледачы стоячы апладзіравалі сваім любімым артыстам. Ад іх жыццё нашае становіцца больш светлым і пазітыўным.

Тры стэнды ў прыгожа ўбраным фае Дома культуры, тут пастаралася кіраўнік кружка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Людміла Лазарэнка з тэхперсаналам, ледзь змясцілі трэцюю частку ганаровых грамат і дыпломаў, якімі быў узнагароджаны народны тэатр гульні “Балаболы”.

На  шматлікіх фота-здымках  адлюстравана праца артыстаў за час існавання тэатра. Пажадаем жа ім новых творчых поспехаў, каб і надалей Коханава заставалася мастацкім цэнтрам Талачын-шчыны.

Марыя ХМЯЛЮК.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Год малой родины

75-летие Победы

Прямые линии

Работа в Толочине

Ритуальные услуги

Поможем храму!

Наш календарь

Январь 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Дек   Фев »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Конкурс туристических фильмов

Мы в Инстаграме