У Таццяны Будай заўжды на ўсё хапае вытрымкі і цярпення, майстэрства і прафесіяналізму

27 октября 2016 12:09

Нядаўна Таццяна Васільеўна Будай, галоўны спецыяліст Талачынскага раённага аддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, адзначыла прыгожую дату ў сваім жыцці. Дзве пяцёркі зараз стаяць побач як кшталт пражытага, зробленага, дасягнутага.

Нічога не бывае дарэмным, калі ты чалавек адказны, мэтанакіраваны, прыстойны і мудры. Менавіта такой Таццяну Васільеўну ведаюць людзі, успрымаюць і цэняць за яе працавітасць, надзейнасць і сціпласць.

Яе вельмі чакалі ў сям’і. Першым у Васіля Савельевіча і Надзеі Сцяпанаўны Кудзіных з’явіўся на свет хлопчык. Назвалі Аляксандрам. Потым зноў радасць — папоўнілася сям’я яшчэ адным хлопчыкам, прадаўжальнікам роду, нарадзіўся Сяргей. І вось нарэшце дзяўчына. Радасці таксама не было мяжы. Столькі нянек з’явілася, хлопчыкі яе апякалі, не давалі ў крыўду. Не маглі нацешыцца і бацькі.

Так вось у гэтай працавітай сям’і, дзе бацька рабіў пасля вяртання з Пярмі, з завода, механізатарам у калгасе імя Энгельса, а маці снавальшчыцай на тэкстыльнай фабрыцы, складвалася яе дарагое асабістае шчасце.

Пяць год было дзяўчынцы, як прыйшла ў сям’ю добрая вестка. Памятае, як бацька пераступіў парог дома, дзе яны жылі па вуліцы Камсамольскай у Талачыне, як яго кінуліся абдымаць, паціскаць руку. Куточкамі прымкнёных вуснаў, яго манера, Васілій Савельевіч прыемна ўсміхнуўся, дакрануўся рукой да пінжака, на левым борце якога ззяла Залатая Зорка, Зорка Героя Сацыялістычнай Працы. У 37 год ён атрымаў гэтую высокую ўзнагароду.

Менавіта на яго прыкладзе потым пачалі стварацца механізаваныя звенні па вырошчванні бульбы на Віцебшчыне. Потым быў працяг, эксперымент, калі вопытнага механізатара папрасілі ў раёне апрабаваць безнарадную сістэму арганізацыі працы.

Ён быў роўны ў адносінах да кожнага чалавека. Таму яго разумелі, яго паважалі, у сям’і ім ганарыліся.

Як і бацька, Таццяна, хоць нарадзілася па восені, любіла вясну. Зусім па-новаму разліваліся галасы навокал, ажывала зямля, буяла прыгажосць. Помніць яна моманты, калі бацька браў і яе ў поле. Гэта былі менавіта моманты свята для яе дзіцячай душы. Грукатала ад радасці сэрца, калі, седзячы з ім у кабіне побач, яна бачыла шнурочак раллі, адчувала, як дыхае зямля, жыве ў чаканні новага, нечага таемнага.

Калі чула, як грукоча матор трактара, заўжды выбягала насустрач бацьку.

Памятае і сваіх бабуль — адну ў Талачыне, другую — у Маціёве. Як салілі гуркі, квасілі капусту. І заўжды з ёю аб чымсьці гаварылі, уцягвалі ў цудадзейны працэс працы.

Мудрыя, глыбокія былі людзі. Нягледзячы на занятасць Васілій Савельевіч знаходзіў час для дзяцей. Абавязкова як з роўнымі вёў з імі гутарку, шмат жартаваў. Але найпершы для іх прыклад — яго і матуліна праца.

Сыны пайшлі па бацькавым шляху. Аляксандр закончыў у Гарадку тэхнікум, стаў электрамеханікам. Сяргей ніколі не расставаўся з аўтамабілем, зараз робіць на аўтобусе.

Прароцтвам сталі бацькавы словы і для дачкі:

— Ты можаш, Таня, вучыцца, на каго хочаш, глядзі сама, што выбраць, але жыць і працаваць трэба дома…

Пасля сярэдняй школы яна не стала атрымліваць “гарадскую” спецыяльнасць. Пайшла ў Смальяны, вывучылася на заатэхніка. Атрымаўшы чырвоны дыплом, пайшла на стацыянар у Беларускую сельгасакадэмію на зоаінжынера.

Практыку праходзіла ў сваім калгасе імя Энгельса, база якога дазваляла папоўніць веды на практыцы. Вучыцца было ў каго. Гаспадарку ўзначальваў няўрымслівы, апантаны ўсім новым і сучасным Валерый Сцяпанавіч Кузняцоў, будучы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі ў Талачыне і затым старшыня Бешанковіцкага райвыканкама. Галоўным заатэхнікам рабіў Аляксандр Леанідавіч Яскевіч, заатэхнікам-селекцыянерам — Любоў Іванаўна Дзяньгуб.

У акадэміі сустрэла і сваё каханне. На зоаінжынерным факультэце, толькі курсам вышэй, займаўся хлопец з Вілейскага раёна Віктар Будай. Хлопцаў па гэтай спецыяльнасці займалася ў БСГА шмат, але перавагу Таццяна аддала Віктару. Цягавіты, працавіты, немалаважна, што і са шматдзетнай сям’і. Значыць, сам сабе прабівае дарогу ў жыцці, сур’ёзны.

У канцы чацвертага курса згулялі вяселле ў Талачыне, а праз год Віктар стаў працаваць ужо галоўным заатэхнікам у калгасе “18 парт з’езд” у Азерцах. Яшчэ праз год вярнулася, як і жадаў бацька, у свой родны раён і Таццяна.

Прыйшлося, праўда, адразу заняцца выхаваннем дачкі Лены. Жылі з бацькамі, хоць жыллё тады ў калгасе давалі. У 1987 годзе, у сакавіку, не стала раптоўна бацькі, маму адну не хацелі пакідаць. Толькі ў 2002 годзе перайшлі ў свой дом ад гаспадаркі, дзе рабіў Віктар. Калі нарадзіўся ў іх сын, яго назвалі ў гонар дзеда Васілём.

Хутка праімчаў час. Вось ужо і ў іх дзяцей свае сем’і. Алена вывучылася на юрыста, Васіль робіць вадзіцелем хуткай дапамогі ў цэнтральнай раённай бальніцы.

У Таццяны Васільеўны з Віктарам Рыгоравічам двое ўнукаў. Дзеці таксама не пакінулі родныя гнёзды. Алена з сям’ёй жыве ў доме дзядулі і бабулі. Не парываецца сувязь з гэтым дарагім для ўсіх іх куточкам, а праз сумесную працу ў агародзе, садзе, праз сямейныя традыцыі быць у радасці і выпрабаваннях разам толькі ўмацоўваецца.

Нядаўна мінула 16 год, як Т. В. Будай працуе ў раённым аддзяленні ФСАН. Дружны, працавіты іх калектыў робіць самааддана, не лічыцца з часам і напружанасцю ў працы. Дазваляе гэта асабіста для яе надзейны сямейны тыл. Іх сям’я з’яднаная тымі сувязямі, якія былі закладзеныя бацькамі і іх асабістым з мужам паразуменнем.

Іх дом, сям’я трымаюцца на дабрыні і любові, на непадзельнасці інтарэсаў. Гэта лепшы прыклад для маладых прадаўжальнікаў іх роду.

Ніколі не пачуеш ад Таццяны Васільеўны, што цяжка, чагосьці ў жыцці не хапае. Яна — сапраўдны працаўнік, а ў такіх заўжды хапае на ўсё вытрымкі і цярпення, майстэрства і прафесіяналізму. Яна выдатны спецыяліст сваёй справы, яе паважаюць і цэняць у калектыве, добра ведаюць у раёне, дзякуюць за яе ўмелую, самаадданую працу.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Год малой родины

75-летие Победы

Прямые линии

Работа в Толочине

Ритуальные услуги

Поможем храму!

Наш календарь

Октябрь 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Архив новостей

Конкурс туристических фильмов

Мы в Инстаграме