Неабгрунтаваныя скаргі: пагражаць па тэлефоне і лаяцца ў інтэрнэце — бесперспектыўны шлях

5 июля 2016 15:37

Трапна заўважана, што многія сучасныя маладыя людзі, інфантыльныя і не прыстасаваныя да жыцця, трапіўшы ў праблемную сітуацыю, замест таго, каб рашаць праблему, адразу лезуць у пошуку дапамогі ў інтэрнэт. Прызвычаеныя да таго, што там можна імгненна, шчоўкнуўшы па клавішах, атрымаць кулінарны рэцэпт, тэкст віншавання, інструкцыю па рамонце машыны і г. д., беспаспяхова спрабуюць вырашыць такім метадам і больш сур’ёзныя жыццёвыя пытанні. Але можна прывесці нямала прыкладаў, калі аналагічна паводзяць сябе і грамадзяне сталага ўзросту, толькі замест інтэрнэту здымаюць тэлефонную трубку, набіраюць нумар той ці іншай дзяржаўнай установы і пачынаюць прасіць, патрабаваць, пагражаць.

Няцяжка здагадацца, што гаворка ідзе пра так званых скаржнікаў і ўтрыманцаў (калі камусьці незразумела, у рускай мове гэта “жалобщики” і “иждивенцы”). Яны свята вераць у тое, што ўсе іх жаданні павінны неадкладна выконвацца, прычым хто і за чый кошт будзе забяспечваць выкананне гэтых жаданняў, іх не цікавіць. Не засяроджваючы падрабязна ўвагу на тым, што нярэдка скаржнікі і ўтрыманцы  звяртаюцца зусім не па адрасе (у тым ліку і ў рэдакцыю газеты) і зусім неабгрунтавана (не абавязаны ніхто задавальняць тое ці іншае іх жаданне), да таго ж, выкладваючы прэтэнзіі, нярэдка перабольшваюць і нават хлусяць, перайду адразу да свежых прыкладаў.

МЁРТВЫЯ НЕ БАЧАЦЬ — ЖЫВЫМ НЕ СОРАМНА

Тэлефанаванне невядомай грамадзянкі (пачала сыпаць скаргамі адразу, не прадставіўшыся, мяркуючы па голасе, сталага ўзросту, але бадзёрая і ўпэўненая):

— У нас у Варанцэвічах на могілках бура паваліла некалькі дрэў, дні два таму, і на нашу магілу таксама. І нікому няма да гэтага справы. Мы патэлефанавалі ў сельсавет, а там адказалі, што гэта іх не датычыцца, што гэтым займаецца камунгас (пазней у сельвыканкаме нам паведамілі: на самай справе ніякага тэлефанавання не было, а сітуацыя з паваленымі дрэвамі адразу заўважана і ўзята на кантроль, ДП “Коханава-ЖКГ” праінфармавана, будуць прымацца мерызаўв. аўт.). Дык што нам зрабіць — папрасіць людзей, каб сфатаграфавалі і апублікавалі дзе трэба? Зараз жа гэта лёгка зрабіць, і людзі знойдуцца, якія гэта ўмеюць.

Намёк на інтэрнэт зразумелы. Але незразумела іншае: калі знойдуцца людзі, якія дапамогуць выкінуць туды фотаздымак са злосным каментарыем, то чаму б лепш не папрасіць іх, яўна ж маладых і разумных, каб узялі сякеру ці бензапілу і дапамаглі прывесці ў парадак магілу? Калі, напрыклад, хто-небудзь атрымае траўму ў дарожным здарэнні, то спадарожнікі спачатку пастараюцца аказаць даўрачэбную дапамогу і даставіць пацярпелага ў бальніцу, а пасля ўжо будуць шукаць вінаватага. Тут жа атрымалася наадварот: замест таго, каб выканаць свой маральны абавязак па ўшанаванні памяці памерлых, жывыя пачынаюць высвятляць адносіны, скандаліць, пагражаць. Можа, прытрымліваюцца той логікі, што нябожчыкам усё роўна, а значыць, можна не спяшацца з прыняццем мер па законах сумлення, лепш спачатку паказыраць сваім веданнем законаў пісаных? Я паспрабаваў намякнуць на гэтую акалічнасць:

— Скажыце, у той магіле, пра якую вы гаворыце, ляжыць хтосьці з вашых родных?

— Так.

— Дык чаму вы не хочаце дагледзець яе самі, прывесці ў парадак?

Субяседніца настолькі абурылася гэтай прапанове, што на імгненне страціла здольнасць размаўляць, збянтэжана цягнула “э-э-э” ды “м-м-м”, а пасля, калі раўнавага больш-менш вярнулася да яе, выбухнула:

— Што?! Гэта вы мне такі адказ даяце?! Ты чуў, — звярнулася да кагосьці, хто знаходзіўся побач з ёю на тым канцы провада, — ён кажа, што калі гэта наша магіла, дык нам яе і даглядаць! Ну, тады я буду звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі!

ЯЕ ВЯЛІКАСЦЬ ГАРАДЖАНКА

Яшчэ адно тэлефанаванне грамадзянкі па той жа схеме — без лішніх цырымоній, адразу быка за рогі:

— Алё, добры дзень. Я хацела б, каб вы паглядзелі, які ў нас тут на станцыі Талачын сметнік.

— Пачакайце, а вы не памыліліся нумарам? Сметнікі — гэта не наша кампетэнцыя. Куды вы хацелі патэлефанаваць?

— У рэдакцыю, менавіта ў рэдакцыю, таму што ў гарвыканкам я ўжо тэлефанавала.

— Прабачце, які гарвыканкам? Вы, відаць, усё ж памыліліся нумарам, у нас няма гарвыканкама.

— Ну, райвыканкам, якая розніца! Я тэлефанавала ў райвыканкам, і мне ў аддзеле ЖКГ сказалі, што пра несанкцыянаваны сметнік трэба паведамляць дыспетчару камунгаса.

— Так, правільна. І вы паведамілі дыспетчару камунгаса?

— Яшчэ чаго! Яны што, самі не бачаць?! Кожны дзень тут іх машына ездзіць, а я ім павінна тэлефанаваць?!

Пазіцыя лагічная, але патрабаванне да камунгаса бачыць, ведаць і рабіць усё, усюды і адразу яўна завышанае. І што ўсё ж перашкаджала жанчыне зрабіць званок дыспетчару? Навошта з такім дзіцячым максімалізмам ісці на прынцыпы і нагнятаць атмасферу? Ну набярыце вы нумар, зрабіце заяўку, карона не зваліцца, гэта ж у вашых інтарэсах — дык не, так нецікава, трэба вынаходзіць нейкую іншую, мудрагелістую схему.

Паспрабую прасачыць логіку развіцця падзей, абапіраючыся на відавочныя факты і, выкарыстоўваючы дадзенае мне Законам “Аб сродках масавай інфармацыі” права, асабістае меркаванне. Карціна вымалёўваецца наступная. Грамадзянка, якой, відаць, уласціва абвостранае пачуццё ўласнай годнасці (блытаючы райвыканкам з гарвыканкамам, міжволі акцэнтуе ўвагу на тым, што яна не абы хто, не правінцыялка якая-небудзь, а гараджанка!), абурана наяўнасцю сметніка. Газету за 04.06.2016, у якой гаворыцца, куды трэба тэлефанаваць у падобных выпадках, яна не чытала (тыповая сітуацыя: аматар паскардзіцца звяртае ўвагу на газету толькі тады, калі мае асабісты інтарэс!) і таму адразу набірае нумар “гарвыканкама”. Там ёй тлумачаць, што трэба падаць заяўку дыспетчару камунгаса. Але грамадзянка, зноў міжволі дэманструючы абвостранае пачуццё значнасці ўласнай персоны, не збіраецца “апускацца” з узроўню органа ўлады да ўзроўню нейкага там камунгаса і, абурыўшыся яшчэ больш, напаўняецца рашучасцю стаяць да апошняга, ісці толькі ўперад і вышэй, даваць задні ход не ў яе стылі. Як так, яе не паслухаліся?! Мелі нахабства заявіць, што яна памылілася з адрасатам? Ну, яны за гэта адкажуць! Алё, рэдакцыя, прыедзьце, сфатаграфуйце, напішыце, аблайце камунгас ці райвыканкам!

*  *  *

Выслухоўваючы неабгрунтаваную ці не па адрасе накіраваную скаргу (праўда, працягваецца гэта звычайна нядоўга, бо з такімі субяседнікамі я не цырымонюся і не дазваляю ім траціць мой працоўны час), нярэдка лаўлю сябе на думцы, што на самай справе чалавеку трэба не рашыць нейкую праблему, а проста паскардзіцца камусьці на жыццё, выгаварыцца, “паплакацца ў камізэльку”. Для гэтай мэты існуе тэлефонная служба псіхалагічнай дапамогі. Галоўная задача псіхолага, які дзяжурыць на такой лініі, — выслухаць, не перабіваючы, не спрачаючыся і не асуджаючы, паспачуваць, падтрымаць і суцяшальна сказаць, што нічога страшнага, жыццё працягваецца. Пра гэта я таксама неяк пісаў (інтэрв’ю з псіхолагамі), нават прыводзіў тэлефонны нумар псіхалагічнай службы, але ж скаржнікі і ўтрыманцы, як я ўжо казаў, спецыфічная катэгорыя грамадзян, якія чытаюць газету вельмі выбарачна, так што маглі яны і не звярнуць увагу на такую інфармацыю.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: -1 (from 1 vote)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Июль 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июнь   Авг »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене