Тут пакупнікоў чакаюць і ім рады: у Азерцах расчыніла свае дзверы крама “Залаты колас” Талачынскага элеватара
Жыхары аграгарадка Азерцы з нецярпеннем чакалі адкрыцця элеватарскай крамы. У іх сэрцах жыла надзея, што з гэтай падзеяй адбудуцца змены ў добры бок — пашырыцца асартымент тавараў, асабліва для тых, хто трымае гаспадарку, і цэны на некаторыя групы тавараў будуць больш нізкія.
Напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў гандлю даная падзея адбылася. Новая крама ў святочнай абстаноўцы адчыніла свае дзверы для пакупнікоў. У адкрыцці магазіна прымалі ўдзел дырэктар элеватара Аляксандр Анатольевіч Пашурын і загадчык гандлёвага аддзела прадпрыемства Марына Уладзіміраўна Жорава. Былі выказаны самыя шчырыя і цёплыя пажаданні прадаўцам і пакупнікам. Першыя пяць пакупнікоў атрымалі бясплатныя падарункі, а дзецям уручаліся салодкія гасцінцы.
За прылаўкам пакупнікоў сустрэлі загадчыца магазіна Наталля Віктараўна Воўкава і прадавец Кацярына Уладзіміраўна Раманоўская (на здымку). У краме пасля рамонту чысціня і парадак. Пакупнікі з цікавасцю знаёміліся з асартыментам і выбіралі патрэбны тавар.
У аграгарадку ўжо ёсць два магазіны, і вось з’явіўся яшчэ адзін сур’ёзны для іх канкурэнт. Праца прадаўца адказная і шматгранная, яна патрабуе не толькі чэснасці і сумленнасці, але і адпаведнай культуры. Яе можна параўнаць з працай артыста, які выходзіць на сцэну, пакідаючы за кулісамі ўсё сваё асабістае і аддаючы ўсяго сябе працы. Сапраўдны майстар прылаўка павінен быць псіхолагам, умець лячыць душы людзей, знайсці такі падыход да пакупніка, каб ён адышоў ад прылаўка з усмешкаю на вуснах. Акрамя гэтага, прадавец рэкламуе тавар, з’яўляецца звязучым звяном паміж прадпрыемствам і спажыўцом.
Магазін элеватара будзе рабіць без выхадных з 8 да 19 гадзін, што вельмі зручна жыхарам аграгарадка. Ён знаходзіцца на бойкім месцы. Побач фап, клуб, пошта, школа.
Хочацца пажадаць работнікам новай крамы, каб яны знайшлі падыход да сваіх пакупнікоў, сваёй працай і адносінамі не абманулі іх спадзяванняў.
Лілія АЎЦЮШКОВА,
аграгарадок Азерцы.
А ЕЩЁ БЫ ДЕТСКУЮ ПЛОЩАДКУ В АГРОГОРОДОК…СТОЛЬКО РЕБЯТИШЕК, А ИГРАТЬ ИМ НЕГДЕ.ОБИДНО!