З любоўю да жыцця прыходзіць і шчасце

14 сентября 2016 10:23

У аграгарадку Серкавіцы пражывае Ніна Васільеўна Зелюткова. Хоць па ўзросце яна адзін са старэйшых жыхароў Серкавіц, але па бадзёрасці, энергіі ў свае 79 год Ніна Васільеўна не саступіць і маладому. Размяркоўваецца гэтае жыццялюбства на ўнучак і праўнучак, родных і блізкіх, на працу, на якой трымаюцца дом і двор, агарод, на любімы занятак — вышыванне. Яе вырабы — узор мастацтва і творчых адносін да працы.

Ніна Васільеўна надзвычай сціплы чалавек. Не жадала, калі даведалася пра наш намер, пра сябе распавядаць. Бо гэтага, па яе словах, яна не заслугоўвае. Але пачаўшы нязмушаны дыялог, мы захапіліся гутаркай і нават не заўважылі, як яна адбылася. Пэўна, таму, што ў кожнага з нас ёсць аб чым узгадаць, успомніць пра хутка прамільгнуўшыя гады і дзесяцігоддзі.

Не думала, не гадала яна, што трапіць на Талачыншчыну, што так складзецца яе жыццё. Нарадзілася ў Мсціслаўскім раёне на Магілёўшчыне. А калі здарылася бяда і згарэў іх дом, брат, які рабіў дырэктарам на торфабрыкетным заво-дзе, перавёз іх у г. Хоцімск. Потым яна перабралася яшчэ да аднаго брата, але ўжо ў Магілёў.

Сям’я Шалабадзінскіх была вялікая, сямёра дзяцей, ды засталіся яны рана без бацькоў, раслі сіротамі. Бацьку яна і зусім не памятае. Нарадзілася ў год, калі яго не стала. 13 год было Ніне, калі не стала і мамы.

— Чатыры браты і дзве сястры было ў мяне, так па “радоўцы” я і хадзіла ад адных да другіх. Пра дзіцячы дом ці інтэрнат размову ніхто не заводзіў, — гаворыць Ніна Васільеўна…

Закончыўшы тэхнікум, атрымаўшы спецыяльнасць тэхніка-планавіка, па размеркаванні была накіраваная ў Рыдамльскую МТС. Па прыездзе заспела ў Серкавіцах кантору, механічныя майстэрні, а каля канторы адзін двухпавярховы дом, дзе пасяляліся такія ж спецыялісты, як і яна — ці толькі што атрымаўшыя дыплом, ці ўжо маючыя яго на руках. У яе абавязкі ўваходзіла нарміраваць і весці ўлік працы механізатараў. Такімі вось, невялікімі, крыху дамкоў стаяла яшчэ і воддаль, яна ўбачыла Серкавіцы ў 1956 годзе.

Тэхнікі было няшмат, і яна была размеркаваная па аддзяленнях. У Няклюдаве, Рыдамлі, Замошшы знаходзіліся заправачныя і было па 10 — 15 трактароў у кожным з аддзяленняў. Гэта былі Т-16 і потым з’явіліся на металічных колах беларускія трактары. Было і некалькі аўтамабіляў.

— Раскошай тады, — узгадвае яна, — было на іх праехаць. Хадзілі пешшу, у лепшым выпадку абыходзілася конікам ці трактарам. Гэтак жа дабіраліся ў Талачын і адтуль. Было дзікавата тут пачынаць, але брат настаяў на сваім: “Трэба адпрацаваць два гады…”

Леанід Васільевіч Шалабадзінскі ведаў цану працы, атрымаў вышэйшую адукацыю, працаваў у Ленінградзе інжынерам-меліяратарам, да гэтага ў Магілёве, у абласным Савеце дэпутатаў.

У гэтым жа годзе вяртаецца са службы з арміі ў Серкавіцы Юрый Зелюткоў, адбываецца іх шчаслівая сустрэча. Дарагі ўспамін аб гэтым моманце яна захоўвае ў сваім сэрцы і зараз, хоць муж рана пайшоў з жыцця, перанёсшы інфаркт. Юрый Іванавіч уласнымі рукамі ўзводзіў іх цёплы на сямейную абстаноўку, утульны дом. Тут нарадзіліся іх сын Аляксандр, які стаў ваенным і пражывае ў Маскве, і дачка Таццяна. Яна закончыла медыцынскі інстытут, засталася дома, узначальвае зараз сельскі выканаўчы камітэт.

Вёска стала хутка адраджацца, будавалася жыллё, калі ў 1960 годзе на базе машынна-трактарнай станцыі ўтварыўся саўгас “Рыдамльскі. Узначаліў яго Іван Максімавіч Сапегін. Галоўным інжынерам стаў прыезджы Барыс Мікалаевіч Макулькін. Загадчыкам майстэрні — Аляксандр Ягоравіч Пашкевіч. Іх прывёз з сабой першы дырэктар саўгаса.

У працоўнай кніжцы Ніны Васільеўны адзін запіс — тэхнік-планавік, спачатку на МТС, затым у саўгасе. Па сумяшчальніцтве адказвала і за склады для запчастак. Аформіўшыся на пенсію, прадаўжала рабіць яшчэ на працягу 15 год. У 65 год, гаворыць у жарт, закончыла сваю працоўную кар’еру. На справе ж, Ніна Васільеўна выдатна спраўлялася са сваімі абавязкамі, мела веды, якія былі дапоўненыя шматгадовай адданай працай. Яна беспамылкова магла падбіць вусна мноства лічбаў, валодала імі па ўсёй сваёй велізарнай гаспадарцы. Яе прафесіяналізм высока ацэньвалі кіраўнікі, а галоўнае — радавыя працаўнікі. Яна заўжды намагалася, каб чалавек атрымаў за працу, не быў расчараваны аплатай за яе. Сама ўнікала ў розныя дробязі, глыбока і дасканала валодала відамі і асаблівасцямі рамонтных работ.

— Не шкадую ні аб чым, — прадаўжае субяседніца, — што так склалася ў маім лёсе. У тым ліку і аб тым, што адмовіліся з мужам ад пераезду ў Магілёў, ад добраўпарадкаванай кватэры, якую пакідаў нам брат, пераязджаючы ў Ленінград. Усяго дабіліся сваёй працай, да гэтага далучылі дзетак. Было не ў цяжар і будавацца, і весці дамашнюю гаспадарку, рабіць да позняга і без выхадных у саўгасе. Уласна, я за мужам і ўбачыла сваё шчасце. Вялікай душы чалавек і гэтакі ж працаўнік. Ён рабіў начальнікам вытворчага ўчастка, а ў апошнія гады старшынёй прафсаюзнага камітэта.

Самае вялікае для яе шчасце — павага людзей. З імі Ніна Васільеўна разам была і ў шчасці, і ў бядзе. Разам будавалі прадпрыемства, мацавалі яго сваёй працай. Ніколі не кідалі адно аднаго ў цяжкі момнт.

Таму яна такі прасветлены, духоўны чалавек. Не жыве без працы ні хвіліны, шмат чытае, глыбока разважае аб прачытаным. Яна веруючы чалавек, вышыла Уладзімірскую ікону Божай маці, якую асвяціла ў царкве і падаравала сям’і дачкі.

Вельмі даражыць сваім родам, каранямі. Таму і зараз яе не пакідаюць далёкія сваякі, пляменнікі. Асобных ёй удалося адшукаць толькі ў апошні час, і тое па прозвішчы ў газетах, якія змяшчалі аб іх публікацыі. Вось і ў верасні зноў усе збяруцца ў яе доме сваім гасцінным кругам, каб павіншаваць з днём нараджэння, чарговай важнай падзеяй у яе асабістым жыцці, якое заўсёды напоўненае працай, спагадай і любоўю да людзей.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Сентябрь 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Авг   Окт »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене