Малады кіраўнік: Мікалай Міхновіч за непрацяглы перыяд працы ў Талачынскім раёне заслужыў да сябе павагу і падтрымку людзей
Маладосці ўласцівыя аптымізм і няўрымслівасць. Праз іх выяўляюцца іншыя якасці і здольнасці чалавека. Зараз узрост кіраўнікоў значна памаладзеў, хаця так было ў розныя адказныя для дзяржавы і грамадства перыяды. Вось і Мікалай Міхновіч у свае 29 год узначаліў ДРБУ-147 у Талачыне.
Да гэтага з сакавіка па снежань, нейкія дзевяць месяцаў, тут жа набіраўся вопыту на пасадзе галоўнага інжынера. Кадры хутка ішлі на павышэнне ў вобласць, і гэта ў нейкай ступені паспрыяла Мікалаю за сціслы тэрмін вырасці да кіраўніка. Ды справа тут зусім не ў выпадковасці. Яго дзелавыя, чалавечыя якасці ўпаўне адпавядалі новай пасадзе.
— Першы год выдаўся цяжкім, — згадвае Мікалай Мікалаевіч. — Усё-такі не хапала вопыту. На другі год адчулася лягчэй. Асвойваўся, пазнаёміўся ў раёне з людзьмі. Калі ведаеш чалавека, а ён — цябе, куды прасцей з ім размаўляць, вырашаць пытанні. Ну і праца вучыла. Усё спачатку захліствала, думалася, выплывеш ці не выплывеш, а ў рэшце рэшт не адступіўся, убачыўшы шчырую падтрымку тых, з кім працаваў да гэтага. Пэўна, спрацавала колішняя сумесная наша праца, тады яшчэ адчуў да сябе павагу як да інжынера, калі разам вырашалі агульныя нашы пытанні…
У Талачын Мікалай прыйшоў не навічком. Пасля заканчэння вядучага ў краіне тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ) па спецыяльнасці будаўніцтва аўтадарог і аэрадромаў, дзе навучаўся на бюджэтнай аснове, быў размеркаваны ў родную Оршу, у ДРБУ-181. Пачынаў дарожным майстрам, і працаваў ім чатыры гады. Два гады рабіў прарабам.
Вучоба ва ўніверсітэце ўчарашняму выпускніку ліцэя №1 у г. Орша, куды для паступлення таксама здаваў экзамены і праходзіў конкурсны адбор, давалася лёгка. Можа таму, што найперш усё тут для яго было цікавым, новым. Задавальнялі ўзаеміны і з аднагодкамі, і з выкладчыкамі. Спрацоўвалі яго прага да ведаў, пазнанне раней нечуванага. Падсвядома нешта падказвала: вучыся, аналізуй, не саромейся пытаць, калі што не ведаеш. Па праўдзе, цягнула і ў навуку. Але ў апошні момант адмовіўся ад прапановы прадоўжыць вучобу ў магістратуры і пайшоў працаваць.
— Любіў і люблю Мінск, — гаворыць Мікалай, — з яго імклівым тэмпам жыцця, хуткасцямі і размахам у разнастайных яго праявах — у працы, вучобе, адпачынку, з нязменнай людской ракой на яго плошчах, вуліцах, — у парках і падземцы. Гэта па мне. Але не дайшло да суму і ў павольна ідучым жыцці дома, у Оршы. Пашанцавала, што цёпла сустрэлі мяне ў калектыве, дзе ўбачыў да сябе адкрытыя і прыязныя адносіны. Адчуў, што тут ёсць у каго набірацца вопыту, тут робяць разумныя і спагадлівыя людзі. Калі азірнуцца ў недалёкае мінулае, то гэта быў вельмі насычаны на добрыя з’явы ў маім станаўленні перыяд. Тут я сустрэў таленавітага кіраўніка, які ўнушаў давер кожным сваім словам і дзеяннем. Многім з таго, што я ўмею, удзячны Уладзіміру Іванавічу Курцянку…
Мікалай Міхновіч не расчараваў сваіх кіраўнікоў і падначаленых. З гумарам, да працы з ахвотай, да людзей з павагай, гатоўнасцю падставіць плячо таварышам і сябрам. Хоць і малады, толькі за 20 год, а ўліўся хутка ў калектыў, унік у тонкасці працы. На яго кандыдатуры прыпыніліся ў абласным упраўленні, калі ў Талачын трэба было падабраць галоўнага інжынера. Маладыя патрабавальныя да іншых, тым больш што ў Мікалая было з кім параўноўваць, але і ў кіраўніку на раёне Генадзю Аляксеевічу Глінскім ён убачыў для сябе і вопыт, і прафесіяналізм, і своеасаблівы фанатызм.
Пайшоў чацвёрты год, як Мікалай Міхновіч сам кіруе гэтым калектывам. Пасля мінулагодняга скарачэння больш чым на два дзясяткі ў ім застаюцца яго аснова і касцяк у колькасці 50 чалавек.
Сапраўдным чарговым экзаменам сталі для дарожнікаў “Дажынкі” ў Талачыне і Сянно. Вытрымалі яго дастойна. Не горш, чым у спецыялістаў з трэста, здалі камісіі свае аб’екты, вуліцу Дзяржынскага ў Талачыне, пляцоўкі, прымыкаючыя да гарадскога парку, добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол цэнтральнай раённай бальніцы і тэрыторыі каля адміністрацыйнага і вытворчых памяшканняў кансервавага завода. Па выніках работы за 2015 год па дасягнутых паказчыках былі другімі ў вобласці сярод сваіх сабратоў.
Горш склаўся мінулы год. Цяпер прыходзіцца задавальняцца залатой сярэдзінай. Але, мяркуе кіраўнік, ёсць вопыт і будуць імкнуцца сёлета змяніць сваё месца ў рэйтынгавай табліцы дарожна-будаўнічых прадпрыемстваў.
У ліку чатырох філіялаў ім даверана рыхтаваць дажынкаўскія аб’екты ў г. Дуброўна. Разлічваюць атрымаць аб’екты на ўзвядзенні лагістычнага цэнтра ў аграгарадку Копысь, на элеватары і кансервавым заводзе, будуць удасканальваць дарожную сетку раёна. Патрабуе неадкладнага рамонту ўчастак асфальтаванай дарогі на Коханава, неаобходна працягваць капрамонт і рабіць асфальтавае пакрыццё пясчана-гравійных дарог на Жукнева і Абольцы.
Аб працы, здабытках у ёй, канешне ж, мы будзем расказваць далей, а мэта гэтай публікацыі раскрыць маладога кіраўніка як чалавека. Бо не так шмат мы ведаем аб тым, што стварае кіраўніка ці спецыяліста як асобу, чым ён цікавы для нас у сваіх іншых праяўленнях.
Па-першае, ён кемлівы, неардынарны субяседнік. Пра такіх гавораць — сучасны. Лёгка ўступае ў дыялог і здольны трымаць яго ў тым напрамку развіцця сюжэту, які патрабуецца самой абстаноўкай, у тым ліку і для яе разрадкі.
Па-другое, Мікалай Мікалаевіч вельмі таварыскі і чулы да людзей. Хто б ні звярнуўся да яго за дапамогай па непасрэдна службовых абавязках, ніколі не пачуе адмовы.
Не ўтойвае і праблем, недахопаў у працы. Не супакойваецца, прызнаючы іх, а шукае шляхі вырашэння. Падтрымку знаходзіць у сваіх калег-дарожнікаў, кіраўніцтва раёна, у разумеючых яго людзей. Як гаворыцца, па кожным пытанні заўжды ў тэме, у форме.
Яго пастаянна можна бачыць за тэнісным сталом у спартыўным комплексе “Меліяратар”. У свой час актыўна займаўся валейболам. Любіць музыку і сам валодае інструментам. Ніколі не расстаецца з кнігай. Уласна, тэхнары нярэдка ў гэтым плане і даюць фору лірыкам. На яго стале ў рабоце кнігі Юрыя Мухіна і Аляксея Маўрына, Аляксандра Ніканава і Барыса Акуніна, Дэна Сіманса і Дэна Брауна, Міхаіла Булгакава і Міхаіла Шолахава…
У жарт заўважае, што не паспявае толькі за адным — за асабістым жыццём. Між працай і ім павінна быць гармонія, і, перакананы Мікалай Мікалаевіч, яна будзе. Яму, які ўмее вырашаць сур’ёзныя і адказныя пытанні іншых, па сілах вырашыць і свае асабістыя.
Гэтае важна і для інтарэсаў калектыву, раёна, каб малады і перспектыўны кіраўнік застаўся на Талачыншчыне, дзе за непрацяглы перыяд працы заслужыў да сябе павагу і падтрымку людзей.
Віктар БІРУКОЎ.
Хорошая игра,рекомендую ,все равно денег нет.
I у танчыках