Аляксандр Палтарак стаў настаўнікам, і ніколі аб гэтым не пашкадаваў

11 августа 2016 12:41

Чалавек пачынаецца з нечага большага, чым простае з’яўленне на свет. Са свайго роду і таго асяродку, які або абуджае яго душу да светлага, чыстага, узвышанага, або палоніць яе будзённым, шэрым, нікчэмным. У даным выпадку Аляксандру Сцяпанавічу Палтараку выпала сапраўднае чалавечае шчасце. З гонарам і асалодай ён пералічвае тых з роду, хто і дарогі будаваў, і жыллё, зямлю араў і хлеб сеяў, лес расціў, набліжаў кнігу да чалавека…

А вось з настаўнікаў у ім не было нікога. Ён стаў першапраходцам і першаадкрывальнікам гэтай ве-лічнай на зямлі і ва ўсім свеце прафесіі ў іх вялікай сям’і. Сыгралі тут ролю многія абставіны. Мама, Марыя Пятроўна, рабіла бібліятэкарам. І ён літаральна гадаваўся, выхоўваўся сярод кніг. А калі пайшоў у першы клас, з кніжкамі не расставаўся ўжо і ў школе, і дома. Можна лічыць, што першай яго школай і стала маміна бібліятэка. Так хацелася Аляксандру дзяліцца прачытаным, што сачыненні па літаратуры заўжды чакаў з нецярпеннем, і творчыя радкі клаліся ў яго лёгка, слова выходзіла жывое, гаваркое. Занатоўкі вучня зачытваліся як прыклад для іншых не толькі ў сваім, але і ў старшых класах.

Свой адметны ўклад уносіла і мясцовая прырода. Вёска Жары на Расоншчыне — гэта чыстыя сасновыя бары, суцэльная азёрная града ў іх мясцовасці, рачулкі. Іх прыгажосць, загадкавасць і таямнічасць дапаўнялі расказы бацькі Сцяпана Савельевіча, які пасля кожнага абходу сваіх лясных уладанняў сваімі ўражаннямі дзяліўся з Аляксандрам і малодшым Генадзем.

Свой выбар Аляксандр зрабіў дзесьці ў шостым ці сёмым класе. Заўжды круціліся каля бацькі, каб толькі ён аддзякаваў сынам пасля дапамогі ў рамонце праімчацца на магутным, як тады здавалася, матацыкле. Перабіралі яны яго з братам не раз аж да вінціка і адчулі, што тэхніка — іх захапленне, занятак па душы. І калі ўжо да нечага імкнуцца, то трэба ісці ў машынабудаўнічы інстытут. Шчыра, калі пацікавіліся, падзяліўся планамі з класным кіраўніком і дырэктарам школы Субачам І. П.

— Не і не, — усхвалявана зазначыў Іван Пятровіч. — Мы, Аляксандр, бачым у цябе свайго будучага калегу, педагога, свайго прадаўжальніка. На школу выдзелена райана і адзі-нае мэтавае накіраванне ў наш Віцебскі педагагічны інстытут на факультэт матэматыкі. Ты паступіш, мы ўпэўнены, а прафесія нашая ўдзячная, высакародная, а ў цябе такія выдатныя для настаўніка якасці. Словам, ты ні аб чым не пашкадуеш…

Так у 1973 годзе выхаванец Гарбачэўскай сярэдняй школы Аляксандр Палтарак стаў студэнтам матэматычнага факультэта педагагічнага інстытута. У перыяд вучобы ўвесь час быў старастам групы, тройчы выязджаў у студэнцкія будаўнічыя атрады на Віцебшчыне. Здаваў нават экзамены і атрымаў пасведчанне муляра другога разрада. Выкладваў цагляныя сцены, абліцоўваў цэглай дашчаныя домікі.

Праз пяць год выйшаў са сцен інстутыта з чырвоным дыпломам на руках і накіраваннем у аспірантуру. Доўга ўзважваў з жонкай Ірынай, якая займалася яшчэ на чацвёртым курсе медыцынскага інстытута, сваю будучыню і вырашыў адмовіцца ад шляху ў навуку на карысць сям’і і не менш захапляльнай для сябе педагагічнай працы. Не дачакаліся яго і ў роднай школе, бо пераразмеркаванне ўзяў у бліжэйшую да Віцебска Заронаўскую васьмігадовую школу. Выкладаў матэматыку, вёў і геаграфію, і нават фізічную культуру.

У 1982 годзе пераязджае з сям’ёй на Талачыншчыну, радзіму Ірыны Мікалаеўны, працуе завучам, затым дырэктарам Навасельскай васьмігодкі, узначальвае райкам прафсаюза работнікаў адукацыі, робіць у апараце райкама партыі. І вось ужо на працягу чвэрці века нязменна кіруе сярэдняй школай №1 у Талачыне.

З Аляксандрам Сцяпанавічам Палтараком марылі працаваць многія настаўнікі. Таму ўдалося сабраць вельмі з’яднаны, высокапрафесіянальны калектыў. Гэтай камандзе ўсё пад сілу — і вучэбная, і выхаваўчая работа, любога ўзроўню мерапрыемствы. Яны сталі па-сапраўднаму старэйшымі сябрамі для сваіх вучняў. Моцна сябруюць, падтрымліваючы адно аднаго, і паміж сабой. Сакрэтам — прызванне ў працы, поўная адданасць ёй, вера ў вучня, павага да яго.

Больш за трэць педагогаў складаюць у гэтай камандзе выпускнікі школы ў розныя перыяды. Шмат і маладых настаўнікаў, якім ёсць чаму павучыцца і ў асабіста дырэктара, і ў старэйшых таварышаў. Больш за 90% работнікаў — гэта педагогі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Прыклад — сам кіраўнік, які адным з першых абараніў вышэйшую катэгорыю. Пра якасць атрымліваемых вучнямі ведаў гаворыць той факт, што 80% жадаючых паступаюць штогод у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, выходзяць з іх сцен добрымі спецыялістамі, многія вяртаюцца ў свой раён.

Хутка праляцеў час. Вось і зноў выбар. Ён для Аляксандра Сцяпанавіча Палтарака ў адным — у адданасці прызванню, сваёй працы, якая стала для яго ўсім яго жыццём, яго шчаслівым лёсам. З юбілеем вас, Настаўнік і цудоўны чалавек! Новых вам асабіста і вашай сям’і, вашай школе бліскучых здабыткаў і перамог, шчасця на шляху, якім вы ідзяце ўсе гэтыя гады — яркія і важкія на добрыя, яскравыя дасягненні.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (2 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)
Аляксандр Палтарак стаў настаўнікам, і ніколі аб гэтым не пашкадаваў, 10.0 out of 10 based on 2 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Август 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июль   Сен »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене