У Воўкавічах працягваюцца добрыя справы мясцовых жыхароў па добраўпарадкаванні вёскі
Вясной бягучага года мы расказвалі пра планы жыхароў па добраўпарадкаванні вёскі Воўкавічы. Разам са старэйшынай Ларысай Дзмітрыеўнай Сакалоўскай яны прыводзяць у парадак свой населены пункт. Пры неабходнасці звяртаюцца ў сельвыканкам і райвыканкам.
Гэтымі днямі мы зноў пабывалі ў Воўкавічах і ўбачылі, што праца не прыпыняецца і зараз. З раніцы людзі падышлі да старэйшыны, удакладнілі, што ім рабіць сёння. Фарбавалі агараджэнне мясцовыя дзеці і тыя, хто прыехаў да бабуль з горада. Старанна працавалі Улад і Юлія Анташкевічы, Маргарыта Іванова, Каця Борсук, Кірыл Бельскі, Дзіяна Карповіч. Калі заканчваліся матэрыялы, тут жа звярталіся ў райаграсэрвіс падвезці іх.
На тэрыторыі колішняй школы вясной пасадзілі сад — 49 яблынь і 22 дрэўцы вішань. Гэты дзень стаў сапраўднай падзеяй для вёскі.
Ад імя аднавяскоўцаў старэйшына выказала словы ўдзячнасці старшыні Талачынскага райвыканкама Сяргею Валер’евічу Ягораву за дапамогу ў набыцці саджанцаў. Наступнай восенню яны плануюць дапоўніць сад ягаднымі кустамі, а стадыён перанесці ў іншае месца.
Пры ўездзе ў вёску жыхары сваімі сіламі высеклі кустоўе, убралі смецце. На гэтым месцы плануецца пасадзіць кусты бэзу.
Каля будынка, у якім знаходзяцца комплексны прыёмны пункт, бібліятэка і пошта, ёсць невялікі парк. У ім будуць пастаўлены альтанкі для адпачынку. Кожны вечар у шэсць гадзін аднавяскоўцы збіраюцца, каб абмеркаваць бліжэйшыя планы. Трэба паспець закончыць добраўпарадкаванне цэнтральнай вуліцы, каб было чым сустрэць выхаванцаў школы, якія па традыцыі збяруцца тут летам.
Алена СЕРАДА.