Талачынскі элеватар: няспыннае тэхнічнае развіццё — умова эфектыўнай гаспадарчай дзейнасці

24 июня 2016 14:29

Даўно ўжо стала нязменнаю традыцыяй тое, што ў новы сезон ААТ “Талачынскі элеватар” уваходзіць з нейкімі тэхналагічнымі новаўвядзеннямі, накіраванымі на павышэнне эфектыўнасці вытворчага працэсу і эканомію рэсурсаў. Прычым дасягаюцца гэтыя мэты не толькі за кошт набыцця новага абсталявання, а яшчэ і дзякуючы творчаму падыходу кіраўніцтва і інжынернай службы прадпрыемства да вырашэння разнастайных тэхнічных і арганізацыйных пытанняў і пераадолення праблем.

Дзякуючы такім спецыялістам, як галоўны інжынер Карпушэвіч В. Л., галоўны механік Драняеў П. С., вядучы энергетык Радзівонаў В. Ф. і іншыя кампетэнтныя і неабыякавыя людзі, вытворчая база заўсёды знаходзіцца ў належным тэхнічным стане і адпавядае патрабаванням часу ў плане энергаэфектыўнасці, бяспекі, зручнасці выкарыстання. На рахунку вышэйназваных людзей ужо нямала свайго роду вынаходніцтваў, якія спрашчаюць і робяць больш рацыянальным працэс прыёму, ачысткі, сушкі зерня і транспарціроўкі яго на захоўванне, удасканальваюць некаторыя іншыя тэхналагічныя працэсы ў рамках гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства.

Напрыклад, сёлета ўпершыню будзе выкарыстоўвацца аўтаматызаваная сістэма з пультам кіравання маршрутамі зерня. Раней прыёмшчык на пункце разгрузкі аўтамабіляў тэлефанаваў работнікам, якія знаходзяцца ўнутры элеватара, і паведамляў, якую лінію яны павінны задзейнічаць для прыёму толькі што прывезенай партыі зерня. Цяпер жа чалавек сам запусціць гэтую лінію, проста націснуўшы адпаведныя кнопкі на пульце кіравання, і па індыкатарных лямпачках на ім пераканаецца, што зерне пайшло правільным напрамкам, на патрэбныя ўчасткі. Сістэма створана поўнасцю сіламі работнікаў прадпрыемства, выпрабавана і чакае жніва.

У 2012 годзе з мэтаю зніжэння нагрузкі на норыі і іншыя элементы транспарціроўкі зерня па вытворчых лініях быў уведзены ў дзеянне адзін самаробны канвеер, а сёлета побач з ім пачне дзейнічаць яшчэ адзін. І абодва яны маюць больш дасканалую канструкцыю ў параўнанні з аналагічнымі канвеерамі фабрычнай вытворчасці. У прыватнасці, дзякучы пад’ёму падтрымліваючых валікаў з 45 да 60 градусаў стужка транспарцёра больш згінаецца (па даўжыні, накшталт жолабу) і ўмяшчае большы аб’ём зерня, а спрашчэнне нацягвальнай канструкцыі ў канцы лініі павялічвае хуткасць руху транспарцёра.

Акрамя таго, калі раней кабель, які падае электрычнасць на разгрузачны вазок (гэтае прыстасаванне ездзіць уздоўж канвеера па жалезных рэйках), ляжаў на падлозе, і работнік павінен быў, трымаючы яго ў руках, хадзіць следам за вазком, то цяпер гэты кабель падвешаны зверху, над канвеерам, і ў кантролі за ім з боку персаналу няма патрэбы.

З мэтай эканоміі энергарэсурсаў некалькі гадоў таму пачата выкарыстанне адходаў ачысткі збожжа ў якасці паліва для кацельні, а сёлета ўстаноўлены яшчэ і сонечны калектар: размешчаныя на даху 4 невялікія панэлі (у кожнай па 20 трубак са спецыяльным напаўняльнікам) за кошт энергіі сонца награюць 800 літраў вады.

У 9 гадзін раніцы, калі адбывалася наша гутарка, сонца яшчэ грэла не на ўсю моц, але вада ўжо мела тэмпературу 52 градусы. Побач з 800-літровым рэзервуарам стаіць яшчэ адзін, самаробны, умяшчальнасцю 2000 літраў, а ў яго ўманціраваны змеявік, па якім плануецца пускаць ваду, нагрэтую сонечным калектарам (па замкнутым коле), і такім чынам цяперашні 800-літровы бак з калектарам ператворыцца ў свайго роду сонечную кацельню для нагрэву дзвюх тон вады.

Па словах галоўнага механіка Пятра Драняева, награваць ваду калектар зможа і зімой, толькі слабей, а тэрмін яго службы фактычна неабмежаваны пры ўмове своечасовай перыядычнай замены напаўняльніка трубак.

Акрамя ўласна вынаходніцтваў (сваіх, асабістых тэхнічных новаўвядзенняў і самастойна створаных канструкцый), шмат робіцца па мадэрнізацыі вытворчасці: старое абсталяванне мяняецца на новае, у большасці вытворчых памяшканняў праведзена замена асфальтавай падлогі на наліўную (цэментавая з гладкім палімерным пакрыццём) і г. д. Колькасць ідэй, прапанаваных і рэалізаваных інжынернаю службаю Талачынскага элеватара, уражвае.

Звяртаюць на сябе ўвагу такія ўласцівыя работнікам прадпрыемства якасці, як творчы падыход да выканання сваіх задач, энтузіязм, глыбакадумнасць, нястомнасць у імкненні да ўдасканалення свайго ўчастка работы. Хаця, калі разабрацца, па-іншаму не можа быць, любое прадпрыемства, якое займаецца матэрыяльнаю вытворчасцю і імкнецца да забеспячэння высокай эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці, не павінна стаяць на месцы ў сваім тэхнічным развіцці.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: вядучы энергетык Віктар Радзівонаў расказвае пра пульт кіравання маршрутамі зерня.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Июнь 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Май   Июль »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене