Нашы вёскі: козаўская рапсодыя

15 августа 2016 9:55

Козкі стаяць у акружэнні лесу з усіх бакоў. А лес ужо сам па сабе песня, паэзія. Таму з узыходам сонца ў колішнія часы амаль у кожным двары можна было пачуць песню на нейкі выпадак жыцця — вясёлы, сумны, нават жалобны. Заўважана, людзі, якія жывуць у такіх лясных вёсках, сярод прыроды, валодаюць звонкімі, ядранымі галасамі.

Зараз праз дом, а то і праз большыя прамежкі іх не чуваць. Учора яшчэ стаялі пабудовы, а сёння — зараснікі на іх месцы, з цяжкасцю ўгадваюцца і мурожная дарога праз вёску, і тая шырокая, чыстая і пясчаная, якая вяла праз лес у абодва бакі — на вёску Валькі і на вёску Раздольная. Раней нават хадзілі па ёй аўтамабілі. Сёння немагчыма прайсці і чалавеку. А тады ж пешшу толькі і хадзілі па іх, выбіраючы самы караценькі шлях.

Шмат што змянілася, і яно ўжо дыктуе нам свае ўмовы, а чалавеку застаецца толькі ацэньваць іх, параўноўваць мінулае і сучаснае. На маю ж думку, толькі было б лепш усім, каб мы захоўвалі гэтыя сцяжыны, якія лучылі нас і з прыродай, і адно з другім, і з мінулым часам. А ў цэлым — з культурай, укладам жыцця, якія былі ва ўсім непаўторныя праз працу і духоўнасць нашых продкаў. На якую сцяжыну ні ступі, усюды казка, легенда, быль…

АХОЎНІКІ І ПРАДАЎЖАЛЬНІКІ РОДУ

Разам з дачнікамі ў Козках пражываюць 16 чалавек. Гэтую дакладную лічбу нам назвалі старажылы вёскі Ганна Нічыпараўна Ціханоўская і Марыя Рыгораўна Ляховіч. Першай — 87, другой — 86 год (на здымку). Жывуць па суседстве, праз вуліцу, сябруюць. У памяці трымаюць самыя розныя падзеі са свайго жыцця. Цяжкім яно было, няпростым, але скаргаў ад іх ні на мінулае, ні на сённяшні дзень не пачулі. Гэта вельмі ўражлівая якасць для ўсяго іх пакалення — ні на каго і ні на што не скардзіцца, усё вырашаць толькі тымі сродкамі, якія ў цябе ёсць.

— Пад сто год маёй хатцы, — расказвае Ганна Нічыпараўна, — не трымаюць ужо сцены цяпла. Сагравае ж тое, што я сама сабе гаспадыня. З палівам дапамагаюць сыны, на дровах не эканомлю. Калодзеж ад нас недалёка. Гады чатыры таму яго пачысцілі, паправілі — дык і з таго канца прыязджаюць за вадой да нас. А так усяго тры калодзежы, але ж вада ў астатніх ніякая. Аўталаўка прыходзіць два разы на тыдзень. Усё ў ёй ёсць, пенсіі хапае. Каб не лякарствы, якія дзеці прывозяць нам з горада, дык і зусім з пенсіі пражыць можна было б добра. Трымаем курэй, ёсць бульба і свая гародніна. Калі што са здароўем, выклікаем з раёна “хуткую дапамогу”. Прыходзіць пошта, выпісваем газеты. Праўда, раённую ніхто не прапаноўваў, то і не выпісваем. Можа і трэба выпісаць, бо ніхто да нас, акрамя дзяцей з Мінска, не прыязджае і не расказвае, што робіцца вакол нас. Дабіраюцца толькі на машынах, а з Плоскага на веласіпедзе ці пешшу, грыбнікі і ягаднікі, у якіх ёсць свае мясціны. Калісьці і мы пасля работы беглі ў лес, збіралі ягады, везлі прадаваць у горад…

У 15 год, закончыўшы толькі два класы, пайшла Ганна рабіць у калгас у вёсцы Рафалова. Адкрылі цагляны завод у вёсцы Бук — уладкавалася ваганетчыцай сюды. Уноч абпальвалі цэглу ў печы — працавала і тут.

Заробак своечасова не выплачвалі, але давалі прадуктовы паёк. Уваходзіла ў яго па кілаграме соевай мукі, макаронаў і круп. Было з чаго хоць спячы праснак, які мама давала ёй у дарогу. Штодзень адмервала амаль дзясятак кіламетраў толькі ў адзін бок. Ішла з Рафалова на працу на завод праз Заполле і Разаны, увесь час лесам. Калі рабіла ў другую змену, да апоўначы, здаралася, што вярталася толькі пад раніцу. Да праснака была яшчэ і чацвярціна малака. У 1958 годзе з завода перайшла на лесанарыхтоўчы пункт у Стуканы, выйшла замуж. У Козках пражыла 60 год. Была і звеннявой па лёне, даглядала цялятак, даіла кароў. Узнагароджана медалём “Ветэран працы”.

Марыя Рыгораўна родам адсюль. Закончыла чатыры класы, а ў пяты не пайшла — трэба было ісці працаваць у калгас. Рабіла ў паляводстве, была звеннявой, яшчэ і на пенсіі працавала.

Усё аддала яна працы, цяпер засталася, лічы, без ног. Абапіраецца на дзве палачкі, а хочацца, каб паспець ва ўсім. Каб быў парадак. І ён ёсць. Дзеці пафарбавалі веранду, вакол абкошана, чысты і прыбраны двор, дагледжаная зямля.

Яны трымаюць, пакуль могуць, сваю вёску. Перадалі свой клопат дзецям. Унукі сюды даязджаюць ужо зрэдку. Ім, гарадскім, няпроста ўспрымаць жыццё з непрывычнай для іх непрывабнай працай. Яны не ведаюць тых сцяжын-дарог, па якіх узыходзілі да свайго шчаслівага лёсу іх бацькі і дзяды. Як казку яны слухаюць успамін, якой была вёска ў той яшчэ і недалёкі час, як у кожным двары нараджалася песня і яе магла прыпыніць толькі смерць чалавека. Вось такая яна, рапсодыя Козак, дзе жылі і жывуць яе героі, звычайныя і моцныя духам працаўнікі. Толькі ім ужо не да песень. Няма ўжо тых крылаў, якія ўзносілі іх мілагучнае слова далёка над стрэхамі хат.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


2 комментария на “ Нашы вёскі: козаўская рапсодыя ”

  1. сельчанин , 15 августа 2016 , 19:34

    К сожалению изменения происходят у нас очень медленно.Мир ушел вперед а мы все думаем что делать.Сборочный цех при СССР =БССР имею ввиду=нас не спасает.Уровень реальной зарплата есть прямое доказательство.

    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0.0/5 (0 votes cast)
    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0 (from 0 votes)
  2. Швондер , 15 августа 2016 , 14:47

    К сожалению,или к счастью жизнь на месте не стоит,меняются люди, время, земля.

    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0.0/5 (0 votes cast)
    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0 (from 0 votes)

Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Август 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июль   Сен »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене