Кансервавы завод: злабадзённая задача — не даць падняцца пустазеллю
З-за дажджоў у спалучэнні з высокаю тэмператураю паветра ў апошні час ускладнілася сітуацыя на палях: пайшло пустазелле. Акрамя таго, рапс атакавала капусная моль. Барацьба з гэтымі пагрозамі стала на мінулым тыдні адным з найбольш актуальных клопатаў агранамічнай службы кансервавага завода.
— Супраць молі (страшная не яна сама, а яе лічынкі, з якіх вырастае вусень) прымяняем інсектыцыды, — расказала 31 мая галоўны аграном прадпрыемства Капранава Т. М. — Што да барацьбы з травою, то на цяперашнім этапе эфектыўнаю становіцца не толькі хімпраполка, а і механічная апрацоўка зямлі. Пустазелле цяпер знаходзіцца ў фазе белых нітак, гэта значыць, у раслін яшчэ не сфарміраваны корань, і яны загінуць, калі акажуцца вывернутымі з глебы ў сонечнае надвор’е. Якраз гэтым мы і займаліся на бульбяных палях адразу пасля завяршэння пасадкі: спачатку праводзілі акучванне з баранаваннем, пасля рыхленне міжраддзяў, а ў цяперашні час працуюць грэбнеўтваральнікі — канчаткова фармуюць барозны, раўняюць і ўтрамбоўваюць іх (на здымку), каб стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для развіцця клубняў. Усяго задзейнічана дзесяць агрэгатаў, з 900 гектараў на ўчарашні вечар рыхленне міжраддзяў было праведзена на 625 гектарах, грэбнеўтварэнне — на 587-мі.
Хімічныя сродкі барацьбы з пустазеллем эфектыўныя, але нятанныя, таму механічная апрацоўка бульбяных палёў становіцца асабліва актуальнаю і павінна быць праведзена як мага больш адказна, аператыўна і якасна. З улікам гэтага праца вядзецца ў дзве змены, з 4 гадзін раніцы да 10 вечара. Праца інтэнсіўная, напружаная, але ў канчатковым выніку яна будзе ўзнагароджана, толькі выконваючы тэхналагічныя патрабаванні і вытрымліваючы тэрміны можна разлічваць на багаты ўраджай.
Уладзімір МІХАЙЛАЎ.